Чаму трэба паважаць свой герб і сцяг?

Date 07.05.2022 Man
Comment 769
Чаму трэба паважаць свой герб і сцяг?

У Беларусі 8 мая адзначаецца Дзень Дзяржаўнага герба і Дзяржаўнага сцяга. Згодна з Указам Прэзідэнта гэта свята адзначаецца кожную другую нядзелю мая вось ужо больш за 20 гадоў. Дзяржаўныя сімвалы былі зацверджаны на Рэспубліканскім рэферэндуме 1995 года. Герб, сцяг і гімн - гэта атрыбуты моцнай і незалежнай дзяржавы.

Так, беларускі сцяг лятаў у космас, узнімаўся на самыя высокія горныя вяршыні, быў у Антарктыдзе. Спартсмены пасля сваіх перамог у рукі нязменна бяруць Дзяржаўны сцяг. Пад гімн Беларусі сцяг краіны паднімаюць на цырымоніях узнагароджання найбуйнейшых спартыўных спаборніцтваў. З нашым сцягам лёгка знайсці беларускіх балельшчыкаў на трыбунах розных спартыўных ці музычных форумаў. Герб і сцяг нашай краіны вянчаюць усе дзяржаўныя ўстановы.

А эталоннае гучанне галоўнай песні нацыі – гімна – мы чуем на розных дзяржаўных мерапрыемствах. Двойчы на дзень ён гучыць у эфіры тэле- і радыёканалаў краіны – у пачатку і завяршэнні вяшчання. Усе гэтыя сімвалы нязменна аб’ядноўваюць нацыю.

А чаму паважаюць дзяржаўныя сімвалы бярэзінцы? Гэта пытанне стала чарговай тэмай нашага апытання.

Ганна СОБАЛЬ, выкладчыца ДУА “Бярэзінская гімназія”:

– Беларусы павінны ведаць і шанаваць свае дзяржаўныя сімвалы – герб, сцяг і гімн. Гэта вельмі важна для выхавання моладзі. Яна павінна разумець, з чаго пачынаецца дзяржава і суверэнітэт. З дзейснага клопату пра захаванне традыцый, сваіх блізкіх, пра родны край складваецца любоў да Радзімы. Трэба ўмець слухаць і чуць адзін аднаго, разумець і суперажываць. Адметныя рысы беларускага народа – мудрасць і разважлівасць, а яшчэ згуртаванасць. Менавіта яны дапамагаюць захаваць мір, незалежнасць і згоду.

Дзень Дзяржаўнага герба і Дзяржаўнага сцяга мае вялікае патрыятычнае значэнне. Мы павінны ведаць сваю гісторыю, багатыя традыцыі, культурную спадчыну. І, што важна, паважаць гэтыя здабыткі і каштоўнасці. А яшчэ разумець важнасць сімвалаў. Няхай мы людзі розных палітычных поглядаў, але ў нас адна на ўсіх дзяржава і агульная гісторыя. Таму так важна быць разам, адзін за аднаго. У гэтым, лічу, вялікае значэнне гэтага дзяржаўнага свята.

Наталля ЖАЎНЕРЧЫК, майстар вытворчага навучання цэнтра падрыхтоўкі, павышэння кваліфікацыі і перападрыхтоўкі работ-нікаў сельскай гаспадаркі і харчавання:

– Пачну з таго, што я сама вельмі паважаю і шаную дзяржаўныя сімвалы нашай краіны. Нават у горкія часы жнівеньскіх падзей 2020 года герб і сцяг маёй дзяржавы застаўся для мяне свяшчэннай рэліквіяй. Ды і такое паважлівае стаўленне да нашых сімвалаў я выхоўваю у сваіх дзяцей. Ніяк не хачу, каб нехта навязаў ім новы сцяг і герб, перакрэсліў нашы каштоўнасці і дасягненні, забраў у нас веру ў добрае і слаўнае заўтра.

Іна ЛАДУЦЬКА, зараз знаходзіцца ў дэкрэтным водпуску:

– Я па адукацыі юрыст і па сваіх службовых абавязках павінна ведаць дакладна дзяржаўныя сімвалы, але я, у першую чаргу, грамадзянін і патрыёт, які лічыць абавязковым ведаць гісторыю і традыцыі сваёй краіны, шанаваць каштоўнасці і яе сімвалы. Мяне асабіста абражае, калі наш Дзяржаўны сцяг падменьваецца на іншы, на спартыўных спаборніцтвах у гонар пераможцаў уключаецца іншы гімн і спартсмены вымушаны пакідаць ганаровы п’едэстал. У гэты момант я заўсёды з імі: дзяржаўныя сімвалы трэба паважаць і кропка!

Мікалай СТРОК, рабочы ДУА “Дзіцячы садок №4 г. Беразіно”:

– Як я стаўлюся да дзяржаўнай сімволікі, для мяне пытанне рытарычнае. Вядома, з павагай і шанаваннем, як кожны сапраўдны беларус. Не лянуюся і сёння аднавіць гэтыя веды, ды і нацыянальны гімн ведаю практычна ўвесь на памяць. Падзеі мінулага года паказалі: беларусам патрэбна берагчы свае нацыянальныя сімвалы, каб супрацьстаяць выклікам унутры краіны і ціску нядобразычліўцаў з замежжа. Толькі шануючы іх, мы зберажом сваю краіну ад знішчэння.

Віктар ШКАТУЛА, намеснік дырэктара па адміністрацыйна-гаспадарчай рабоце раённай комплекснай спартыўнай дзіцяча-юнацкай школы алімпійскага рэзерву:

– Я паважаю дзяржаў-ную сімволіку і не бачу ніякіх прычын ёй здраджваць, бо я працую ў дзяржаўнай установе, падтрымліваю ўсё станоўчае, што адбываецца ў нашай краіне і хачу быць сапраўдным патрыётам. Дзень дзяржаўных сімвалаў – свята для нашай краіны вельмі важнае. Мы павінны быць адзінай дзяржавай, якая заўжды рада тым, хто мае добрыя намеры, і гатова даць адпор нядобразычліўцам. Беларусь ва ўсе часы вызначалася міралюбівасцю, гасціннасцю, шчырасцю і адкрытасцю, вернасцю сваім караням і сімвалам.

Мілана ТРАПЯНОК.
Фота Аляксандра БЫЧКОЎСКАГА.

Источник:
Нашли ошибку? Выделите её и нажмите CTRL + ENTER