Сёлетні выпускнік Пагосцкай сярэдняй школы Марат Сокал набраў 90 балаў на цэнтралізаваным тэсціраванні па англійскай мове.
Гэта лепшы вынік сярод выпускнікоў гэтага года. І паказаў яшчэ добрыя веды па беларусай мове, фізіцы і матэматыцы. Нездарма ж юнак залічаны на першы курс бюджэтнага навучання ў Беларускім дзяржаўным універсітэце інфарматыкі і радыёэлектронікі.
Што дапамагло нашаму земляку ўзяць такую высокую планку, пра гэта карэспандэнт «БП» распытаў у самога юнака.
Пра ЦТ
– Марат, ведаю, што школу ты скончыў з добрымі адзнакамі ў атэстаце, удзельнічаў у розных алміпіядах. Калі здаваў ЦТ па замежнай мове, ці разлічваў на такі вынік?
– Не. Спадзяваўся, вядома, добра напісаць, але так высока не браў. (Усміхаецца.) А калі даведаўся, што па англійскай мове, першай думкай была: аказваецца, гэта на самой справе магчыма! Аднак па першым часе ўсё ж не верылася, што ў мяне такі высокі вынік.
– А колькі часу спатрэбілася для рашэння тэста?
– Ды амаль увесь, які быў адведзены. Я адразу пісаў усё на чарнавік і пасля пераносіў адказы ў бланк.
– Заданні тэсціравання былі лёгкімі?
– Дакладней сказаць, былі падобнымі да тых, што я рабіў, калі рыхтаваўся да ЦТ, а былі і даволі заблытаныя. Тут, галоўнае, разабрацца, што да чаго.
– А якую частку – А ці Б – было рабіць прасцей?
– Лягчэйшай мне была частка А, таму што там усё больш-менш вядома.
– Калі ведаеш, што кожная памылка будзе дорага каштаваць, бо ад гэтага залежыць ажыццяўленне мары, – эмоцыі моцна перашкаджаюць? Ці хваляваўся, калі рашаў тэсты?
– Вельмі моцна! Асабліва, калі пераносіў адказы ў бланк, а яшчэ ж і час быў абмежаваны – за ім таксама трэба было сачыць. Калі эмоцыі асабліва захліствалі, я «астуджаў» сябе тым, што вынік толькі ад мяне залежыць – і браў сябе ў рукі.
Пра падрыхтоўку
– Колькі часу трэба, каб падрыхтавацца да ЦТ?
– Гэта, напэўна, для кожнага па-рознаму. Мэтанакіравана я рыхтаваўся апошні год. Але ж да гэтага былі дадатковыя заняткі.
– У якіх алімпіядах ты ўдзельнічаў?
– Па англійскай мове, дарэчы, добрыя вынікі паказваў. У раённай прадметнай алімпіядзе быў у прызёрах. Гэты прадмет заўсёды падабаўся, я нават сказаў бы, што гэта быў не проста ўрок у школьнай праграме, а маё захапленне – цікава было мне на кожным уроку.
– Аднак жа не толькі ўдзел у алімпіядах табе дапамог паказаць такі цудоўны вынік?
– Не, вядома. Па-першае, калі вызначыўся, якія прадметы буду здаваць, шмат кансультаваўся з педагогамі. Дзякуй ім за падказкі. Па-другое, я не адсунуў на другі план іншыя школьныя прадметы – яны пашыраюць кругагляд, ды і выкладалі мае настаўнікі заўсёды цікава. Як жа можна было не вучыць і не ведаць?! Па-трэцяе, і сам склаўшы рукі не сядзеў: штудзіраваў розныя навучальныя дапаможнікі, папаўняў лексічны запас, вучыў правілы і формы – тут інтэрнэт дапамог. Ну і, мабыць, самы галоўны сакрэт: без жадання нічога не атрымаецца.
– Вучоба, вучоба і яшчэ раз вучоба. Але дзеля запаветнай мары – набраць максімум балаў для паступлення – давялося нечым ахвяраваць?
– Мне асабліва нічым ахвяраваць не давялося. Хіба што часам, праведзеным за камп’ютарнымі гульнямі. Але тут, я думаю, наганяць упушчанае ўжо гэтым летам.
Пра будучае студэнцтва
– Да сваёй студэнцкай мары ты ішоў напорыста. Стаць праграмістам – даніна модзе альбо твая мара, ці хтосьці дапамог вызначыцца з прафесіяй?
– Я хацеў стаць праграмістам, таму не вагаўся і ні з кім не раіўся, куды мне паступаць, галоўнае было – прайсці па конкурсе.
– Дарэчы, на тваім курсе могуць вучыцца і стобальнікі. Ты да гэтага гатовы?
– Вядома! Я да гэтага цалкам гатовы, бо ведаю, што школьныя дасягненні мне ўжо не дапамогуць – веды трэба дэманстраваць кожны дзень. (Усміхаецца.) Хаця ўсё тое, чаму навучылі ў школе, мяркую, мне вельмі будзе дарэчы.
– Кажуць, што стаць праграмістам, справа не з лёгкіх. Цябе не палохаюць будучыя студэнцкія цяжкасці?
– Цяжка будзе: вялікі аб’ём інфармацыі, шмат усяго новага. Але вельмі цікава! Асабліва мне пакуль ўсё падабаецца, ды і пэўныя цяжкасці толькі падаграваюць мой настрой на вучобу.
– Атрымліваецца, што вучоба ў цябе займае ўвесь час?
– Напэўна, буду вучыцца рацыянальна размяркоўваць час, каб шмат паспець. Ведаю, што большасць праграмістаў пачынаюць сваю дзейнасць ужо ў час вучобы. Мяркую і я так рабіць. Гэта стане цікавым і патрэбным вопытам для мяне і першым выпрабаваннем .
– Марат-школьнік і Марат-студэнт – ці змяніўся ты?
– Змяніўся. Раней я атрымліваў веды таму, што хацеў стаць студэнтам. Цяпер жа ўсё тое, што я ведаю і аб чым хачу даведацца, я разглядаю з пункта гледжання практычнага: дзе гэта можна прымяніць у жыцці.
А мару я пакуль што пра тое, каб атрымаць спецыяльнасць, якая стане маёй любімай справай.
***
Кажуць, упартаму скараюцца вяршыні. Не паспрачаешся. Але ж яны скараюцца менавіта тым, хто іх бачыць і ідзе, не збочваючы. Марат Сокал, калі здаваў тэсціраванне, скарыў сваю першую вяршыню, – і верыцца, што не апошнюю.
Застаецца дадаць, што яшчэ два сёлетнія выпускнікі Пагосцкай школы паспяхова сталі студэнтамі вышэйшых навучальных устаноў. Яны пацвердзілі вартасць якасці навучання ў сельскай школе і прафесіяналізм сельскіх педагогаў. Але, пагадзіцеся, усё гэта нішто ў параўнанні з вялікім жаданнем вучня вучыцца і ісці да сваёй мэты.
Мілана ТРАПЯНОК.