Журналістыка – яго прафесія

Date 09.12.2024 Man
Comment 169
Журналістыка – яго прафесія

Наша чарговая сустрэча з Васілём Вараб’ёвым адбылася на яго малой радзіме – у Арэшкавічах падчас правядзення там раённых дажынак.

– Звычайна сюды, дамоў, я прыязджаю тройчы ў год – на Радаўніцу, на дзень святых Пятра і Паўла (у памяць бацькі Пятра) і на Яблычны Спас. А тут у інтэрнэце ўбачыў інфармацыю пра тое, што ў Арэшкавічах пройдуць раённыя дажынкі, і не змог не прыехаць на гэтае шыкоўнае свята. Уражанняў шмат: і ад самога мерапрыемства, і ад таго, наколькі памянялася за апошні час вёска, і ад багацця падворкаў, якія выставілі сапраўды безліч сваёй прадукцыі. Асабліва парадавала тое, што іменна наша сельгаспрадпрыемства стала пераможцам раённага спаборніцтва па выніках жніва. Так што ёсць чым ганарыцца.

Ганарацца і вяскоўцы сваім знакамітым земляком, якога, хоць ён ужо даўно стаў сталічным жыхаром, тут па-ранейшаму лічаць сваім, бо ніколі не парываў ён сувязей з роднымі мясцінамі, не ўзнёсся вышэй неба, а па-ранейшаму застаўся чалавекам шчырым, адкрытым і добразычлівым. Між тым, узнагарод і высокіх тытулаў у Васіля Пятровіча, бадай, хопіць аж на траіх. Але давайце па парадку.

Нарадзіўся Васіль Вараб’ёў 3 студзеня 1957 года. Той факт, што яго бацька Пётр Ігнатавіч выкладаў у школе матэматыку, пэўны час з’яўляўся завучам, а потым і дырэктарам школы, адбілася на тым, што хлапчука цягнула да дакладных навук. Так, у дзявятым класе ён становіцца пераможцам рэспубліканскай алімпіяды па хіміі, а ў дзясятым заняў другое месца ў вобласці па матэматыцы. У цэлым школу ён заканчвае з залатым медалём, што давала шырокія магчымасці рэалізаваць сябе ў выбранай сферы. І такой сферай стала… журналістыка. Перавагу Васіль аддаў менавіта ёй дзякуючы таму, што яшчэ з сёмага класа пачаў суп-рацоўнічаць з раённай газетай “Сцяг Леніна”, і так захапіўся гэтай справай, што яна яго не адпусціла.

Вучобу на журфаку студэнт Вараб’ёў актыўна спалучаў спачатку з работай радыёжурналіста, а потым карэспандэнта газеты вытворчага аб’яднання “Інтэграл”. Пасля заканчэння БДУ застаецца ў яго сценах і ў 22 гады становіцца самым маладзейшым рэдактарам – рэдактарам газеты “Беларускі ўніверсітэт”. З таго ж часу пачынае займацца і выкладчыцкай дзейнасцю па просьбе любімага настаўніка, легенды беларускай журналістыкі Барыса

Стральцова. Выкладчыцкую дзейнасць Васіль Пятровіч працягваў і ў той час, калі з 1987 па 1990 гады працаваў інструктарам Мінскага гаркама партыі, дзе курыраваў сталічныя перыядычныя выданні.

Яшчэ двойчы Васіль Пятровіч атрымліваў тытул “самага маладога”. Першы раз, калі ў 28 гадоў абараніў кандыдацкую дысертацыю і стаў самым юным навукоўцам на факультэце, а ў другі раз – калі ў 1991 годзе стаў самым маладым загадчыкам кафедры тэорыі і практыкі сучаснай журналістыкі БДУ.

Пасля пяцігадовага перапынку, на працягу якога Васіль Вараб’ёў з’яўляўся начальнікам упраўлення інфармацыі Вярхоўнага Савета Рэспублікі Беларусь, ён па паступіўшай прапанове вяртаецца ва ўніверсітэт і становіцца дэканам факультэта журналістыкі. З 1997 па 2005 год двойчы выбіраецца на гэтую пасаду і паспявае за гэты час унесці вялікі ўклад у яго работу, адзначаны як рэфарміст і пачынальнік новых напрамкаў дзейнасці. Так, з 1998 года ўзначальвае створаную ім кафедру сацыялогіі журналістыкі, а ў 2014 годзе становіцца загадчыкам кафедры медыялогіі і вэб-журналістыкі, якая таксама створана па яго ініцыятыве. Названай кафедрай кіруе і зараз, дадаўшы да сваіх рэгалій ганаровае званне прафесара. Акрамя таго, Васіль Пятровіч з’яўляецца аўтарам звыш 150 навуковых работ і падрыхтаваў 7 кандыдатаў навук.

– Адыходзячы год, – гаворыць Васіль Пятровіч, – не толькі запомніцца нам слаўнай датай 80-годдзя вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Такая ж юбілейная лічба і на календары нашага факультэта. За 80 гадоў ён прайшоў слаўны шлях, выпес-таваў шмат журналістаў, многія з якіх паспелі набыць вядомасць. І вельмі прыемна, што да гэтай справы маю дачыненне і я. Сёння прафесія журналіста ізноў набывае сваю выключную актуальнасць і запатрабаванасць у грамадстве на фоне абвастрэння палітычнай сітуацыі. І толькі граматны, адказны работнік сродкаў масавай інфармацыі даносіць людзям сапраўды правільную і аб’ектыўную інфармацыю, нацэльвае на стваральную працу і яднанне грамадства.

Такія творчыя і патрыятычна настроеныя асобы сёння вельмі патрэбны. Да таго ж, журналістыка дазваляе заўсёды знаходзіцца ў гушчыні жыцця, знайсці сваё месца не толькі ў друкаваных СМІ, а і на тэлебачанні, радыё, у электронных сродках. Для мяне журфак за гады жыцця стаў другім родным домам і я з задавальненнем запрашаю сваіх землякоў наведаць яго, каб атрымаць тут дастойную пуцёўку ў прафесію.

Пры ўсёй прыемнай лёгкасці ў час гутаркі з Васілём Вараб’ёвым адчуваеш, які багаты досвед ён мае, з якой сур’ёзнасцю і ўнутранай сканцэнтраванасцю, перажываннем адносіцца да рэчаіснасці, хвалюючых праблем грамадства. А вось чаго няма ў яго, дык гэта раўнадушша і абыякавасці – тых якасцей, якія вартыя для пераймання тым, хто баіцца або лянуецца з поўнай аддачай займацца сваёй справай.

Анатоль ПАЛЫНСКІ.
Фота з адкрытых крыніц.

Источник:
Нашли ошибку? Выделите её и нажмите CTRL + ENTER