Карабель на Свіслачы

Date 31.12.2023 Man
Comment 584
Карабель на Свіслачы

Вяртаючыся са школы, Міхаська спыніўся каля Пархомчыкавай трубы. Гэтае месца было самым нізкім у вёсцы. І вада з поля звычайна пераўтварала агарод цёткі Соні ў разліванае мора. Летась, калі вясна перайшла ў лета, сюды прыехалі дарожнікі. І праз дарогу паклалі бетонныя трубы. Ды такія вялікія, што праз іх Міхаськаў малодшы брат Янка праходзіў на другі бок дарогі амаль ва ўвесь рост.

На трубы насыпалі гравію, паабяцалі, што праз год-два пакладуць асфальт. Гаспадары абрадаваліся такой рэканструкцыі і чакалі вясну.

Вада з лесу, што віднеўся на ўзгорку, за агародамі, з заснежанага поля неслася з ранейшымі, леташнімі хуткасцямі. А перад агародам Пархомчыкаў крышачку сцішвалася, уваходзіла ў шырокую канаву, якую загадзя пракапалі гаспадары. А потым трапляла ў бетонную трубу.

І ўжо з яе, праз дарогу, вырывалася на волю з ранейшай сілай. Сама прабівала ўласную дарогу на выган, на луг, да ракі. Пасля сляды ад такой работы былі відаць не адзін месяц.

Міхаська ведаў, што са Свіслачы вада бяжыць ў Беразіну. Гэта ўжо – на суседняй Асіповіччыне, куды яны неаднойчы з бацькам ездзілі па баравікі. А пасля вада ляціць стрымгалоў у Днепр, які ўпадае ў Чорнае мора. І раку, і мора хлопчык бачыў толькі на геаграфічнай карце, якая вісела ў адным са школьных кабінетаў. Настаўнік геаграфіі часам называў Днепр глыбокай ракой. Казаў, што так тлумачыцца паходжанне назвы гэтай магутнай воднай артэрыі.

Хлопчык прыгледзеўся і ўбачыў праз плот вялікую трэску. Відаць, недзе ў ручай яшчэ ў лесе патрапіў кавалак сасны разам з карою. Мо дрывасекі не кінулі яго ў вогнішча альбо не забралі разам з нарыхтаванымі ўзімку дрывамі. Не паспеў Міхаська за іншымі развагамі нешта яшчэ падумаць, як з вадою, што ляцела з-пад плоту, трэска патрапіла ў трубу. Хлопчык кінуў партфель на край дарогі і пабег на другі бок. Ледзьве не крыкнуў узрадавана, што паспеў, ухапіўшы з ручая сасновую трэску. Мокрая, набрынялая ад вады, яна ўразіла падлетка моцнай, жывой карою, што прыляпілася да кавалачка дрэва. Хлопчык адразу скеміў, што з такой кары можна будзе выразаць добры караблік. Успомніў, што ў малодшых класах, калі яшчэ вучыліся ў пачатковай школе ў роднай Слабадзе, запускалі штодня па некалькі караблікаў. Узбоч і гэтага, Пархомчыкавага, ручая і каля іншых вясенніх водных шляхоў, малышня бегла да ракі. Калі ўжо ногі правальваліся ў снег і ў боты лілася халодная вада, журботным позіркам праважалі свае караблікі. Жадалі ім вялікага плавання. І марылі, што ўсе дружна пойдуць служыць на флот, стануць маракамі.

Перайшоўшы ў сярэднюю школу, ранейшыя забавы Міхаська пакінуў для малод шых сваіх сяброў. Хаця мара стаць мараком, капітанам ваеннага карабля, яго не пакідала і ў наступныя гады. Нават выразаў з часопіса “Техника – молодежи” выявы і планы розных крэйсераў. Усяго за год іх назбіралася з дзясятак. “Адмірал Ушакоў”, “Міхаіл Кутузаў”, “Аляксандр Сувораў”…

Калі заканчваў рабіць урокі, пераглядаў гэтыя малюнкі, стараўся ў іншых кнігах знайсці нешта новае пра старыя гераічныя караблі Ваенна-Марскога Флоту. І ў вёсцы сваёй ведаў усіх, хто на флоце служыў, і ў Вялікую Айчынную вайну, і ў іншыя гады…

Дома Міхаська паклаў сасновую трэску на ляжанку каля печы. І калі яна падсохла, дастаў сцізорык, акуратна аддзяліў кару. Выразаў канфігурацыю маленькага карабліка. Зверху зрабіў адтуліну. Вычасаў з кавалачка трэскі танюткую палачку. Знайшоў сярод розных матуліных запасаў маленькі шматок чырвонай тканіны. Прычапіў яе на палачку і ўсталяваў на караблік. Атрымаўся сапраўдны парус. Можна было зрабіць яго з белай тканіны, але ж чырвоная будзе відаць здалёку. І нават тады, як з ручая карабель патрапіць у шырокую Свіслач.

З прыўзнятым настроем хлопчык пабег на вуліцу. Сонца сваімі праменьчыкамі захліснула ўсю яшчэ поўную снега прастору. То ў адным, то ў другім баку журчалі, звінелі ручаі. Вясна ўваходзіла ў сваю сілу, набірала моцы. Міхаська пабег на луг, схаваны пад снежным дываном. Месцамі яго прарывалі магутныя, поўныя чысцюткай вады ручаіны. Падабраўшыся да аднаго з іх, хлопчык асцярожна апусціў на ваду свой карабель.

Сасновая трэска закруцілася на хвалі, падскочыла і праз некалькі секунд выраўняла свой кірунак па цячэнні. Наперадзе карабель чакала шырокая і магутная Свіслач. Міхаська спярша подбегам, пасля болей марудна і асцярожна ішоў следам, уздоўж ручая. Пакуль перашкодай не стаў рыхлы снег, пад якім стаілася вада. Карабель з чырвонай мачтай зрабіўся ледзьве не кропачкай і разам з хвалямі ручая паляцеў у рачную прастору. Міхаська, чыё дарослае, а можа быць, і марское жыццё яшчэ было наперадзе, некаторы час узіраўся ў рачны разгон. Свіслач несла свае воды да мора-акіяна. І разам з імі ляцеў у невядомае жыццё Міхасёў караблік.

Алесь Карлюкевіч.

 

Прапануем нашым юным чытачам пазнаёміцца ў сённяшнім выпуску газеты з творамі сучасных беларускіх пісьменнікаў. Добрая звычка чытаць, калі яна пачынаецца з дзяцінства, раскрые ў далейшым перад чалавекам цэлы сусвет. Віншуем нашых дарагіх дзетак з надыходзячымі святамі і жадаем прыемнага падарожжа ў свет казкі.

Источник:
Нашли ошибку? Выделите её и нажмите CTRL + ENTER