На ім каманду Бярэзіншчыны прадстаўлялі 13 лепшых школьнікаў, якія па выніках раённых алімпіяд змаглі выйсці на больш высокі ўзровень. “Чортаў тузін” аказаўся нястрашнай лічбай для нашай дзятвы: са складаных выпрабаванняў яны прывезлі 1 дыплом ІІ ступені, 5 дыпломаў ІІІ ступені і 1 пахвальны водгук. Радуе, што гэта на два дыпломы больш, чым летась.
Як падкрэсліла намеснік начальніка ўпраўлення па адукацыі, спорце і турызме Ала Петруковіч, дасягнуты поспех стаў магчымым у выніку зладжанай работы трох складальнікаў: перш-наперш, нястомнай працы саміх школьнікаў, іх захапленнем выбраным прадметам, па-другое, вялікага педагагічнага майстэрства настаўнікаў, якія змаглі раскрыць талент сваіх гадаванцаў, і, па-трэцяе, бацькоў, без актыўнай падтрымкі якіх і ўнікнення ў важнасць самазацвярджэння
іх дзяцей поспеху таксама не было б.
Хто ж прадстаўляў зборную Бярэзіншчыны на трэцім этапе прадметай алімпіяды?
У саставе каманды
Адзіным прадстаўніком сельскіх навучальных устаноў стаў вучань Пагосцкай сярэдняй школы 10-класнік Валерый Шэмет (педагог Надзея Новікава). Выбраным ім для паглыбленага вывучэння прадметам стала беларуская мова – дысцыпліна, якая апошнім часам набывае ўсё большую папулярнасць і веды па якой на Бярэзіншчыне дзеці атрымліваюць грунтоўныя.
Па даволі рэдкім прадмеце, астраноміі, свае веды вырашыла прадэманстраваць вучаніца 10 класа гімназіі Дар’я Карпейчык (выкладае гэты прадмет Ганна Ізмер). Між тым, дысцыпліну школьнікі вывучаюць толькі ў 11-м класе. Такім чынам, набытыя Дар’яй веды аказаліся самастойнымі, што робіць іх удвая больш каштоўнымі.
Прадмет “працоўнае навучанне” таксама не ў ліку самых папулярных сярод школьнікаў, якія выпраўляюцца на алімпіяду. Але менавіта ён стаў “каньком” для вучня СШ №2 Станіслава Цэдрыка. Добра вядома, што адбор па гэтай дысцыпліне заўсёды вельмі строгі, і нашы вучні не кожны раз маглі прайсці яго. Тое, што Станіслаў здолеў зрабіць гэта, вялікая заслуга як самога хлопчыка, так і яго настаўніка Мікалая Дубовіка.
Зусім няпростай навукай з’яўляецца і хімія. Тым не менш, вучаніца СШ №2 Кацярына Губчэўская рызыкнула паспрачацца за званне лепшай знаўцы гэтага прадмета. Колькі да пачатку алімпіяды яна разам са сваім настаўнікам Аленай Рыжэўскай правялі доследаў – не пералічыць, колькі дадатковых ведаў было атрымана.
Яшчэ адным прадстаўніком СШ №2 стала Юлія Дарожка. Здавалася б, і ведаў у дзяўчынкі хапала, і ўпэўненасці ў сабе, ды і сумесная работа з настаўніцай Людмілай Макарэвіч вялася не адзін дзень. Тым не менш, жаданага выніку Юлія не дасягнула. Але налета яна абавязкова збіраецца ўзяць рэванш і ў алімпіядзе па геаграфіі ўсё ж атрымаць запаветны дыплом.
