Якасць аб'язной дарогі праверылі на сабе

Date 12.05.2022 Man
Comment 155
Якасць аб'язной дарогі  праверылі на сабе

Людна і шумна гэтымі днямі на дарозе, што паміж вёскамі Уша і Котава. Тут непадалёк ад в. Дзямешкаўка вядуць работы будаўнікі ААТ ПМК-71. Чым жа заняты яны? Аб гэтым мы гутарым з прарабам аб’екта Андрэем Казлоўскім.

- Калі каротка сказаць, то мы займаемся рэканструкцыяй шлюза-рэгулятара цераз раку Уша. Але справа не абмяжоўваецца толькі названым відам работ, бо наш аб’ект – гэта не толькі шлюз, які рэгулюе ўзровень вады ў рацэ, а і мост для руху транспарту. На жаль, за мінулыя гады шлюз, фазавыя рамы, затворы гэтага збудавання ды і само моставае палатно прыйшлі ў нягоднасць. А гэта стварае безумоўную небяспеку для руху транспарту, які зараз мае не толькі большую грузападымаль-насць і магутнасць, але і вагу. Дадзены аб’ект не з’яўляўся аварыйным, работы на ім вядуцца планава.

Перад тым, як распачаць рэканструкцыю, было прынята нямала захадаў. Па-першае, адбылося ўзгадненне з раённым выканаўчым камітэтам і мясцовай інспекцыяй ДАІ руху транспарту па аб’язной дарозе, аб маючым адбыцца рамонце было даведзена да ведама ўсіх зацікаўленых службаў і арганізацый, у першую чаргу ААТ “Уша”, на тэрыторыі якога вядуцца работы, а таксама мясцовых жыхароў. Зараз рух транспарту ажыццяўляецца па лясной дарозе (яна знаходзіцца ў здавальняючым стане, у чым мы самі пераканаліся, праведзена яе падсыпка і грэйдзіраванне), яна пачынаецца ад указальніка на в. Любач ад трасы Беразіно-Барысаў і выходзіць на дарогу з Котава на Лагі, непадалёк ад в. Жарамец. Кіравацца маршрутам дапамагае схема часовага руху.

Па-другое, правядзенню рэканструкцыі папярэднічала значная падрыхтоўчая работа. Была разбіта будаўнічая пляцоўка, для чаго давялося арганізаваць зводку і вырубку кустарнікава-драўніннай расліннасці, зняць раслінны грунт.

Па-трэцяе, важным момантам падрыхтоўчых работ стала змяненне існуючага рэчышча Ушы з пракладкай новага яе канала. Тут для зручнасці мясцовых жыхароў абсталявалі драўляны пешаходны масток цераз раку.

На час нашага прыезду на аб’екце былі задзейнічаны два экскаватары, кран і некалькі грузавых аўтамабіляў. Палатно моста знята. Экскаватары заняты падчысткай рэчышча. Для апрацоўкі жалезабетонных канструкцый шлюза ад карозіі плануюць выкарыстаць пескаструменны апарат субпадрадчыкаў, якія ў хуткім часе павінны прыступіць да работы. Для ўкладкі ў наступным асфальтавага пакрыцця моста таксама мяркуюць запрасіць пабочную арганізацыю – адну з бярэзінскіх дарожных арганізацый.

– Работы вядуцца комплексна, – дадае А. Казлоўскі. – Распачаліся яны яшчэ ў лютым. Праўда, з-за паводкі і вялікіх веснавых дажджоў, якія выклікалі пад’ём узроўню вады ў рацэ прыкладна на метр, на непрацяглы час нам даводзілася перапыняць свой занятак. Нямала трацілася сіл і для належнага ўтрымання аб’язной дарогі, якая таксама пацярпела ад пераўвільготненасці, шкодзілася велікагрузным транспартам і нам даводзілася займацца яе добраўпарадкаваннем. Для таго, каб укласціся ў праектны тэрмін выканання работ, плануем арганізаваць двухзменку. Часам здачы аб’екта лічыцца 31 жніўня, і да гэтай даты запланаваны аб’ём павінен быць выкананы.

Падставай для спадзяванняў выканання дадзенага слова могуць служыць тыя акалічнасці, што прыцягнутая да работы ПМК на рынку будаўнічых работ знаходзіцца вось ужо 60 гадоў, на рахунку яе спецыялістаў Бярэзіншчына – далёка не першы адрас, дзе яны праводзяць комплекс меліярацыйных работ. Ды і той фактар, што названы аб’ект ПМК выйграла па тэндары і павінна праявіць сябе толькі са станоўчага боку, каб не страчваць імідж сярод іншых будучых заказчыкаў, таксама не дасць падрадчыкам працаваць няякасна або з прамаруджваннем тэрмінаў.

Анатоль ПАЛЫНСКІ.
Фота аўтара.

Источник:
Нашли ошибку? Выделите её и нажмите CTRL + ENTER