Ганна-Марыя-Ева-Апалонія нарадзілася ў Варшаве 26 сакавіка 1779 года ў сям’і графа Людвіка Скумін-Тышкевіча. Маці – княжна Канстанцыя Панятоўская, пляменніца апошняга польскага караля Станіслава-Аўгуста Панятоўскага.
Пасля апошняга падзела Рэчы Паспалітай у 1793 годзе воляй імператрыцы Кацярыны ІІ землі Любашанскага староства (у той час пісалі - Любашаны), у склад якіх уваходзіла Беразіно, былі адпісаны графу Людвіку Скумін-Тышкевічу. Юнай Ганне на той момант было чатырнаццаць гадоў, а Беразіно мелася быць бацькоўскай спадчынай.
27 мая 1805 года ў Вільні Ганна пабралася шлюбам з графам Аляксандрам-Станіславам Патоцкім. У маладым сямействе нарадзіліся трое дзяцей: Аўгуст, Маўрыкій і Наталля. Але, як сведчаць крыніцы, гэты шлюб быў па разліку. Дарэчы, у 1821 годзе муж і жонка разышліся.
Другім мужам Ганны стаў палкоўнік граф Станіслаў Дунін-Вансовіч, які ў 1812 годзе ў чыне лейтэнанта 1-га палка шэвальжэр-пікінёраў Імператарскай гвардыі значыўся перакладчыкам пры паходнай канцылярыі Напалеона. У гэтым шлюбе ў Ганны нарадзілася дачка Мацільда.
* * *
Мемуары графіні Ганны былі выдадзеныя ў 1897 годзе ў Парыжы. Яны адразу прыцягнулі ўвагу ўласнай неадназначнасцю. Графіня распавядае пра Напалеона, цара Аляксандра І, малюе захапляльныя партрэты імператрыцы Марыі-Луізы, маршала Мюрата, вялікага князя Канстанціна, Талейрана і іншых вядомых гістарычных персанажаў. Многія сучаснікі абвінавацілі аўтара ў пляткарстве, але ж гэта быў выключна жаночы погляд на палітыку, на жыццё, на падзеі ў тагачасных уладных колах і асабістае стаўленне да ўласных пачуццяў.
У мемуарах Ганна Патоцкая - звычайная хатняя гаспадыня, вось толькі прыналежная да польскай эліты на хваравітым пераломе эпох. У такім сацыяльным статусе звычайная жанчына-маці можа наглядзецца ўсякага. Вось і Ганна – спачатку рамантычная дзяўчынка, затым шлюб па разліку, халодныя адносіны з мужам, непаразуменні са свекрывёй, роды-хрэсьбіны, свецкія прыёмы-рауты. Яна не пляла палітычных інтрыг, не скаланала царствы, але як кожная полька марыла аб адраджэнні сваёй нядаўна падзеленай радзімы. Ганна была дастаткова прыгожай, каб вабіць увагу мужчын, і дастаткова разумнай, каб іх слухаць і запамінаць. Некалькі разоў сядзела з Напалеонам за абедзенным і картачным сталамі. Сябравала з вядомай мадам Валеўскай, каханкай Напалеона.
Апрача ўсяго, у прыдворных жанчын таго часу існавалі свае цяжкасці. Ганна пісала: “Пасля трох рэверансаў следам была самая цяжкая частка цырымоніі: трэба было, выходзячы з кабінета, зрабіць ізноў тры рэверансы, але не абарочваючыся, а адступаючы да дзвярэй, што было вельмі нялёгка з-за непамерна доўгага прыдворнага шлейфа, які трэба было адкідваць непрыкметным рухам нагі, прычым у гэтым руху міжволі праяўляліся грацыя і вытанчанасць дамы. Я спасцігла гэтую мудрагелістасць не больш чым за тры ўрокі”. Цікавыя заняткі былі ў маладых жанчын той эпохі…
Яшчэ Ганна распавядае пра ўласнае платанічнае каханне да загадкавага графа Ф. Каментатары мемуараў імгненна разгадалі ў таямнічай асобе Шарля де Флао, якога асобныя сучаснікі лічылі пазашлюбным сынам Талейрана. Па словах першага выдаўца мемуараў Казіміра Стрыенскага, рамантычнае сяброўства Ганны і графа Ф. доўжылася ўсё жыццё, і ён быццам бы прысутнічаў на пахаванні графіні.
Першая частка ўспамінаў была перакладзена на польскую мову, а другую частку не перакладалі, бо сучаснікі напісанае палічылі лухтой – так засведчыў гісторык Марыян Брандыс у сваёй кнізе “Пляменнік караля”.
* * *
Што ж датычыцца бярэзінскіх спраў, то ў 1803 годзе па рашэнні графіні Ганны Патоцкай-Вансовіч цалкам абнавілі касцёл Маці Божай Шкаплернай, нанова паставілі сцены і зрабілі ўнутранае аздабленне. У 1844 годзе касцёл быў перабудаваны канчаткова.
Асобныя крыніцы сведчаць, што па ўказу графіні ў 1805 годзе была пабудавана драўляная царква Прэабражэння Гасподня для праваслаўных вернікаў. Аднак дзеля справядлівасці трэба адзначыць, што згодна з іншымі крыніцамі, названая царква ўзведзена на сродкі прыхаджан.
Па распараджэнні графіні ў Беразіно адбылося будаўніцтва сядзібна-паркавага комплексу. З той нагоды ў кнізе Рамана Афтаназі “Польскія сядзібы на крэсах” можна прачытаць: “Прыгожы двухпавярховы дом з цудоўнымі садамі пабудавала каля 1850 года Ганна Патоцкая-Вансовіч з мэтай выкарыстання яго як адной з летніх рэзідэнцый”.
З 1851 года і да самай смерці графіня Ганна Патоцкая-Вансовіч жыла ў Парыжы, яе салон лічыўся самым бліскучым ў часы Другой імперыі.
Адправілася ў лепшы свет графіня 16 жніўня 1867 года ў Парыжы. Народжаная ў бурлівы час, сведка эпахальных падзей у Польшчы і Расіі, яе насычанае падзеямі жыццё, сапраўды, варта мастацкага твора.
Падрыхтаваў Аляксандр БЫЧКОЎСКІ.