Але за гэты час нязменнымі тут засталіся толькі мастацкі кіраўнік Аксана Панкевіч і яе любоў да танцаў, якой напаўняюцца і натхняюцца дзеці з першых заняткаў і рэпетыцый.
“Узорны”
Сёння калектыў жыве рэпетыцыямі і падрыхтоўкай да важнага мерапрыемства – пацвярджэння звання ўзорнага, якое адбываецца раз у тры гады. Званне “ўзорны” было прысвоена “Вясёлцы” Пастановай калегіі Міністэрства культуры яшчэ ў 1993 годзе і з таго часу калектыў належным чынам трымае планку, быў прызёрам і лаўрэатам шматлікіх фестываляў на ўсіх узроўнях.
Выступае “Вясёлка” на ўсіх гарадскіх святах і важных культурных мерапрыемствах: на свяце дзяцінства, на дзень сельскай гаспадаркі, у тэатралізаваным выступленні на Новы год і шматлікіх іншых. Ведаюць юных танцораў і ў вобласці. У свой час давялося выступаць у Палацы Рэспублікі, у канцэртнай зале “Мінск”, удзельнічаць у розных конкурсах і фестывалях. Толькі апошнія два гады не атрымлівалася пакідаць межаў раёна ў сувязі з пандэміяй.

Аксана Панкевіч
На “біс”
Зараз у калектыве займаецца каля 40 дзяцей узростам ад 9 да 13 гадоў. Выхаванцы падзелены на групы. І гэта па зразумелых прычынах: больш старэйшым дзецям нецікава танцаваць “Крыжачок” ці “Гарошынкі”, іх вабяць сучасныя танцы, а малодшыя не будуць танцаваць прыгожы навагодні вальс.
Наогул, што датычыцца танцавальнага рэпертуару, то ён вабіць удзельнікаў і гледачоў разнастайнасцю. Тут маюцца вянок бытавых народных танцаў, запісаных у вёсцы Капланцы, "Весёлая стирка", "Видение", "Весенняя капель", харэаграфічныя малюнкі "Садовая ідылія", "Крышачку натхнення" і іншыя. Некаторыя падчас выступленняў выконваюцца нават на “біс”.
Без конкурсу
– Звычайна прымаю ў калектыў усіх дзяцей, якія выказваюць жаданне займацца, – расказвае Аксана Вячаславаўна. – У нас не такі вялікі горад, каб конкурсныя адборы і кастынгі праводзіць, як, напрыклад, у Мінску, калі кандыдатаў адбіраюць з улікам даўжыні рук і ног, і наяўнасці прыгожай усмешкі… Потым, пасля некалькіх заняткаў дзеці ўжо самі вызначаюцца, ці заставацца далей у “Вясёлцы”.
Прыводзяць дзяцей
За час існавання “Вясёлка” неаднаразова ўзнагароджвалася і адзначалася на разнастайных прэстыжных фестывалях, аглядах і конкурсах. Членаў журы вабілі створаныя на сцэне мастацкія вобразы танцораў, сцэнічныя касцюмы і элементы адзення.
Аднак важнай узнагародай мастацкі кіраўнік лічыць, калі былыя танцоры прыводзяць у калектыў сваіх дзяцей. Гэта так званая пераемнасць пакаленняў.
Некаторыя былыя выхаванцы таксама ідуць па сцежцы свайго мастацкага кіраўніка і выбіраюць прафесію харэографа. Напрыклад, Алена Барысёнак, якая ў свой час танцавала ў “Вясёлцы”, зараз сама працуе ў раённым цэнтры культуры і кіруе танцавальным калектывам “Яркія фарбы”.
Не забываюць Аксану Вячаславаўну былыя ўдзельнікі калектыву, заходзяць у госці, на рэпетыцыі. Здараецца, што дарослыя “вясёлкаўцы” часам наведваюцца і нават дапамагаюць у пастаноўках.
Аляксандр БЫЧКОЎСКІ.