Купалле вярнулася да бярэзiнцаў

Date 08.07.2024 Man
Comment 647
Купалле вярнулася да бярэзiнцаў

Вы верыце ў казкі, паданні і чароўнасць? Да гэтага часу яшчэ не? Значыць, вы не хадзілі ў мінулую суботу на свята Купалле, што ладзілася на беразе ракі Бярэзіны і доўгі час забаўляла сваіх гасцей гульнямі, песнямі, сувенірамі, пачастункамі і, безумоўна, чарадзействам. 

Шматлюдны натоўп быў сведкам таго, што ў купальскую ноч цуды, сапраўды, здараюцца і збываюцца. Трэба гэтага толькі вельмі захацець, пажадаць і прыкласці крышачку намаганняў. І вось ён цуд – гатовы.

Вось такім быў самы яскравы, непаўторны і запамінальны момант купальскага абраду. Ужо толькі дзеля аднаго яго свята неабходна было аднавіць у нашым горадзе. І гэта, дарэчы, яшчэ адзін цуд, які адбыўся ў тую ноч. Сапраўды, як інакш можна расцаніць той факт, што пасля больш як дваццацігадовага перапынку любімы многімі з нас абрад ізноў вярнуўся на Бярэзіншчыну. Будзем спадзявацца, што назаўсёды. Надта ж ён прыйшоўся даспадобы ўсім яго гасцям. Але як і ў першым выпадку, без папярэдніх намаганняў і цвёрдага прынятага раённымі ўладамі рашэння «Цуду (святу) быць!», не пабачылі б мы такой чароўнай ночы і не дакрануліся б яшчэ раз да родных беларускіх традыцый і сваіх вытокаў. Так што хопіць, браткі, зайздросціць тым шчасліўчыкам, якія трапляюць на рэспубліканскае Купалле ў Александрыю, будзем і мы адзначаць гэтае традыцыйнае свята!

Менавіта ўсе такія папярэднія захады для таго, каб цуд адбыўся, і зрабіў у тую ноч адзін з гасцей свята Ян Савасцеенка. Папрасіўшы спачатку дазволу ў старшыні райвыканкама Андрэя Сакалоўскага і атрымаўшы на такі рашучы крок яго шчырае блаславанне, юнак у час канцэрта выйшаў на сцэну і гарачымі словамі расказаў пра сваю адзіную, непаўторную каханую дзяўчыну – Лізу Казачонак, а затым пры ўсім натоўпе (зразумела, стаўшы перад ёй на калена!) запытаўся, ці згодна яна стаць  яго жонкай. Канечне ж, адказ аказаўся станоўчым, што выклікала буру эмоцый не толькі ў самога Яна, а і ва ўсіх відавочцаў гэтага сапраўднага цуда. Шмат у яго назваў: каханне, пяшчота, адданасць, шчасце – усё тое, з чаго складаецца наша жыццё. Таму больш тварыце цуды, каб было яно больш чароўным, казачным і радасным. Усё ў вашых руках.

А ўдалося яно на славу. Любы з пабыўшых на ім пацвердзіць правату маім слоў. Сабралася ж у той вечар на беразе Бярэзіны значна больш за тысячу чалавек. Было сярод іх і нямала гасцей Бярэзіншыны. І ні ў аднаго з іх не было незадаволенага твару, панаваў добры прыўзняты настрой. Настрой жа той стварала таксама нямала людзей, якія паклапаціліся пра наш адпачынак і пра тое, каб быў ён вясёлым, паўнацэнным і нават чароўным. І гэта не толькі вядучыя, якія са сцэны расказвалі аб традыцыі адзначаць Купалле і якія цуды і дзівосы дорыць яно, якія абавязковыя атрыбуты ў сябе ўключае.  Гэта і нашы самадзейныя артысты, а таксама запрошаныя спевакі і майстры фаер-шоу, якія ні на мінуту не давалі засумаваць.

