Навагодняя казка

Date 31.12.2023 Man
Comment 731
Навагодняя казка

Жыў-быў хлопчык Васілька, і быў у яго сябар — сабачка Тузік. Аднойчы Тузік і гаворыць хлопчыку:

— А давай, Васілька, пагуляем на вуліцы, Новы год на падыходзе, мо ў гурбах снежных пакуляемся-паваляемся, снежкі пакідаем, снежную бабу злепім.

Так-так, Васілька разумеў мову жывёл і птушак, была за ім такая ўласцівасць — разумець і перакладаць пачутае на мову людзей.

Аднойчы Тузік аббрахаў нейкага недарэку, які літаральна поўз-ківаўся дадому з шынка на вачах у дваровай дзятвы. І Васілька дакладна пераклаў маме ўсё, што гаварыў з той нагоды сабака. Аднак мама не паверыла і папярэдзіла, што брыдкасловіць дзецям нельга, гэта прыкмета дурнога выхавання, і варта накруціць хлопчыку вушы. Васілька быў паслухмяным, адразу папрасіў прабачэння ў мамы, і бяда мінула.

Наконт разумення хлопчыкам мовы жывёл — справа зусім няпростая. Напрыклад, вось вы самі падумайце, пра што могуць расказаць жывёлы? Што скажа людзям той самы выкінуты на халодную вуліцу з цёплага жытла кацейка або сабака, у якога шпурнулі каменем ці палкай?

Таму, здаецца, тут сорамна павінна быць не хлопчыку, які ўмеў перакладаць гучныя выразы з мовы жывёлы на мову людзей, а дарослым, якія тых жывёл не шкадуюць. Аднак Васілька, хоць так і думаў, але ўслых не прамовіў, каб залішне не нерваваць матулю. Так і пабег з Тузікам скакаць па снезе, зіме радавацца.

— Пабеглі з горкі коўзацца! — запрасіў чатырохногі сябра.

— Давай! — Васілька і рады таму святу. Коўзаліся з сабакам пасля школы да глыбокага вечара. Штаны парваліся, паліто вымачылася і шалік некуды згубіўся, але Васілька не заўважыў. Узмакрэлы, з воклічамі гойсаў па снезе, а разам з ім і іншыя дзеці з двара, і Тузік не адставаў.

Жывёлы вакол ведалі пра Васількову здольнасць разумець іх мову, таму вырашылі павіншаваць хлопчыка з Новым годам. Тузік падарыў костачку, кацейка Барсік цішком падкінуў у кішэню паліто ўпаляваную мыш, а варона, якая ведала пра ўсё на свеце, закінула за каўнер скрадзеную недзе цукерку ў зыркай бліскучай абгортцы. Карацей, весяліліся, пакуль мама не паклікала хлопчыка дамоў.

Як убачыла мама ўскудлачанага Васілька, упрэлага на марозе, з парванымі штанамі, мокрым паліто і без шаліка, у адной кішэні костка, у другой — мыш дохлая і бліскучы фанцік выпаў аднекуль, так і ўхапілася за сэрца..

— Мама, жывёлы віншавалі мяне з Новым годам! — спяшаўся патлумачыць сын, між іншым, дарослы школьнік ужо, пяты клас.

Расплакалася мама, ці то ад расчуленасці, ці то ад гора. Не, не зразумець дарослым глыбіню талентаў юнага генія, не спасцігнуць. Разумець мову жывёл — тое яшчэ выпрабаванне.

Вядома, мама не паверыла Васільку і ў гэты раз. Спачатку нават хацела насварыцца і паставіць у кут, бо была строгай, старых правілаў жанчынай. Але потым перадумала, бо набліжаўся Новы год, а матуля ўсё ж была добрай і любіла сына.
Хлопчык жа, калі вырас, стаў вучоным біёлагам і аднойчы расказаў мне гэтую захапляльную гісторыю з дзяцінства.

— Праўда, стаўшы дарослым, таксама, як і ўсе вакол, перастаў разумець мову жывёл, — уздыхнуў Васіль Аляксандравіч, між іншым, дацэнт ва ўніверсітэце. — Затое разумеюць мае дзеці і, ведаеш, я ім веру!

Аляксандр БЫЧКОЎСКІ.

 

 

Источник:
Нашли ошибку? Выделите её и нажмите CTRL + ENTER