Новая структура - новыя задачы

Date 06.05.2022 Man
Comment 691
Новая структура - новыя задачы

На Бярэзіншчыне існуе шмат калектываў, гісторыя якіх вымяраецца не адным дзесяцігоддзем, дзе закладзены свае традыцыі і звычаі, назвы якіх услаўляюць наш раён і з’яўляюцца яго візітнай карткай. А вось у дзяржаўнай установы “Бярэзінскі раённы цэнтр па забеспячэнні дзейнасці бюджэтных арганізацый” у гэтым плане ўсё яшчэ наперадзе. Яно і зразумела, бо створаны цэнтр быў толькі 1 красавіка 2020 года і нядаўна адзначыў два гады свайго існавання. 

Не скажаш, што новая структура мала каму вядомая, бо ўжо з першых сваіх крокаў яна цвёрда заявіла аб сабе і заваявала важкі аўтарытэт сярод бюджэтных арганізацый раёна. Тым не менш, давайце больш падрабязна пазнаёмімся з гэтым “фінансавым штабам”.

Названая ўстанова была створана ў адпаведнасці з Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусть ад 23 снежня 2019 г. №475 “Аб забеспячэнні дзейнасці бюджэтных арганізацый”, кіруецца ім, а таксама Канстытуцыяй Рэспублікі Беларусь, Грамадзянскім кодэксам, пастановай Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь ад 31 снежня 2019 года “Аб рэалізацыі Указа Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 23 снежня 2019 г. №475, іншымі заканадаўчымі актамі, рашэннямі заснавальніка і Статутам установы.

Асноўнай мэтай стварэння ўстановы з’яўлялася аптымізацыя работы кадраў бухгалтарска-эканамічнай службы сельскіх выканаўчых камітэтаў, упраўлення па адукацыі, фізічнай культуры і спорце райвыканкама і аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі. Раней разрозненыя, сёння яны аб’яднаны не толькі адным дахам, а і вырашэннем агульных задач па вядзенні ўсёй фінансава-гаспадарчай дзейнасці.

Яўгеній Котаў

Кіраўніком цэнтра з’яўляецца Яўгеній Котаў, яго намеснікам – Людміла Мурашка. У структуру ўстановы ўваходзяць галоўны бухгалтар, юрысконсульт, улікова-эканамічнае ўпраўленне, якое складаецца з аддзела разлікаў па заработнай плаце, аддзела фінансавых разлікаў, планава-эканамічнага аддзела, а таксама ўпраўленне цэнтралізаванага гаспадарчага абслугоўвання.

Людміла Мурашка

Людзі ў калектыве падабраліся невыпадковыя, амаль усе яны маюць вялікі працоўны стаж і з’яўляюцца выдатнымі спецыялістамі па накірунках сваёй дзейнасці. А поле гэтай дзейнасці вельмі і вельмі шырокае. Датычыцца яно не толькі выплаты заработнай платы (а гэта больш як паўтары тысячы асабовых рахункаў). Гэта таксама арганізацыя працэдуры закупкі, вядзенне рамонту, забеспячэнне бесперабойнай дастаўкі дзяцей ва ўстановы адукацыі і іх харчаванне, вядзенне банкаўскіх аперацый, фінансавыя разлікі, забеспячэнне бесперабойнай падачы цеплавой і электрычнай энергіі, выкананне пазабюджэтнай дзейнасці, стабільная работа аздараўленчага лагера “Папараць-кветка”, экскурсійная і турыстычная дзейнасць, арганізацыя работы сельскіх Саветаў па навядзенні парадку на замацаваных тэрыторыях… Пералік гэты можна працягваць яшчэ доўга. Кожная працэдура абавязкова праходзіць сваю экспертызу, адказнасць за іх ажыццяўленне нясуць непасрэдна работнікі цэнтра, заснавальнікам якога з’яўляецца раённы выканаўчы камітэт. Нялішнім будзе дадаць, што пад кіраўніцтвам спецыялістаў знаходзіцца 5 устаноў культуры, 32 установы адукацыі, фізічнай культуры і спорту і 6 сельскіх Саветаў.

Работнікі аддзела па зарплаце

Як адзначыў у нашай размове кіраўнік цэнтра Яўгеній Котаў, падначалены яму калектыў працуе зладжана і адказна і ў самы сціслы перыяд здолеў згуртавацца для вырашэння пастаўленых перад ім задач. Сваімі галоўнымі памочнікамі ён лічыць намесніка Людмілу Мурашка, галоўнага бухгалтара Анастасію Белаус, кіраўнікоў улікова-эканамічнага ўпраўлення Зарыну Ждановіч і ўпраўлення цэнтралізаванага гаспадарчага абслугоўвання Сяргея Мілько, аддзела разлікаў па заработнай плаце Наталлю Барысевіч, загадчыцу сектара маёмасці і забеспячэння Алену Архіпец. У цэлым жа кагосьці са спецыялістаў вызначыць асобна немагчыма, бо ў кожнага свой істотны ўчастак адказнай работы, ці то бухгалтар, ці то вадзіцель школьнага аўтобуса. Няправільна або нясвоечасова вырашанае пытанне дасць збой цэлай сістэмы.

Так, дадае Яўген Аляксандравіч, мы яшчэ стаім толькі на пачатку нашай дзейнасці і станаўлення. Паступова напрацоўваем свой аўтарытэт, закладваем традыцыі. І вельмі добра, што адной з першых у нашым калектыве стала традыцыя сумесна даглядаць адну з брацкіх магіл перыяду Вялікай Айчыннай вайны. У гэтым бачыцца пераемнасць пакаленняў і нашы неабыякавыя адносіны да сваёй малой радзімы і яе гісторыі.

Спецыялісты па правядзенні працэдуры закупак Святлана Саскавец і Алена Кушнер

Прадстаўніцы ўлікова-эканамічнага ўпраўлення

Ва ўпраўленні цэнтралізаванага гаспадарчага абслугоўвання большасць работ-нікаў - мужчыны

 Анатоль ПАЛЫНСКІ.
Фота Івана ЖУКОЎСКАГА.

Источник:
Нашли ошибку? Выделите её и нажмите CTRL + ENTER