А чаго былі вартыя гандлёвыя рады і прысмакі, якія разляталіся там як гарачыя піражкі (а было там усяго, у тым ліку і смачныя бліны, якія ў адной з палатак раздаваліся бясплатна разам са шматтраўным чаем-гарбатай).

Найбольш жа запатрабаванай была палатка, дзе прама на вачах заказчыка вырабляліся, а потым прадаваліся ўсяго па тры рублі чароўныя купальскія вяночкі для дзяўчат. Жадаючыя атрымаць такі сувенір атакоўвалі майстрых аж да той пары, пакуль у тых не закончылася сыравіна. Побач прадаваліся і венікі для лазні. Чароўныя венікі, бо ў іх, акрамя звычайных дубовых ці бярозавых галінак, было ўплецена і шмат зёлак ад розных хвароб. А сабраныя на Купалле, яны набываюць неймаверную сілу і могуць супрацьстаяць не толькі хваробе, а і самому нячысціку. Успомнім, што Купалу нездарма здаўна называюць яшчэ і траўнікам.

Асобна трэба дадаць і той факт, што арганізатары мерапрыемства прадугледзелі і меры захавання бяспекі. Для таго, каб ніводная «гарачая галава», разагрэтая спіртным не наважылася пакупацца ў цемры ночы, уся пляцоўка для адпачынку і падыход да яе былі адгаро-джаны ад ракі спецыяльнай дарожнай сеткай. Тое ж месца, дзе Купалінкі пускалі на ваду свае вяночкі, узмоцненым атрадам ахоўвалі работнікі РАНС і «ОСВОДа». Як вынік – свята прайшло без эксцэсаў і непрадбачаных непрыемнасцей.

Вакальныя нумары на сцэне плаўна чаргаваліся з невялікмі адступленнямі, у час якіх у адпаведнасці з рэгламентам свята то праводзіцца дэфіле Купалінак, то адбываецца традыцыйнае пусканне вяночкаў па плыні ракі, то запальваецца святочнае Купальскае вогнішча, то выпраўляюцца жадаючыя юнакі знайсці сваё шчасце і адшукаць чароўную папараць-кветку. Ніводзін з абавязковых рытуалаў свята не быў забыты.

І кожны з іх падсвядома настройваў кожнага з прысутных на веру ў цуды, на тое, што блізка яны, побач з намі, ад нас саміх жа і залежаць, ад нашага імкнення да лепшага жыцця і шчасця, ад нашых жаданняў, над увасабленнем якіх трэба крышачку пастарацца і прыкласці невялічкія намаганні. І будзе ён, цуд, і з’явяцца ў нашым жыцці радасць і шчасце.

Менавіта іх – шчасця, добрага настрою і дабрабыту – жадаў падчас мерапрыемства старшыня райвыканкама Андрэй Сакалоўскі, які ў такое светлае свята быў разам з бярэзінцамі. Шчырыя падзячныя апладысменты гледачоў за арганізацыю Купалля выклікалі яго словы і з’яўленне на сцэне.

У беларускім народным календары існуе шмат даўніх свят. Многія з іх, напрыклад, Каляды, Масленіца, Траецкі фэст, Дажынкі, з году ў год упрыгожваюць наша жыццё і расфарбоўваюць яго чароўнымі вясёлкамі. Хочацца, каб з’яўляліся яны ў кола нашага побыту часцей і рабілі яго святочным. Яшчэ адзін крок з вяртаннем у каляндар бярэзінцаў абрада Купалля ўжо зроблены.


Водгукі гасцей свята і яго ўдзельнікаў 

Юрый, Ірына і ўнучка Сафія:

– На свяце Купалля мы ўпершыню. Ведаем пра яго і з літаратуры, і з паданняў. Вось і захацелася ўласна далучыцца да яго. Самі мы мінчане, тут гасцюем у сяброў. Яны і расказалі пра маючае адбыцца гулянне. Не ўстаялі, прыехалі. І ніколькі не шкадуем аб сваім рашэнні. Усё арганізавана на самым вышэйшым узроўні, адпачынак паўнацэнны. Ды і шмат цікавай інфармацыі аб Купаллі атрымалі ў ходзе свята. Такім чынам, больш даведаліся і пра народныя традыцыі і звычаі.

