Казка пра чароўнага майстра

Date 05.01.2025 Man
Comment 52
Казка пра чароўнага майстра

У адным горадзе жылі-былі разумныя людзі. Розуму мелася ў іх незлічона, хоць адбаўляй, часам нават і не было куды дзяваць. Адна бяда: усе былі непрыгожымі, нейкімі крывымі ды перакошанымі, і з твару дужа жахлівымі, але гэта мабыць з-за вельмі сур’ёзных роздумаў, у якія тыя людзі паглыбляліся з-за вялікага розуму. Карацей, разумнымі ды сур’ёзнымі былі настолькі, што і жартаваць развучыліся, не было месца гумару ў іхнім жыцці.

Аднаго часу прыбіўся да іх майстар-галавапёк. Паглядзеў наўкола на непрыгожых, скрыўленых ды перакошаных, далоні пацёр адна аб другую. “Я вас усіх прыгожымі параблю”, - сказаў тым людзям. – “Раздолле мне тут у вас, ёсць дзе разгуляцца”.

Падумалі людзі, паразважалі і вырашылі агулам: “Прыгожымі ніколі не былі, трэба паспрабаваць!” і выстраіліся ў чаргу да дзіўнага майстра.

Майстар-галавапёк жа кожнаму галаву чароўнай глінай абмазвае і ў печы запякае, потым гліну адаб’е, вадою адліе – і не пазнаць чалавека, хоць на подыум, ці на конкурс прыгажосці. Праўда, майстар таямніцу затаіў вельмі істотную: у тых, хто прыгажунамі рабіліся, ён употай розум забіраў. Людзі ж таго не ведалі, і чарга жадаючых папрыгажэць не менела, пакуль апошні крывабокі страхалюд не патрапіў галавою ў печ у майстэрні дабрадзея. Неўзабаве горад напоўніўся прыгожымі людзьмі: жанчыны мелі вусны распухлыя, валасы выпрамленыя, пазногці з манікюрам і вейкі штучныя; мужчыны валасы фарбавалі, гадавалі бароды і прытым рабілі касметычныя маскі… І зрабілася наўкола каралеўства ботаксу і сілікону, край дыет, тату-салонаў і нечуванай раней трасцы. Забыліся, што зусім нядаўна ракеты ў космас адпраўлялі, зямныя нетры свідравалі, унутр атама заглядвалі. Ды і каму тое стала патрэбным, калі ўсе раптам падурнелі. Майстар-галавапёк розум жа ва ўсіх употай забраў. Пакуль іржавелі касмічныя ракеты, веліч былой эпохі, прагажуны і прыгажуні хваліліся ўласнай непаўторнасцю, інстаграмы ды цік-ток той з’яве сведка.

Стрэліла аднойчы думка некаму: а калі мы пастарэем, што тады? І вырашылі дурні спыніць час, каб прыгажосць іх навекі засталася. Прымацавалі вяроўкі і ланцугі да стрэлак самага вялікага гадзінніка на гарадской плошчы, і згаварыліся па чарзе трымаць тыя стрэлкі, каб час спыніць. Маўляў, калі стрэлкі не будуць кружаліць, то і час застыне на месцы. Дзяжураць брыгадамі каля гадзінніка дзень і ноч, каб час не ішоў, трымаюць стрэлкі. Так мінуў год, і два, і пяць, і невядома колькі яшчэ. Дурні і не заўважылі, як пасівелі, як твары маршчынамі пакрыліся, як паўсыхалі ды выпетрыліся мускулы ва ўсіх, як неўпрыкмет і нечакана старасць усё ж спасцігла. А як толькі дурні зразумелі, што час і не збіраўся спыняцца нягледзячы на ўсе іх намаганні, адразу ж паразумнелі, розум вярнуўся да ўсіх. Праўда, ад былой прыгажосці і намёку не засталося.

Рушылі ўсе гамузам да майстра-галавапёка, праўда, на гэты раз не за прыгажосцю ў чаргу выстраіцца, а каб строгі допыт учыніць, а таго ўжо і след прастыў. Мабыць, падаўся ў свет недзе яшчэ разумнікаў шукаць. Пагаравалі людзі ды пачалі ізноў ракеты ў космас будаваць, зямныя нетры свідраваць ды ў глыбіні атама заглядваць. А чароўная ж гліна, як паказаў лабараторны аналіз, аказалася звычайным брудам, якога можна поўна знайсці ў кароўніках.

Супрацоўнік раённай газеты “Бярэзінская панарама”,

піша фэнтэзі і казкі, а часам і трагікамічныя дэтэктывы.

Член Саюза пісьменнікаў Беларусі Аляксандр Бычкоўскі

Источник:
Нашли ошибку? Выделите её и нажмите CTRL + ENTER