«Последний звонок, простые слезы»

Date 30.05.2022 Man
Comment 596
«Последний звонок, простые слезы»

Гэтай шчымліва-наіўнай песняй і першым сарамлівым вальсам выпускнікоў скончылася свята апошняга школьнага званка ў ДУА «Сярэдняя школа №2 горада Березіно».

Яно атрымалася назвычай душэўнымі і цёплым з ноткамі гумару, трапнымі жартамі, арыгінальнымі танцамі і спевамі, з першымі слязьмі тужлівага развітання на вачах юнакоў і дзяўчат.

Скончылася іх шчаслівае дзяцінства. Як адзін момант праляцелі гэтыя адзінаццаць гадоў у цікавых справах, школьных занятках і факультатывах, зборах і канцэртах, цікавых сустрэчах і шчырых размовах з педагогамі. Яшчэ крыху і яны назаўсёды пакінуць школьныя калідоры і класы, дзе ім знаёмы кожны куточак. Наперадзе яшчэ выпускныя экзамены і школьны баль. Таму трэба паспяшацца як мага хутчэй аддзячыць за старанне і клопат, цярпенне і вытрымку педагогам, бацькам за веру ў іх сілы і шчаслівую зорку. Ды і абавязкова загадаць запаветнае жаданне ў час апошняга званка і пакінуць свой яркі і непаўторны след у гісторыі школы.
Дзеля гэтага школа з раніцы была гатова да свята, паўсюдна лунаў настрой галоўнага школьнага свята, стаяў водар ружаў і мільгацелі паветраныя шарыкі. Ды і шматлікія госці спяшаліся павіншаваць выпускнікоў і ўстанову са святам.

Так, у ліку паважаных гасцей у СШ №2 былі старшыня райвыканкама Дзяніс Дзішук, яго намеснк Уладзімір Навіцкі і начальнік Мінскага абласнога фінансавага ўпраўлення Мікалай Кухавец.
- Вось і праляцелі школьныя гады,-  звярнуўся Дзяніс Ігаравіч да выпускнікоў, - яны застануцца ў вашай памяці самымі яркімі і запамінальнымі, будуць рэць душу і ўздымаць настрой усё дарослае жыццё. Цяпер перад вамі адкрыты ўсе дарогі і ад вас патрабуецца не памыліцца з выбарам, каб у будучым уславіць не толькі свой раён, але і родную краіну.

На сустрэчу з выпускнікамі Дзяніс Ігаравіч прыйшоў не з пустымі рукамі. Ён уручыў сертыфікат на 50 тысяч рублёў школе і ўзнагароды райвыканкама шэрагу педагогаў, у тым ліку і кіраўніку ўстановы Святлане Абрамовіч,

Вось ужо дзесяць гадоў яна кіруе школай і зрабіла ўсё магчыма для сённяшняга станоўчага іміджу ўстановы. Дзякуючы яе калектыву вучні паспяхова выступаюць на школьных алімпіядах і канферэнцыях, творчых конкурсах і спаборніцтвах, не раз школа прызнавалася лепшай навучальнай установай раёна.

- А ўсё таму, што ў спадчыну сваім выпускнікам дае традыцыі чалавечнасці і дабрыні. - гаварыла яна ў сваім выступленні, - імкнецца даць кожнаму надзею і падтрымку.

Напэўна таму з лёгкай рукі і таленту настаўнікаў шэраг выпускнікоў раскрылі ўжо свае таленты і здольнасці і ўславілі родную школу поспехамі і дасягненнямі. Ім дырэктар уручыла дыпломы ўпраўлення па адукацыі, спорце і турызме райвыканкама і грашовыя прэміі.

Не засталіся ў даўгу перад роднай школай і дарагімі настаўнікамі і самі выпускнікі. Яны для кожнага падабралі патрэбныя словы і нумары мастацкай самадзейнасці. Выступалі так шчыра і натхнёна, не стрымліваючы эмоцый, як і гучаў для іх апошні званок.

Мілана ТРАПЯНОК.

Фота Алены ГРОМАВАЙ. 

Источник:
Нашли ошибку? Выделите её и нажмите CTRL + ENTER