 

Ірына РАСТРЭПІНА:

– Калі наступае купальская пара, заўсёды стараюся трапіць на такое чароўнае свята. Пабачыць іх давялося нямала, большай часткай на Барысаўшчыне, дзе зараз пражываю. Ездзілі адзначаць яго таксама ў Мінск, на Нарач. І ўсюды гэта вельмі цікава і захапляльна. На гэты раз вось трапілі ў Беразіно. Ведаем, што свята тут ладзілася і раней, але працяглы час не арганізоўвалася. І вельмі цудоўна, што яго нарэшце аднавілі. Так што ў бярэзінцаў сёння, можна сказаць, двайное свята. Віншую! Спадзяванні на тое, што тут будзе цікава і непаўторна, апраўдаліся больш як на сто працэнтаў.

 

Міхаіл РУДАКОЎ з дачкой Валерыяй:

– Прыехалі сюды з Пагоста ўсёй сям’ёй (гаспадыня-жонка дзесьці «завісла» ў гандлёвых радах, каб нас у чарговы раз чым-небудзь пачаставаць). Калі даведаліся, што адбудзецца Купалле, не змаглі ўседзець дома. Гэта была супернавіна аб тым, што абрад аднавілі. Самі бярэзінскія, і добра памятаем тыя часы, калі на гэтым жа месцы арганізоўваліся гулянні. Дзякуй ініцыятарам і арганізатарам свята за падораную радасць. Ведаем, што ў такую цудоўную ноч тэба загадваць запаветныя жаданні, і мы збіраемся зрабіць гэта, калі запаляць вогнішча. Разам з тым добра ўсведамляем, што жаданні збываюцца і цуды ажыццяўляюцца толькі тады, калі робіш да гэтага канкрэтныя крокі. І мы таксама стаяць на месцы не будзем.

 

Алена АСКЕРКА і Наталля БАСІЧ:

– Гэта маё самае любімае свята яшчэ з маладосці. Тады не толькі ўсёй сям’ёй з дзецьмі прыходзілі на яго, нават госці з Мінска прыязджалі, каб паўдзельнічаць у ім. І які ж быў для нас шок, калі аднойчы адмянілі Купалле – не перадаць. Таму сёння і радасць таксама двайная. Лічу абрад сапраўды самым народным не толькі па свайму паходжанню, а і па тым, наколькі ён папулярны сярод людзей, непрымусовы і чароўны, – расказала Алена.

– Асаблівае свята для нас яшчэ таму, што абедзве мы Іванаўны. А Купалу як завуць? Правільна, Іван. У час ранейшага існавання гуляння я нават удзельнічала ў гэтым абрадзе, і гэта вельмі помніцца. А да сённяшняга вечара мы загадзя рыхтаваліся, сплялі вяночкі, прычым з траў, якія ў гэтую ноч набываюць выключную сілу. Будзем і жаданні загадваць у поўнач. А для таго, каб увесь наступны год быць абаронай боскіх сіл, раніцай абавязкова памыемся расой. Дзякуй, Купалле, за такую чароўную ноч і асаблівае дзякуй тым, хто зрабіў бярэзінцам такі шыкоўны падарунак і вярнуў свята не толькі на нашу зямлю, а і ў нашы душы.

 

Мар’яна ГОЙТАН:

– Мы тут таксама ўсёй сям’ёй – з татам, маці (яна сама бярэзінская, але зараз мы жывём у Мінску) і старэйшай сястрой. На такім свяце я, зразумела, упершыню. Перажываю незвычайныя эмоцыі. Нават не ведаю, як іх можна апісаць словамі. Тут усё такое дзіўнае і казачнае. Адзін толькі касцёр, паглядзіце, які прыкольны! І акрамя яго, таксама шмат цікавага. Так клёва! Я нават вяночак спецыяльна спляла, сястры падарыла. Ці спадабалася? Вельмі-вельмі. І налета буду прасіць бацькоў, каб зноў прывялі сюды. Галоўнае, каб і на наступны год ладзілася гэтае свята.

