Вось і надыходзіць Новы год – свята сям’і. Праходзячы каля дзіцячага садка, углядаюся ў вокны, дзе адбываюцца сапраўдныя казкі, зіхацяць рознакаляровыя лямпачкі, намаляваныя на шыбах Дзяды Марозы, як і ў маім дзяцінстве. У іх добрыя твары, мяхі з падарункамі для надыходзячых ранішнікаў і абавязкова – з мандарынамі. Зараз дзеці гэтыя фрукты бачаць цэлы год. А раней мы, і бацькі, сустракалі іх толькі ў навагоднім падарунку. Да свята абавязкова трэба было вывучыць вершык і расказаць яго завітаўшым Дзеду Марозу і Снягурцы, загадаць жаданне і атрымаць з іх рук доўгачаканы падарунак. Якое гэта было хваляванне! У дадатак да падарунка можна было атрымаць яшчэ і нейкую дробязь ці цацку за лепшы святочны касцюм.
Сучасным бацькам не трэба хвалявацца наконт таго, дзе можна купіць гатовы касцюм любога казачнага персанажа. А вось нашым бацькам даводзілася іх рабіць самім з самых неверагодных спадручных матэрыялаў. З намі, хлопчыкамі, было прасцей: для мядзведзяў Мішак патрэбна было карычневае трыко ці шорты і размаляваная маска з кардону. З гэтага ж матэрыялу рабіліся і зайчыкі, з той толькі розніцай, што адзенне павінна было быць белым.
З уборам дзяўчынак было складаней. У ход ішлі самыя неверагодныя матэрыялы: біліся ёлачныя цацкі, выкарыстоўваліся мішура, вата, гірлянды. І праз некалькі дзён з’яўляліся прыгожыя касцюмы прынцэсы, сняжынкі. Гэтая пераднавагодняя мітусня аб’ядноўвала ўсю сям’ю.
А непаўторны пах навагодняй ялінкі! Ён і зараз стаіць у маёй памяці. Гэта быў цэлы сямейны рытуал. Яе падвязвалі вяроўкай. А каб дрэўца прастаяла аж да Старога Новага года і не асыпалася, пад яго ствол ставілася вядро з вадой. А затым пачыналася казачнае дзейства па ўпрыгожванні ёлкі. Адны толькі цацкі былі цудам. Дзяды Марозы, Снягуркі, зайчыкі, мішкі, сабачкі, снегавікі, машынкі, самалёты, касмічныя караблі, шары і гірлянды. Зараз такіх цацак не сустрэнеш ні ў адным магазіне. Хіба што толькі на выстаўках або ў музеі. Іх замяніў бяздушны кітайскі шырспажыў. А навагоднія цацкі тых часоў былі не толькі цікавыя і прыгожыя, але і прапагандавалі дасягненні нашай вялікай дзяржавы – Савецкага Саюза.
Ялінкі на той час упрыгожваліся і самаробнымі цацкамі. Гэты былі звяркі і птушкі, якіх выразалі з кардону, а затым размалёўвалі алоўкамі або фарбамі.
Для мяне самымі чароўнымі навагоднімі цацкамі былі шакаладныя цукеркі, якія таксама вывешваліся на яловыя галінкі. Але былі яны нядоўгавечнымі і ўжо на другі або трэці дзень свята станавіліся больш лёгкімі, бо ўнутранае змесціва цукерак знікала і на галінцы заставалася толькі абгортка-фанцік. І ўжо толькі калі развітваліся з ёлкай, маці здзіўлялася, куды ж падзеліся цукеркі-упрыгожванні і выказвала меркаванне, што іх, відаць, прыхавалі кудысьці снегавікі.
А чаго каштавала матулі прыгатаваць святочны стол, колькі часу траціла на тое, каб на ім абавязкова былі торт, розныя пірожныя і іншыя прысмакі! Рабіла яна гэта заўсёды з радасцю і задавальненнем, бо ведала, што абавязкова парадуе нас, дзяцей.
Хочацца ўзгадаць яшчэ адну тагачасную традыцыю, якая насіла масавы характар. Гэта віншавальныя паштоўкі. Кожная сям’я закупляла іх дзясяткамі і адпраўляла знаёмым і сваякам па ўсёй вялікай краіне. Таму напярэдадні Навагодніх свят пошта працавала з асаблівай нагрузкай. Сёння, у часы інтэрнэту і мабільнай су-вязі, пра гэтую цудоўную традыцыю амаль забылі, шчырыя душэўныя віншаванні ў навагодняй паштоўцы замянілі смскі. А самі паштоўкі, якія выдаваліся мільённымі тыражамі, ператварыліся ў прадмет збірання калекцыянерамі.
Што зробіш, кожны час, кожная эпоха маюць свае адметнасці і каларыт. Як і святы, якія мы адзначаем. Няхай прыносяць яны толькі радасць, шчасце і веру ў лепшае.
З Новым годам, сябры!
Ігар ЖУКОЎСКІ.