- Нядаўна наша ўстанова атрымала STEM-клас, - расказвае дырэктар установы Наталля Бурцава,- тут, на першы погляд, нічога такога няма - звычайны камп’ютарны клас з мультыбордам, мноства цікавых скрынь, але менавіта ён закліканы нацэліць школьнікаў на мазгавы штурм без абмежаванняў і адкрыць другое доўгачаканае дыханне педагогам у нялёгкай справе навучання і выхавання дзяцей.
Што ж такое STEM?
Абрэвіятура STЕM расшыфроўваецца як «sсіеnсе, tесhnоlоgу, еngіnееrіng і mаthеmаtісs» – «прыродазнаўчыя навукі, тэхналогіі, інжынерная справа і матэматыка».
Таму сёння ва ўсім свеце расце армія прыхільнікаў пераходу ад STЕM-адукацыі да STЕАM-адукацыі. У краінах, дзе развіваюць высокатэхна-лагічную вытворчасць, STЕАM-адукацыя становіцца прыярытэтнай.
У абрэвіятуры STЕM на першым месцы стаіць літара «S» — sсіеnсе, навука. Таму галоўны акцэнт сёння робіцца ўсё ж такі на інжынерыю і робататэхніку. У дзіцячым садку і пачатковай школе ўпор робіцца на даследаванні — асваенне паняццяў, звязаных з навуковай і даследчай дзейнасцю, і непасрэдна на даследчую дзейнасць у малых групах, дзе галоўнае — не запамінанне, а разуменне працэсу ці з'явы. Дзецям прасцей запомніць тое, чаму яны навучыліся, калі яны ўцягнуты ў працэс, а не з'яўляюцца пасіўнымі назіральнікамі.
У сярэдняй школе сур'ёзная ўвага надаецца падрыхтоўцы дзяцей да выканання практычных праектаў. А ў старэйшай – ядром навучання становіцца практычная праектная дзейнасць, якая прадугледжвае ўключэнне дзяцей у вучэбныя, даследчыя ці прафесійныя праекты.
— Я, як гуманітарый, лічу, што STЕM — выдатны інструмент развіцця ў дзяцей дапытлівасці: гэта тое, што рухае чалавекам у жыцці, — дадае Наталля Валянцінаўна. — А калі яе «забіць» яшчэ ў раннім узросце, то пазней атрыманне ведаў ператвараецца ў прафанацыю, мы атрымліваем дыплом дзеля дыплома. Да таго ж STЕM мае на ўвазе высокі ўзровень камунікацыі. У настаўніка значна менш праблем з паводзінамі ў класе, калі ўсе вучні нацэлены на сумесны вынік. Ёсць глабальная праблема, якая робіць школьнікаў вельмі важнымі ў нейкі канкрэтны момант. Таму STЕM — гэта і культура стасункаў, і групавая адказнасць, і ўменне дэлегаваць задачы іншым, яна рэальна адкрывае вялікія перспектывы для рэалізацыі сацыяльна значных праектаў.
STЕM-адукацыя выдатная магчымасць рэалізацыі свайго прафесійнага патэнцыялу для педагогаў і калектываў установы, якія шукаюць новыя падыходы і метады для сваёй работы.
— Таму педагогам гімназіі самы час паклапаціцца аб уласным развіцці, — дадае кіраўнік установы. — Зразумела, прадумаць добры STЕM-урок — вялікая праца, але STЕM-кампанент можна выкарыстоўваць на любых занятках – уроках і пазакласных факультатывах. Можна ўзяць сабе ў саюзнікі калег, аб'яднацца і да нейкай тэмы падысці ўсебакова і дружна.
У чым сакрэт паспяховасці сінгапурскіх школьнікаў?
STЕM-кабінет у поўную моц запрацуе ўжо ў наступным навучальным годзе. Аднак зараз тут паступова асвойваюць яго магчымасці настаўнікі замежнай мовы. Адна з іх — выкладчыца нямецкай мовы Яўгенія Трапянок. Яна - ўдзельнік трэцяга набору рэспубліканскага праекта “Настаўнік для Беларусі” і зараз актыўна асвойвае і прапагандуе сярод сваіх калег сінгапурскую методыку навучання.
— У аснове сістэмы, па якой праходзяць заняткі ў сінгапурскіх школах, ляжыць менавіта кааператыўнае навучанне — камунікатыўнасць і супрацоўніцтва вучняў плюс строга зададзены алгарытм урока, — тлумачыць яна. — Сінгапурская методыка навучання ўяўляе сабой набор тэзісаў і формул. Кожная з якіх (а ўсяго іх 250) мае жорсткія рамкі і ўласную назву. Злучаць іх адну з адной можна ў любой паслядоўнасці.
Выкладчыца смела выкарыстоўвае новыя прыёмы ў гімназіі і лічыць, што яна мае рэальны шанц прапісацца ў беларускіх школах.
— Каго мы сёння вучым і выхоўваем? Гэта чалавек, які будзе жыць у ХХІ стагоддзі. Што яму патрабуецца ў гэтым жыцці? Камунікатыўнасць, творчасць і дапытлівасць, уменне працаваць з інфармацыяй, крытычнае і сістэмнае мысленне, уменне фармуляваць і вырашаць праблемы, скіраванасць на самаразвіццё, сацыяльная адказнасць. Таму размова ідзе пра развіццё ўніверсальных здольнасцей і ўменняў, – падкрэслівае Яўгенія. – Наша задача – навучыць дзіця думаць, а не толькі таму, што менавіта яму думаць.
Дарэчы, акрамя прыёмаў сінгапурскай методыкі, педагог адкрыла для сябе ў рамках праекта мноства цікавых педагагічных прыемаў, наладзіла работу онлайн — лагераў для школьнікаў.
– Адукацыя, як і ўсё ў гэтым свеце, не стаіць на месцы, а змяняецца і развіваецца, – зазначае Яўгенія, – і дзеля гэтага педагогу патрэбна ўвесь час дбаць пра самаадукацыю і навацыі на ўроках.
Сёння яўна мала дасканала ведаць свой прадмет і методыку навучання, а трэба пэўным чынам прэзентаваць свае веды і назапашаны вопыт. Ніяк нельга дапусціць, каб вучань засумаваў на вашым уроку альбо хутка забыўся пра зробленыя на ім уласныя адкрыцці і перамогі.
Дарэчы, каб арганізаваць работу навучэнцаў па сінгапурскай методыцы, навучыць іх дзейнічаць у новай для іх вучэбнай сітуацыі, педагог сам павінен не толькі добра валодаць дадзенай тэхналогіяй, але і думаць зусім інакш. Інакш паглядзець на сваю ролю...
Мілана ТРАПЯНОК.
Фота Алены ГРОМАВАЙ і з архіва рэдакцыі