– З дрэнным настроем за работу не сядзеш, - гаворыць Аксана Мікалаўена. - А калі штосьці не так, ткацтва збірае думкі ў кучку, заспакойвае. Што да матэрыялу, выкарыстоўваем толькі чыста шарсцяныя ніткі ці баваўняныя. З сінтэтычных не атрымаецца, бо яны цягнуцца і пояс не будзе мець добрага выгляду – гэта з аднаго боку, а з іншага – пояс здаўна для беларусаў з’яўляецца сакральнай рэччу, таму матэрыял для яго вырабу падбіраецца грунтоўна, як і колер нітак. Што да бярэзінскіх паясоў, дык яны даволі простыя, але работы патрабуюць, як і самыя каштоўныя.
Калісьці гэта была нялёгкая праца, якая з цягам часу ператварылася ў народнае мастацтва. Ткацтва паясоў узнікла як неабходнасць, яны былі не проста важным элементам адзення, але і аберагальнікам, які абараняў ад цёмных сіл і хвароб.
На людзі можна было выйсці без шапкі або без абутку, але толькі не без пояса. Між іншым, пояс мог расказаць пра яго ўладальніка. Напрыклад, заможныя людзі насілі дарагія паясы з шоўку ды золата, простыя людзі – з шэрсці і лёну, незамужнія дзяўчаты падпярэзваліся тоненькімі паяскамі, на вяселлях па паясах пазнавалі сватоў, асаблівы пояс “спавівач” ткалі для нованароджаных…
Нямала цярпення і майстэрства патрэбна, каб авалодаць законамі і рознымі тэхнікамі ткацтва паясоў. А.М. Цісецкая ўсе яго таямніцы засвойвала з задавальненнем і адразу палюбіла. Хаця… Нарадзілася на Далёкім Усходзе, ды і з беларускім народным рамяством адразу нічога агульнага не мела. Школу заканчвала ў Чэрвеньскім раёне, куды пераехала іх сям’я з Расійскай Федэрацыі, пасля жыццё звязала з гандлем, працавала страхавым агентам. Выйшла замуж і пераехала ў вёску Чыжаха, адкуль і пацягнулася тая самая нітачка майстэрства ткацтва паясоў. Да гэтага толькі вышывала крыжыкам, пераняла гэта рукадзелле ад матулі, ды вязала кручком. А потым… лёс звязаў са сферай культуры. Паколькі Аксана Мікалаеўна мае атэстат Смілавіцкай музычнай школы, тагачасная загадчыца Чыжахскага сельскага клуба-бібліятэкі прапанавала пасаду культарганізатара. Згадзілася, адначасова набывала новую прафесію.
– Паступалі разам з дачкой, - гаворыць жанчына. – Яна – у інстытут Сахарава, я – у Магілёўскі каледж мастацтваў. Вучыцца было цікава, да таго ж менавіта ў каледжы вылечыла сваю “хваробу” боязі сцэны.
З цягам часу сама стала загадваць установай культуры, атрымала нямала ўрокаў і знайшла новыя захапленні, галоўнае з якіх зараз – ткацтва паясоў, на што натхніла ў той час кіраўнік раённага клуба майстроў Г.А. Ждановіч. Нельга сказаць, што адразу ўсё атрымалася, разам з калегай Кацярынай Уладзіміраўнай Карканіца вучыліся ткацтву з розных крыніц – ад іншых майстроў і з інтэрнэту, па кнігах, у час сустрэч на розных выставах. Спрабавалі розныя тэхнікі і прылады, пакуль не знайшлі свае.
– Асабіста я люблю ткаць на дашчэчках, - дзеліцца ўласнымі сакрэтамі Аксана Мікалаеўна. – Спрабавала выкарыстоўваць бёрдзечка, але гэта не маё. А дашчэчкі, іх патрэбна не менш за 20, робім самі, у апошні час стала модна выкарыстоўваць пластыкавыя карткі. Узоры прыдумваю або падглядваю ў інтэрнэце, падбіраю ніткі. Патрэбна быць вельмі ўважлівым з самага пачатку, падчас запраўкі, калі хоць крыху памыліўся – работа не пойдзе, ды і падчас ткацтва неабходна ўвесь час адсочваць узор.
