Нагадаем, што сёння ў Беразіно работы вядуцца на трох аб’ектах. Гэта 60-кватэрны дом па вуліцы Красіна, пажарнае дэпо і будынак бібліятэкі. Найбольш актыўна будаўнікі працуюць менавіта на рэканструкцыі бібліятэкі і стварэнні на яе базе маладзёжнага цэнтра. Яно і зразумела, бо да здачы аб’екта застаецца прыкладна месяц, і ўжо напачатку мая тут будзе перарэзана чырвоная стужка. Таму рабочыя шчыруюць зараз як над выкананнем унутраных работ, так і на добраўпарадкаванні прылягаючай тэрыторыі.
Вядзецца добраўпарадкаванне і сквера, што наспураць бібліятэкі. Тут кладуць тратуарную плітку, а хутка будзе абноўлены і фантан.
Ды і новабудоўлі на ўскрайку горада таксама ўсё больш і больш яскрава набываюць канчатковыя рысы. Узвядзенне “каробкі” жылога дома ўжо завершана, наперадзе спецыялістаў чакаюць аддзелачныя і ўнутраныя работы, а таксама добраўпарадкаванне тэрыторыі, устаноўка гульнявой пляцоўкі і паркоўкі для аўтамабіляў.
Не спыняюцца работы і вакол пажарнага дэпо. Неўзабаве гэты спецыялізаваны гарадок выратавальнікаў ператворыцца са стандартнай будаўнічай пляцоўкі ў сучасны архітэктурны комплекс, які здалёк будзе выдзяляцца высокай вежай.
- Вынікамі маніторынгу мы задаволены, - заўважыў намеснік старшыні райвыканкама Сяргей Бабура. – Ход работ, іх якасць і аб’ёмы можна ахарактарызаваць як здавальняючыя. Усе тры аб’екты павінны быць здадзены ў эксплуатацыю сёлета. Гэта прадугледжана і планам будаўнічых работ. Пакуль што сумнявацца ў тым, што графікі будуць парушаны, падстаў у нас няма. Будаўнікі робяць усё неабходнае. Значыць, будзем чакаць наваселляў!
Юлія БУКЕЛЬ.
Фота аўтара.