Свята, багатае на смачныя булкі з народнай назвай “паска” і фарбаваныя яйкі, якія ў кожнага помняцца з дзяцінства. Мне таксама прыгадваецца, як даўней бабуля загадзя назапашвала шалупінне ад цыбулі, у якім перад Вялікаднем фарбавала яйкі. Булкі ж пяклі ў печы, а яшчэ прыносілі з магазіна. Асаблівым пунктам святочнай праграмы быў паход ноччу ў царкву, каб асвяціць ежу. З фарбаванымі яйкамі і “паскай” тады хадзілі ў госці да родных і сваякоў. Карацей, ёсць што ўспомніць.
А як жа адзначаюць Вялікдзень бярэзінцы?
Наталля ВАЛЕВІЧ, працуе ў «Здравушка-мілк»:
- Яйкі фарбуем абавязкова. Ды і як на Вялікдзень без святочнага куліча? Праўда, на начную службу ў царкву патрапіць не заўсёды атрымліваецца. Працую па графіку, два дні праз два, таму здараецца, што свята можа супасці з рабочай зменай. З той прычыны паход на начную царкоўную службу, каб асвяціць паску – справа выпадку. Аднак Вялікдзень – гэта ў нас свята для ўсёй сям’і. У традыцыі – збірацца разам, дзеці прыязжаюць з Мінска і Беразіно, унук ёсць. Вось так разам і сустрэнем Вялікдзень.
Аляксандр ДАРОЖКА, жыхар Беразіно:
- Булкі пячом, яйкі фарбуем. Вялікдзень гэта не проста свята, гэта добрая нагода сабрацца разам усёй сям’ёй. Праўда, старэйшыя дзеці ўжо дарослыя, жывуць сваім жыццём, але ж стараюцца па магчымасці прыехаць на свята ўсе, каб сустрэць разам. У мяне ўжо маленькая ўнучка ёсць. Гэта важнае свята, і мы ставімся да яго з вялікім шанаваннем. Ведаеце, Бог адзін, таму ў нашай сям’і мы адзначаем Вялікдзень і па праваслаўным календары, і па каталіцкім. А чаму б і не? Хрыстос уваскрэс для ўсіх! Велікоднае свята менавіта пра Уваскрашэнне Хрыстова.
Наталля ПЕТРУСЕВІЧ, сацработнік:
- Збіраемся абавязкова ўсёй сям’ёй, разам з роднымі і блізкімі, дзецьмі. І булкі пячом, і яйкі фарбуем.
Як заўсёды, на гэтае свята чакаем у госці кумоў. Абавязкова на ўсяночную ў царкву трэба наведацца, каб потым раніцай крышачку з’есці з асвечанага.
Мае падапечныя, пажылыя і састарэлыя людзі, таксама яйкі фарбуюць, асобныя нават і булкі пякуць, нягледзячы на ўзрост. Сярод іх ёсць і тыя, каму ўжо па 93 гады, але захоўваюць бадзёрасць і баявітасць духу. Дарэчы, працую ў сваёй сферы ўжо 10 гадоў. Падапечныя – малайцы ўсе, жвавыя, рыхтуюцца да Вялікадня.
Ірына РАМАНОВІЧ, працуе ў кінатэатры:
- На Вялікдзень па традыцыі абавязкова наведваем хрэснікаў, з падарункамі, у першую чаргу з "паскай", – гэта самае важнае. Вядома, выпякаем булкі, фарбуем яйкі. Варта зазначыць, што ў нас Вялікдзень свята асаблівае, бо дзеці наведваюць нядзельную школу пры праваслаўнай царкве, таму збіраемся святкаваць яшчэ і там. У нядзельнай школе дзеткі рыхтуюць пастаноўкі, паказваюць сцэнкі на велікодныя тэмы, заўсёды вельмі цікава паглядзець, паназіраць, паслухаць.
Аляксандр БАЧАНКОЎ, работнік мясакамбіната:
- Вялікдзень адзначаем звычайна ўсёй сям’ёй, садзімся за святочны стол з жонкай і дваімі дзеткамі. Для нас гэта вельмі значнае свята, але на ўсяночныя наведвацца цяпер неяк не выпадае, хоць раней бывалі там часта. Кулічы купляем ужо гатовыя ў магазіне, а вось яйкі фарбуем па-рознаму: у класічны чырвоны колер і яшчэ карыстаемся наклейкамі.
Прытрымліваемся народных традыцый, як і ўсе людзі.
Аляксандр БЫЧКОЎСКІ.
Фота Алены ГРОМАВАЙ.