Студатрады запрашаюць на падпрацоўку

Date 05.04.2022 Man
Comment 1201
Студатрады запрашаюць на падпрацоўку

Хутка лета. У старэйшых школьнікаў і студэнтаў намячаецца ў перспектыве магчымасць падзарабіць, якую не першы год запар арганізоўвае БРСМ. 

– Паўдзельнічаць у студатрадзе – гэта добрая магчымасць знайсці годны занятак у летнюю пару, – расказвае першы сакратар Бярэзінскага райкама БРСМ Кацярына Аўрамчык. – Кожнае лета нашы дзеці і маладыя людзі ўладкоўваюцца на пэўны перыяд у арганізацыі і прадпрыемствы Бярэзіншчыны. З 1 студзеня райкам маладзёжнай арганізацыі збірае звесткі аб тым, якія віды работ могуць прадаставіць разнастайныя мясцовыя структуры, а з 1 красавіка пачаўся прыём заявак ад жадаючых папрацаваць у студатрадах. Узрост нашых кандыдатаў ад 14 да 31 года.

Удзел у студатрадзе зручны тым, што паўналетнія людзі могуць тут папрацаваць у час водпуску на асноўным месцы работы. Для непаўналетніх жа гэта выдатная магчымасць пакаштаваць дарослага жыцця, папрацаваць, атрымаць зарплату, адчуць тое, што выпадае на долю самастойнага чалавека, напрыклад, адказнасць за сваю працу.

Усё афіцыйна

– Арганізацыі ахвотна ідуць насустрач нашай моладзі. Справа ў тым, што лета зазвычай пара адпачынкаў у адных калектывах і перыяд напружанай працы ў другіх. Таму ўзнікае неабходнасць у дадатковых рабочых руках. Напрыклад, з задавальненнем прымаюць нашых “бэрэсэмаўцаў” у ЖКГ, Бярэзінскім філіяле Мінскага абласнога спажыўтаварыства, “Истоке”, лясгасе, ААТ “Пагосцкі”, ААТ “Брадзец”, “АграМаз” (Любушаны), “Здравушка-агра” (Паплавы), дзіцячым аздараўленчым лагеры “Папараць-кветка”. Гаспадарка “Брадзец” летась брала 8 чалавек ад нас, а сёлета там гатовы прыняць 10. Лясгас заўсёды прымае атрад у 10 чалавек.

Паміж БРСМ і кожнай арганізацыяй падпісваецца дагавор, усё афіцыйна афармляецца. З удзельнікам студатрада таксама падпісваецца асабісты дагавор. Пры жаданні студатрадаўцу могуць выпісаць працоўную кніжку, а калі чалавек паўналетні, то ёсць шанц застацца ў той арганізацыі на пастаянную работу.

Чым займаюцца?

– Гэта лёгкія віды работ. Напрыклад, у ЖКГ і райспажыў-таварыстве на першым месцы – уборка тэрыторый, падмятанне плошчаў, пабелка бардзюраў.

У “Здравушка-Агра” і “АграМАЗ” – праца на зернетаку. У лясгасе актуальна праца лесаводаў, моладзь задзейнічана на праполцы туй і елак.

Справа ў тым, што для непаўналетніх маюцца пэўныя абмежаванні, прадугледжаныя правіламі аховы працы, выкананне якіх штогадова правяраецца і кантралюецца адпаведнымі структурамі. Згодна з правіламі, школьнікі маюць права падымаць цяжкасці вагой толькі да 5 кілаграмаў.

А вось у дзіцячы лагер “Папараць-кветка” прымаюць важатых. Праўда, сюды можна ўладкавацца толькі пасля 18-гадовага ўзросту, бо работа з дзецьмі прадугледжвае шмат адказнасці. Дарэчы, тут працаваць ўжо выказала жаданне 6 чалавек.

