Вось і ў гісторыі нашага горада жанчыны здабылі вялікую вядомасць і славу. Мы маральна абавязаны ведаць і памятаць іх імёны. Узгадаем жа тых зямлячак, якія з’яўляюцца гонарам і славай Беразіно, прыкладам для пераймання.
Вечнай зарубкай у сэрцы – імёны настаўніц, якія вялі па сцежках жыцця не адно пакаленне юных бярэзінцаў, шчыра аддаючы часцінку сваёй душы. Залатымі літарамі ўпісаны ў гісторыю сістэмы адукацыі горада і раёна бязмежна адданыя педагогіцы, паважаныя вучнямі, калегамі і бацькамі педагогі з вялікай літары – заслужаныя настаўнікі Беларусі Марыя Скуратовіч (настаўніца пачатковых класаў СШ №2), выкладчыцы рускай мовы і літаратуры СШ №2 Часлава Махнач і Ніна Беладзед, Журоўскай школы і СШ №1- Кіма Калбаска. Дастойнае выпрабаванне дырэктарствам вытрымалі Марыя Падух (СШ №2) і першы дырэктар Бярэзінскай гімназіі Тамара Палачаніна. Паўстагоддзя працавала старшай піянерважатай СШ №1 удзельніца партызанскага руху Лізавета Шугалей, якая вылучалася ўсяшкольнай папулярнасцю сярод дзятвы. 16-гадовай сувязной партызанскага атрада яна была ўзнагароджана медалём “За адвагу” за ўдала праведзеную аперацыю па вывадзе з-пад носу акупантаў у партызанскую зону 35-ці кароў з былой калгаснай фермы, абуўшы іх у спецыяльна сплеценыя лапці, якіх для гэтага спатрэбілася аж 140 штук.
Час не астудзіў удзячнай памяці пра былую настаўніцу даваеннага Беразіно, адважную падпольшчыцу ў гады акупацыі фашыстамі нашага пасёлка Лізавету Гансоўскую, з яе не паказным, удвая рызыкоўным патрыятызмам, быць чужой сярод сваіх, выконваючы абавязкі перакладчыцы ў нямецкай камендатуры і дапамагаючы партызанам, набліжаць перамогу над ворагам. Імя зямлячкі дастойна значыцца на памятным знаку ў скверы горада ў ліку пяці бярэзінскіх падпольшчыкаў, закатаваных у красавіку 1942 года.
А вось жаночае прадстаўніцтва ў структурах мясцовай ўлады – сапраўдны ўзор запатрабаванасці іх таленту і высокага прафесіяналізму. Гэта тыя жанчыны, якія па роду дзейнасці былі заўсёды навідавоку і вызначаліся высокімі дзелавымі якасцямі і маральнымі прынцыпамі.
У іх ліку - колішняя старшыня гарсавета, удзельнік вайны Вера Шрэйн, намеснік старшыні райвыканкама Соф’я Вырвіч, сакратар райвыканкама Соф’я Якімовіч, загадчык аддзела культуры Яніна Булойчык. Узорам першай ледзі - сціплай, інтэлігентнай, простай у адносінах з людзьмі, была жонка былога першага сакратара райкама партыі, дэпутата Вярхоўнага Савета БССР Таццяна Анціпенка, работнік раённага ўпраўлення сельскай гаспадаркі. Яна ўмела дастойна несці высокае прызначэнне быць спадарожніцай жыцця першай асобы раёна.
Без мішуры пазалоты ўзгадваюць бярэзінцы галоўнага ўрача лячэбнай установы раёна Варвару Кулікоўскую. Эталонам урача і медыцынскага сумлення гучаць імёны педыятра Галіны Карканіцы і загадчыцы акушэрскага аддзялення райбальніцы Марыі Гулінай, медсясцёр, удзельніц вайны Эстэн Кажамятнікавай, Ніны Сакавай, Тамары Пянкрат, шчыра адданай грамадскай справе старшыні раённага аддзялення “Чырвонага Крыжа” Людмілы Анісовіч. З цеплынёй успамінаецца і імя зубнога ўрача Вольгі Кішко. Якасна пастаўленыя ёю пломбы ў пацыентаў стаялі па 30 гадоў!
У працы не шукалі чырвонцаў і заслужылі ўдзячную памяць начальнік пашпартнага стала, удзельніца вайны Таццяна Грышанава і суддзя Лілія Шышонак. Многіх захапіла плынь душэўнай шчырасці, выключнай інтэлігентнасці, шматграннасці і таленавітасці асобы журналісткі раённай газеты, летуценніцы на скразняках лёсу Гертруды Шчур. Насіла ў душы прыгаршчы святла і інтэлігентнасці культработнік-наватар, ініцыятар стварэння бярэзінскага музея драўлянай лыжкі Ганна Ждановіч.
Галерэя імёнаў зямлячак набывае для сучаснікаў ёмісты сэнс. Кожнае з іх выпраменьвае святло, здзіўляе адметнасцю і адначасова падабенствам у сваёй невычэртнай духоўнай сутнасці – бачыць зямное жыццё ў служэнні людзям, вернасці абранай справе і любові да Бацькаўшчыны. Гэтыя жанчыны – наша духоўная спадчына, пуцяводная зорка для маладых пакаленняў. Такімі асобамі нельга не захапляцца. Іх прозвішчы належыць пісаць у летапісе Беразіно аршыннымі літарамі і ўслаўляць у назвах вуліц райцэнтра.
Тамара КРУТАЛЕВІЧ,
загадчык аддзела маркетынгу
і сацыякультурнай дзейнасці Бярэзінскай цэнтральнай бібліятэкі.