Збіраемся ў школу!

Date 29.07.2022 Man
Comment 820
Збіраемся ў школу!

Менш за месяц засталося да 1 верасня — дня, калі дзеці сядуць за школьныя парты і распачнуць новы навучальны год. Аднак ужо цяпер бацькоў клапоціць пытанне, дзе і як сабраць дзіця ў школу. Высвятляла гэта і «Бярэзінская панарама», якраз напярэдадні Дня гандлю.

Усё пачынаецца з алоўка

Пошукі пачынаем з самага простага — выбару канцылярыі. І як высветлілася, самага пашыранага тавару ў нашым горадзе. Уладальнікі магазінаў загадзя напоўнілі паліцы ўсім неабходным: алоўкамі, пеналамі, сшыткамі, вокладкамі, лінейкамі, нажніцамі і інш. Па словах прадаўцоў, сярэдні чэк складае для малодшых школьнікаў ад 35 рублёў, а старэйшых вучняў - ад 40 рублёў у залежнасці ад выбранага вытворцы, якасці і колькасці канцылярыі. Ды і работнікі бярэзінскага “Дома гандлю” абяцаюць падабраць усё неабходнае да школы дзецям з сем’яў з любым кашальком. Балазе, вытворцы пастараліся на славу ў плане дызайну і змяншэння цаны.

Школьны ранец — асобная тэма

Пажадана, каб ён, галоўны школьны атрыбут, быў з артапедычнай спінкай і выраблены з якаснай тканіны. Яму ж служыць лепшым матыватарам дзіцяці, каб хадзіць у школу. Яго кошт пачынаецца ад 30 рублёў. Чым якасней зроблены рукзак, тым вышэйшая яго цана. Адрозніваюцца яны і па колеравай гаме для хлопчыкаў і дзяўчынак. Для малодшых школьнікаў ранцы яркія, з анімацыйнымі персанажамі, а для старэйшых — больш стрыманыя. Ды і асартымент іх даволі нядрэнны. Таму раю не памыліцца з выбарам!

Галоўнае, каб касцюмчык “сядзеў”

Далей у спісе самы галоўны пункт — адзенне і абутак. Кожны год апрануць і абуць школьніка з’яўляецца сапраўднай праблемай і вялікай болькай для бярэзінскіх бацькоў. Што і казаць: гэта справа зойме не адзін дзень і нервы абавязкова сапсуе усей сям’і. Таму таты і матулі ў час лета не адзін раз наведаюць магазіны горада.

Так, асартымент адзення дзелавога стылю ў магазіне прадстаўлены выключна таварамі беларускіх вытворцаў: “Калінка” (горад Салігорск), “Славянка” (горад Бабруйск), “Купалінка” (горад Віцебск) і Жлобінскай швейнай фабрыкі.Нават самага прыдзірлівага пакупніка задаволіць якасць пашыву, сучасны дызайн і выбар тканіны.

Да новага навучальнага года “Беллегпрам” падрыхтаваў звыш 700 мадэляў школьнага аддзення — швейныя і трыкатажныя вырабы. Тут самымі папулярнымі колерамі і прынтамі сталі сіняя палоска, бардовая клетка, карычневы манатон. Выраблена каля 30 тысяч рукзакоў і сумак. Лідары абуткавай вытворчасці таксама прадставілі 250 тысяч пар дзелавога і спартыўнага стыляў. Набыць іх можна ўжо на 400 школьных кірмашах, якія адкрыліся па ўсей краіне ўжо з 15 ліпеня.

Дарэчы, гэтым летам патрабаванні бацькоў сталі больш канкрэтнымі ў плане колеру па прычыне таго, што ў навучальных установах будзе ўведзена “свая” дзелавая форма. Таму варта падбіраць усе рэчы ў адзін тон. Так, дзяўчынкам трэба набыць спадніцу, штаны, пінжак, сарафан, сукенку, вадалазку і блузку, а хлапчукам - штаны, пінжак, камізэльку і джэмпер. Праўда, пакуль выбар гэтай вопраткі невялікі, але ўжо ў бліжэйшы час абяцаюць пашырыць асартымент.

Дарэчы, днямі ў “Доме гандлю” з’явяцца хлапчуковыя кашулі сіняга, белага і блакітнага колераў Жлобінскай швейнай фабрыкі.

Ды і варта памятаць, што сёлета адпускныя цэны выраслі ў параўнанні з мінулым годам на 10 працэнтаў з-за павышэння кошту сыравіны і камплектуючых матэрыялаў.Таму цяпер арыентыровачны кошт камплектаў вопраткі дзелавога стылю для малодшых школьнікаў пачынаецца з 70-80 рублёў, а для больш старэйшых вучняў — ад 80-100 рублеў.

Куды цяжэй бывае абуць дзіця да школы. З гэтым ужо ніхто не паспрачаецца, бо цэны на яго па-сапраўднаму кусаюцца, ды і хочацца, каб ён служыў доўга і быў вельмі зручны. Дарэчы, асартымент абутку ў “Доме гандлю” прадстаўлены гродзенскай фабрыкай “Нёман”, магілёўскай “Шагавіта” і віцебскай “Марко”.

І яшчэ. Сабраць дзіця да школы - справа нетанная і моцна б’е па сямейнай кішэні. Таму “Дом гандлю”раіць рабіць пакупкі ў суботу, калі тут дзейнічаюць 15-працэнтныя скідкі на практычна ўсе тавары. Варта памятаць і тое, што “Дом гандлю” адпускае тавары ў крэдыт пад 20 працэнтаў гадавых на тэрмін да 6 месяцаў з першапачатковым узносам у памеры 20 працэнтаў ад пакупкі.

Пакупкі ў інтэрнэт-магазінах і іншых крамах

Многія бацькі не марнуюць свой час паходамі па магазінах, а заказваюць усё неабходнае праз інтэрнэт, тым больш што прапаноў хапае. Тут кошт прыкладна такі ж, як і ў стацыянарных магазінах, аднак выбар большы. Але гэта без ўліку кошту за дастаўку. Такім чынам можна заказаць і абутак, нават некалькі мадэляў, каб было з чаго выбіраць. Плюс такога шопінгу — вялікі выбар, значныя скідкі, мінус — не заўсёды можна трапіць у памер.

Ды і не варта абмінаць бацькам школьнікаў і фірменныя магазіны города. Там заўсёды багаты выбар спартыўнай вопраткі і бялізны, без якіх таксама не пойдзеш у школу. Вабіць сюды пакупнікоў сучасны яркі дызайн вопраткі, дэмакратычныя цэны і зніжкі.

— У нашым магазіне попытам у бацькоў школьнікаў карыстаецца спартыўная вопратка, шкарпэткі і бялізна. — гаворыць прадавец магазіна “МаркФормель” Жанна Круталевіч. — Не абмінаюць яны і цікавыя мадэлі школьнай вопраткі для малодшых школьнікаў. Ды і старшакласніцам па душы нашы касцюмы, у якіх няблага выглядалі і сучасныя маладыя настаўніцы.

Таму, паважаныя бацькі, не адкладвайце зборы да школы на апошні момант!

Мілана ТРАПЯНОК.
Фота Анатоля ПАЛЫНСКАГА.

Источник:
Нашли ошибку? Выделите её и нажмите CTRL + ENTER