Нормы і адказнасць

– Перыяд працы студатрада абмежаваны 10 днямі, з якіх працоўных – 7. Гэта мінімальны тэрмін. Пасля яго заканчэння арганізацыя мае права прапанаваць прадоўжыць і заключыць дадатковае пагадненне яшчэ на 10 дзён. Кожнае прадпрыемства само вырашае працягласць тэрміну працы студатрада. Заўсёды радуе ў гэтым плане “Исток”, летась наша моладзь працавала там на працягу 2 месяцаў. Што датычыцца працоўнага дня, школьнікі ўзростам ад 14 да 16 гадоў працуюць з раніцы і да абеда. Людзі, узростам ад 16 і вышэй, задзейнічаны на ўвесь працоўны дзень.

Хацелася б трошкі спыніцца на пытаннях працоўнай дысцыпліны. Напрыклад, у лясгасе трэба выконваць даведзеную норму, але некаторыя гэтага не разумеюць, думаюць, што прыйшлі, адсядзелі час і пайшлі. А па выніках працы і адпаведная зарплата, бо на вытворчасці трэба даваць план. Што датычыцца заробкаў, то яны неблагія. Калі ты школьнік і працуеш да абеда, лічу, гэта вельмі добрыя лічбы.

Магчымасць загартавацца

– Мяркую, удзел у студатрадзе загартоўвае чалавека, дазваляе ацаніць свае сілы і магчымасці. Здараецца, што малады чалавек папрацуе некалькі дзён і далей адмаўляецца, бо не можа па нейкіх прычынах. Быў выпадак, калі дзіця папрацавала наогул адзін дзень, а потым расчаравалася, зрабіла выснову, што фізічная праца гэта ўсё ж не яго “канёк”, жартаўліва кажучы. Ніхто не няволіць, гвалтоўна не прымушае працаваць, бо іншых жадаючых процьма. Тут больш залежыць ад выхавання. Бывае, школьнік параніць палец і для яго гэта выглядае катастрофай. Але такіх мала, бо ў асноўным у студатрад прыходзяць мэтанакіравана – каб папрацаваць. У асобных выпадках мы пераконваем моладзь менавіта такім чынам спазнаць жыццё цераз працу. Ёсць і такія, хто гэта разумее, і хоча. А ёсць і тыя, што ўжо з першых дзён пішуць адмову.

Жадаючых шмат

– На дадзены момант ужо 107 чалавек выказалі жаданне папрацаваць летам і гэтая колькасць далёка не канчатковая. Інфармацыя пра дзейнасць студатрадаў даводзіцца да школ, праводзяцца гутаркі з вучнямі і настаўнікамі. Адзначу асаблівую актыўнасць моладзі ў гімназіі.

Шмат маладых людзей удзельнічаюць у студатрадах з году ў год. Бывае, людзі працуюць у некалькіх студатрадах, калі іх дзейнасць не перасякаецца ў тэрмінах.

Умовы аховы працы не дазваляюць нам браць меншых па ўзросце. Да таго ж на справе працадаўцы ахвотней ідуць насустрач, калі ў студатрадаўцаў маюцца спецыяльнасці, вопыт і кваліфікацыя. Але практыка паказвае, работа знойдзецца для ўсіх. Праблема можа быць толькі са станам здароўя кандыдата. Летась было 163 заяўкі, але прынялі толькі 107, астатнія былі адхілены па медыцынскіх паказчыках, не прайшлі медкамісію. У некаторых дзяцей з прычыны пераходнага ўзросту скача артэрыяльны ціск, у кагосьці маюцца прыкметы скаліёзу. Такія кандыдатуры адразу знімаюцца. Асабліва жорсткія патрабаванні ў гэтым плане ў лясгасе – па зразумелых прычынах.

Запрашаем!

– Каб патрапіць у студатрад, трэба толькі адно – звярнуцца ў райкам БРСМ. Дарэчы, для непаўналетніх уладкавацца летам на працу праз нашу маладзёжную арганізацыю – гэта адзіная магчымасць, бо непаўналетніх на работу не бяруць. І мы з гатовы 100-працэнтна працаўладкаваць людзей ад18 да 31 года.

Званіце 6-90-43.

Аляксандр БЫЧКОЎСКІ.
Фота аўтара.

 

Источник:
Нашли ошибку? Выделите её и нажмите CTRL + ENTER