 

Мікіта ПАХАЛОК (уладальнік папараць-кветкі):

– Зараз, як вы бачыце, я ў вобразе шамана-траўніка. Нават твар размаляваў спецыяльнымі знакамі. Таму, відаць, і не дзіва, што іменна я адшукаў чароўную папараць-кветку. Зрабіць гэта было не вельмі цяжка, бо яна, расцвіўшая, свяцілася. Да таго ж я вялікі аматар прыроды і заўзяты вандроўнік, шмат давялося пахадзіць па лясах і ў час службы ў арміі.

Набытую чароўную сілу патрачу на тое, каб стварыць моцную і дружную сям’ю (ужо ёсць з кім) і стабільную будучыню. Іншых глабальных праблем пакуль што не маю. Вельмі добра, што на Бярэзіншчыне аднавілі гэты абрад. Асабліва радасна гэта для мяне, бо я вельмі захапляюся старажытнай беларускай міфалогіяй і паданнямі. І вось сёння яны ажылі, ператварыліся ў канкрэтныя вобразы, у цэлую цікавую праграму. Што тут яшчэ можна сказаць: я вельмі рады і сваёй знаходцы, і святу.

 

Наталля БАЛОТКІНА (адна з удзельніц дэфіле Купалінак):

– У Беразіно я ўжо шэсць гадоў, працую у райбальніцы. Мне вельмі падабаецца гэты горад. А пасля сённяшняга мерапрыемства палюбіла яго яшчэ больш. Такое свята наладзілі шыкоўнае. Удвая
яно прыемнае, бо давялося пабываць на ім не толькі ў якасці госці, а і ўдзельніцы. Уражанні самыя прыемныя. Пабыць Купалінкай вельмі адказна і прыемна, бо гэтая дзяўчына ўвасабляе сабой сімвал чысціні, дабра, шчасця, верыць у каханне і магічную сілу абрада. Я таксама веру. Таму пакуль раса не з’явілася, звязала гэты чароўны вяночак і веру ў яго сілу. А апоўначы абавязкова аддам яго рачной плыні з самымі патаемнымі жаданнямі і марамі. Веру, што яны абавязкова збудуцца для мяне, Купалінкі.

 

Ян САВАСЦЕЕНКА і Лізавета КАЗАЧОНАК:

– Мы знаёмыя ўжо некалькі гадоў, бо разам вучыліся на адным курсе. Разам і ў Беразіно прыехалі пасля размеркавання. Ліза для мяне – самая лепшая, самая каханая і непаўторная дзяўчына, без якой я не бачу сваёй будучыні і свайго шчасця. Ідэя зрабіць ёй прапанову прама на свяце нарадзілася спантанна. Папрасіў дазволу ўклініцца ў канцэртую праграму ў старшыні райвыканкама Андрэя Сакалоўскага і атрымаў яго згоду. Ужо нават і не памятаю, што гаварыў са сцэны – так хваляваўся. Галоўнае, што Ліза дала згоду!!! І мы нават пад гучныя воклічы “Горка!” цалаваліся з ёй на віду ва ўсіх. Пачуцці не перадаць словамі. Дзякуй Купаллю! Дзякуй Андрэю Валянцінавічу! Дзякуй усім за падтрымку! Было б цудоўна, калі б наш выпадак стаў традыцыйным для наступных падобных святаў. Веру, што Купалле з яго чароўнай сілай будзе аберагаць нашу сям’ю і наша шчасце. Верце і вы ў цуды. Яны абавязкова збываюцца! 

Анатоль ПАЛЫНСКІ.
Фота аўтара і Алены ГРОМАВАЙ.

Источник:
Нашли ошибку? Выделите её и нажмите CTRL + ENTER