Самы юны дэбютант
Асобная гаворка яшчэ пра аднаго сёлетняга дэбютанта трэцяга этапу алімпіяд – вучня сёмага класа гімназіі Леаніда Трухана. Нягледзячы на свой юны ўзрост, ён на роўных змагаўся за прызавое месца не з аднагодкамі, а навучэнцамі адзінаццатых класаў. Пагадзіцеся, гэта зусім няпроста, у тым ліку і ў маральным плане. Самай драбніцы не хапіла Леаніду да заслужанай узнагароды. Але ён не лічыць сябе прайграўшым, бо зроблены першы крок на падобнага ўзроўню спаборніцтвах стане для яго добрай стартавай пляцоўкай для новых выпрабаванняў і (у чым ён не сумняваецца) перамог.
Прыкладам для Леаніда ў некаторай ступені служыць яго сябар, з якім яны нярэдка разам рашаюць складаныя задачы па інфарматыцы, Васіль Папруга. Ён – старэйшы толькі на год, васьмікласнік. Сёлета ў алімпіядзе па інфарматыцы ўдзельнічаў ўжо другі раз. І нягледзячы на розніцу ва ўзросце з асноўным касцяком змагароў за перамогу, здолеў заваяваць пахвальны водгук. Наперадзе ў яго таксама не адзін шанц дасягнуць больш высокага выніку, і Васіль не ўпусціць яго, у гэтым сумнявацца не даводзіцца.
Як бачым, у каманды Бярэзіншчыны па інфарматыцы падрастае годная змена. Гэта – вынік мэтанакіраванай і пастаяннай работы педагога дадатковай адукацыі інтэлектуальнага цэнтра Ігара Чарнушэвіча. Колькі прызёраў і пераможцаў алімпіяд самых розных узроўняў падрыхтаваў ён за час сваёй работы! Ён віртуозна ўмее раскрыць талент кожнага дзіцяці, захапіць сваім прадметам і давесці веды кожнага да дасканаласці.
Нашы дыпламанты
Акрамя названых хлопчыкаў, у зборную Бярэзіншчыны па інфарматыцы ўвайшлі і такія гадаванцы І. Чарнушэвіча, як Аляксей Бурымскі і Арцём Ізмер з гімназіі, а таксама Мікіта Радкевіч з СШ №2. Арцём і Мікіта вярнуліся з алімпіяды з дыпломамі ІІІ ступені, у Аляксея – дыплом ІІ ступені. Зараз юнак рыхтуецца да ўдзелу ў заключным чацвёртым этапе рэспубліканскай алімпіяды. Зразумела, што наперадзе яго чакае шмат няпростых выпрабаванняў і вялікай канкурэнцыі, бо спаборнічаць яму давядзецца з лепшымі інфарматыкамі ўсёй краіны.
Поплеч з інфарматыкай ідзе такая няпростая навука, як матэматыка. Аказалася, што яна пасільная не толькі для моцнай паловы чалавецтва. Не горш разбіраюцца ў ёй і дзяўчаты, што прадэманстраваў тандэм гімназістаў у складзе Анастасіі Красоўскай і Андрэя Чалея (настаўніца Валянціна Дамашэвіч). Абодва вярнуліся з выпрабаванняў з дыпломамі ІІІ ступені, што не можа не радаваць.
Яшчэ адной “зорачкай” сёлетняй алімпіяды стала навучэнка Наталлі Скуратовіч, вучаніца СШ №3 Арына Герасімовіч. Яе глыбокія веды і напружаную працу пад кіраўніцвам вопытнага педагога (на яе рахунку і раней адзначаліся паспяховыя выступленні школьнікаў) па вывучэнні геаграфіі ацанілі дыпломам ІІІ ступені.
Вынікі трэцяга этапу рэспубліканскай алімпіяды сведчаць не толькі аб добрай падрыхтоўцы нашых школьнікаў да такіх складаных выпрабаванняў, але і аб тым, што ў многіх з тых, хто сёлета ўпершыню паспрабаваў свае сілы ў авалоданні вяршынь асобных дысцыплін і атрымаў адпаведныя навыкі барацьбы, ёсць істотныя шанцы ў наступным навучальным годзе палепшыць свае вынікі і больш грунтоўна папоўніць раённую капілку перамог.
Анатоль ПАЛЫНСКІ.
Фота аўтара.