Расказвае начальнік упраўлення па адукацыі, спорце і турызме райвыканкама Алеся Цітова.
Яна ў першыя майскія дні змяніла строгі ўбор на спартыўны касцюм, каб асабіста сацыць за ходам падрыхтоўкі раённага аздараўленчага лагера “Папараць – кветка” да пачатку летняга сезона. Дарэчы, сёлета гэты летнік будзе працаваць трыццаты сезон.
Прыпынак першы - лета
Хутка прагучыць апошні званок, які гучна абвесціць аб пачатку самых доўгіх і чаканых летніх канікулаў. Для дзятвы - гэта час забаў, а вось бацькам ён абавязкова дабавіць турбот і клопатаў. Прыемна, што большасць татаў і матуль разумеюць важнасць праблемы і выбіраюць арганізаваны і грунтоўна прадуманы адпачынак у летніх аздараўленчых лагерах. Вось і ў раённы аздараўленчы лагер “Папараць-кветка” пуцёвак ужо не купіць. Яны карыстаюцца вялікім попытам у жыхароў Бярэзіншчыны і Мінскай вобласці. Пэўны ажыятаж на летняе аздараўленне прымушае педагогаў грунтоўна падысці да наладжвання адпачынку. Таму і кіпіць работа ў лагеры, дзе ідуць апошнія прыгатаванні да прыезду дзяцей. Што ж чакае тут дзятву?
Пяць прычын выбраць “Папараць-кветку”
Па першае, выдатныя ўмовы пражывання, дзе ў кожным пакоі размесцяцца не больш за 5 дзяцей, ёсць шафы і стэлажы для абутку, памяшканне для захоўвання вялікіх сумак і чамаданаў. Працуюць душавыя і каля кожнага корпуса для мыцця ўстаноўлены воданагравальнік.
Па-другое, выдатнае збалансаванае і якаснае пяціразовае харчаванне, за прыгатаванне якога на сучасным абсталяванні будуць адказваць не толькі павары, але і медыкі.
Па-трэцяе, цудоўная культурна-забаўляльная праграма, спартыўна-аздараўленчая праграма. Дзеля гэтага маецца шыкоўная зала і музычная апаратура, стадыён, багаты выбар спартыўнага інвентару і прадугледжана наведванне басейна. Ды і варта нагадаць, што сёлетні аздараўленчы сезон прымеркаваны да абвешчанага ў краіне Года гістарычнай памяці і пройдзе пад дэвізам “Лета патрыётаў”.Таму дзятву чакаюць экскурсіі ў музеі і месцы баявой славы часоў Вялікай Айчыннай вайны.
Па-чацвёртае, гарантаваная бяспека і спакой, бо ў лагеры кругласутачна працуе пост міліцыі і ўстаноўлены 5 камер відэаназірання.
Па-пятае, у лагеры дзіця можа зарадзіцца цудоўным настроем і пазітывам, бо тут на кожным кроку можна пабачыць нешта неверагоднае. Так, усіх на ўваходзе вітаюць незвычайныя драўляныя клумбы з матылькамі, побач знаходзіцца лаунж-зона, дзе ўтульна можна пасядзець з сябрамі і правесці вольны час за любімай справай. Ёсць нават сапраўдныя вялікія шахматы для гульні і цікавых фотаздымкаў. Ды і яшчэ адной выдатнай зонай для сэлфі стануць самаробныя рознакаляровыя статуэткі, якія добра пасуюць летняму настрою дзятвы пагуляць. Тут нікога не пакіне раўнадушным шыкоўны дызайн будынка сталовай і актавай залы, упрыгожанай яркімі рамонкамі. У дадатак – вельмі цікавым бонусам аптымізму і радасці стане той факт, што на кожным корпусе ўжо ўстаноўлены арыгінальны стэнд якой-небудзь раённай арганізацыі – газавікоў, выратавальнікаў, міліцыянераў і інш.
Усё гэта акуратна зроблена і прадумана работнікамі навучальных устаноў раёна. Так, не пазычаць фантазіі педагогам ДУА “Паплаўскі ВПК дзіцячы садок – сярэдняя школа”, “Багушэвіцкі ВПК дзяцячы садок-сярэдняя школа”, Бярэзінскай гімназіі і дзяцячага садка № 3 г. Беразіно. Трэба аддаць належнае залатым рукам работнікаў ДУА “Брадзецкі ВПК дзіцячы садок-сярэдняя школа”. Ды і вялікае дзякуй трэба сказаць работнікам Бярэзінскага раённага цэнтра дзіцячай творчасці, дзякуючы якім аздараўленчы лагер надоўга застанецца ў памяці адпачываючых. Асабліва хочацца падзякаваць нашых шэфаў - ДЛГУ “Бярэзінскі лясгас”, вытворчы ўчастак Бярэзінскага спіртзавода, Бярэзінскі раён
газазабеспячэння і Бярэзінскі вытворчы ўчастак “Здравуш-ка – мілк”. Выдзелены былі сродкі на бягучы рамонт таксама з рэспубліканскага і абласнога бюджэту, на гэтыя
мэты пайшлі і 15 тысяч рублёў, заробленых бярэзінцамі на раённым суботніку.
І яшчэ
Цяпер застаецца нагадаць, што першая змена прыме дзяцей ужо 4 чэрвеня і працягнецца да 21 чэрвеня.
Другая змена распачне сваю работу 25 чэрвеня і скончыцца 12 ліпеня.
Заезд на трэцюю змену запланаваны на 16 ліпеня. Змена скончыцца 2 жніўня. І апошніх адпачываючых раённы аздараўленчы лагер "Папараць-кветка" прыме 6 жніўня, а скончыць сваю работу летнік 23 жніўня. Таму самы час бацькам і дзецям ужо збіраць чамаданы і патрэбныя дакументы.
Прыемнага, карыснага адпачынку вам у лагеры!
Мілана ТРАПЯНОК.
Фота Алены ГРОМАВАЙ.