У Аксаны Мікалаеўны работа ідзе заўсёды, бо бярэцца за яе сур’ёзна падрыхтаванай і, галоўнае, з любоўю. А калі дадаць творчы падыход, эмоцыі – атрымліваецца сапраўдны шэдэўр. Колькі такіх шэдэўраў стварыла, цяжка падлічыць. Праўда, часу не заўсёды хапае, у загадчыцы сельскага клуба-бібліятэкі шмат іншых спраў, але…
– Пачынаючы з 2010 года разам з Кацярынай Уладзіміраўнай не менш за тры сотні паясоў саткалі, - расказвае майстрыха. – Большую частку, вядома, калега, але і на маім рахунку не менш за сто вырабаў. Нямала паясоў захоўваецца ў нас у клубе. А колькі падарылі, прадалі!
Як кажуць, “з малатка” пайшоў і самы першы ўласнаручна сатканы пояс. Тады яшчэ толькі вучылася, для ткацтва выкарыстала жоўтыя, чорныя, карычневыя ніткі. Пэўны час пояс захоўвала, як сімвал пачатку захаплення цудоўным светам народнага мастацтва. А неяк узяла яго на выставу на “Славянскі базар” у Віцебску. І… адразу знайшоўся пакупнік, на набыцці менавіта гэтага пояса настаяў малады хлопец.
Радуе А.М. Цісецкую, што моладзь не праходзіць міма. І не проста глядзіць або купляе, часта просяць паказаць, як ткуцца паясы. Ні адна выстава, фестываль або іншае мерапрыемства не абыходзяцца без майстар-класаў, у тым ліку для замежных гасцей.
– Вядома, вось так з наскоку навучыцца ткаць паясы немагчыма, - гаворыць Аксана Мікалаеўна. – Гэта толькі з першага погляду здаецца, што ўсё проста. На самой справе неабходна ўмець правільна заправіць, навучыцца круціць дашчэчкі, да таго ж патрэбен не адзін дзень трэніроўкі… А калі ўжо пачынаеш працаваць, узнікае азарт – карціць як мага хутчэй закончыць, каб пабачыць, які пояс атрымаўся. У кожнага майстра свой почырк, таму нават аднолькавы ўзор выглядае па-рознаму.
Ледзь толькі выдасца больш-менш вольная хвіліна, Аксана Цісецкая бярэцца за ткацтва. На розных мерапрыемствах таксама не проста паказвае свае вырабы, а прэзентуе ўменне і талент.
Дзе толькі ні пабачылі бярэзінскія паясы і рукі майстрых у рабоце! “Славянскі базар” і “Александрыя збірае сяброў”, Нацыянальны фестываль у Маладзечне, “Дажынкі” ўсіх узроўняў, рэспубліканскі фестываль народна-мастацкіх рамёстваў “Вясновы букет”, выстава дасягненняў “Мая Беларусь” у БелЭкспа, шматлікія рэгіянальныя святы-конкурсы і выставы.
– Едзем усюды, куды запрашае загадчык раённага цэнтра рамёстваў Іна Валянцінаўна Хвашчэўская, - адзначае Аксана Мікалаеўна. – Гэта заўсёды цікава, ды і пазнавальна. Паказваем, на што здольныя мы і наш Народны калектыў народных майстроў, знаёмімся з аднадумцамі і вучымся чаму-небудзь новаму.
З сівой даўніны бярэ пачатак ткацтва паясоў і, нягледзячы на знікненне бытавой неабходнасці, з цягам часу не згубілася. Бо падтрымліваюць яго не проста аматары, а сапраўдныя ўмельцы сваёй справы, якія захоўваюць традыцыі і, нават, адаптуюць да сучаснасці. Не так даўно Аксана Цісецкая з ільняных нітак пачала ткаць сумачкі для мабільных тэлефонаў, якія таксама прыцягваюць увагу. Што ўжо гаварыць пра паясы, якія заўсёды ідуць “на ўра”. І тут да ўласнага захаплення дадаецца запатрабаванасць ад людзей. А гэта, у сваю чаргу, дае сілы і натхненне на далейшую работу.
Ала АЛЬФЕР.
Фота з сямейнага архіва гераіні.