Сацыяльныя службы за сямейны лад

Date 13.05.2022 Man
Comment 1318
Сацыяльныя службы за сямейны лад

У чарговы рэйд па сем’ях, якім патрабуецца назіранне з боку дзяржаўных службаў, выправіліся педагог-псіхолаг сацыяльна-педагагічнага цэнтра Людміла Аўчарэнка, псіхолаг Бярэзінскага ТЦСАН Ала Крот і псіхолаг сярэдняй школы №2 Алена Кудзіна. На гэты раз рэйдавая група наведвалася да сем’яў, якія жывуць у горадзе.

Жанчыны п’юць

Першым пунктам на маршруце была сям’я, сітуацыя ў якой не можа не выклікаць пільнай увагі з боку дзяржаўных органаў – матуля была заўважана на моцным падпітку. Калі афіцыйныя госці завіталі ў кватэру, выявілі толькі тату з дзецьмі. Высветлілася, што гаспадыня дома на гэты момант знаходзілася на рабоце. На пытанні візіцёраў муж запэўніў, што алкагольных эксцэсаў у жонкі больш не назіраецца, наогул, у сям’і парадак, дзеткі добрыя і паслухмяныя, і паабяцаў на-прыканцы, што сітуацыя абавязкова выправіцца.

– Мы сёння першы раз завіталі ў гэтую сям’ю, іх толькі нядаўна паставілі на ўлік нядобранадзейных, – пракаментавалі псіхолагі. – Сёння першы дзень адсочвання сітуацыі. Цяпер маці павінна назірацца ў нарколага і раз у месяц рабіць абавязковы візіт для гутаркі ў ТЦСАН. На жаль, калі матулі злоўжываюць гарэлкай, не адзіны выпадак.

Пакусаў сабака

Наступная сям’я на ўліку ў дзяржаўных органах ужо не знаходзіцца. Аднак візіт да іх быў выкліканы пачаткам сацыяльнага расследвання: сабака, чатырохногі сябар гаспадара, пакусаў у двары чужое дзіця. На момант прыходу спецыялістаў рэйдавай брыгады жывёла ў кватэры ўжо адсутнічала. Мужчына патлумачыў прычыны: дзіця вырашыла пакарміць сабачку, а пасля, гуляючы з ім, атрымала раненні, моцны шок і зараз усяго баіцца. Што ў такой сітуацыі трэба рабіць з пункту гледжання Закона?

Гаспадар сваю віну поўнасцю прызнаў.

Пасварыліся дзеці

Візіт у наступную сям’ю быў справакаваным смешнымі для дарослага чалавека прычынамі – пабіліся дзеці. Але становіцца не да смеху, калі матуля маленькага агрэсара прыходзіць да бацькі пабітага хлопчыка і пачынае “разборкі”. Зразумела, у дадзеным выпадку таксама пачынаецца сацыяльнае расследаванне з прыцягненнем усіх адпаведных структур. Калі рэйдавая брыгада знаходзілася ў сям’і ў гасцях, раптам заявіўся хлопчык, які быў сведкам здарэння і расказаў, як ён бачыў бойку хлопчыкаў і растлумачыў прычыны. Сацыяльныя службы рэкамендавалі ў кантакты з матуляй агрэсіўнага хлопчыка не ўступаць, каб не абвастраць абстаноўку, а калі яе візіт паўторыцца – звяртацца ў міліцыю. Дадзеная справа – на кантролі.

З клопатам пра дзяцей

Не за гарамі летнія канікулы. Самы вясёлы, насычаны падзеямі, новымі знаёмствамі, адрыццямі, час для дзяцей. Але і адначасова самы небяспечны і трывожны. Таму бацькам і ўсім органам прафілактыкі і нагляду неабходна клапаціцца пра бяспечныя паводзіны непаўналетніх, каб не дапусціць іх гібелі і траўматызму, вядома ж, загадзя прадумаць і арганізаваць летні адпачынак школьнікам. З гэтай мэтай у нашым раёне з 1 мая і рэалізуецца комплексная праграма “Клопат”.

- Навучыць дзяцей адказна ставіцца да сабе, свайго здароўя, умець прадбачыць і правільна дзейнічаць у выпадку ўзнікнення небяспекі - галоўная задача ў першую чаргу бацькоў, - зазначае намеснік начальніка камісіі па справах непаўналетніх райвыканкама Святлана Бондар. - І, бясспрэчна, самі бацькі павінны ствараць бяспечныя ўмовы для дзяцей: схаваць таблеткі, не захоўваць у даступных месцах хімічныя сродкі, відэльцы, нажы, быць пільнымі з бытавымі прыборамі, кіпнем… На жаль, усіх экстрэмальных сітуацый, што могуць здарыцца з дзецьмі, прадугледзець немагчыма. Таму, паважаныя бацькі, будзьце ўважлівымі да “кветак” жыцця. Нагадвайце ім правілы дарожнага руху, абыходжання з агнём, растлумачце, дзе дазволена купацца, а дзе нельга… Гэты спіс правілаў, што зберажэ здароўе і захавае жыццё дзяцей, можна працягваць да бясконцага. Ды і дзеці таксама павінны думаць пра свае паводзіны.

На комплекснай рэабілітацыі

Жыве падлетак, якому да паўналецця застаецца крыху больш за год, але ўжо патрапіў у праграму комплекснай рэабілітацыі: за ім назіраюць сацыяльна-педагагічны цэнтр, міліцыя, нарколаг і іншыя. Прычыны простыя: хлопчык быў затрыманы ў п’яным стане.

Дарэчы, падлетак вучыцца ў ліцэі, засвойвае прафесію штукатура, працуе. Звесткі пра тое, што трэба зараз раз у месяц абавязкова паказвацца ў нарколага, успрымае з вялікім нежаданнем, маўляў, работы шмат, ды і “больш не паўторыцца”. Па рыторыцы чуваць, што хлопчык імкнецца да самастойнасці, і ўласныя праблемы прагне вырашаць сам, без удзелу рэабілітацыйных праграм.

“Неваляшкі-паваляшкі”

Наступны візіт збольшага нагадваў кадры з постапакаліптычнай стужкі пра зомбі. Прыехалі ў сямейства, дзе дзіця нядаўна забралі пад апеку дзяржавы. Мэта візіту падчас рэйду – праверыць, як сябе адчуваюць бацькі, ці смуткуюць, ці хочуць вярнуць сына? Гасцей сустрэла пустая хата, дзверы былі незамкнутымі. Паклікалі гаспадароў – ніхто не адазваўся. І калі вярнуліся назад у машыну, убачылі страхоцце: гаспадар дома вылез аднекуль з нетраў гаспадарчых пабудоў і трымаўся, як кажуць, адно брывамі за паветра. Неўзабаве з’явіліся і яго “сябры”, у такім жа стане. Гаспадыню так і не пабачылі. Выснова напрошваецца толькі адна: бацькі пазбавіліся ад дзіцяці і зараз балююць. Мабыць ад радасці. Але ці надоўга? Хутка давядзецца кампенсаваць затраты дзяржавы на ўтрыманне хлопчыка, мала не будзе.

Вось такія задачы вырашаюць сёння суб’екты прафілактыкі. Жыццё бурліць, людзі вакол розныя, з безданню ўласных памылак. Але ж галоўнымі застаюцца дзеці і іх будучыня. Дзеля таго спецыялістам шмат даводзіцца рабіць, каб не згубіць дзіця для грамадства, краіны, далейшага жыцця, надаць штуршок паверыць у сябе, уласныя магчымасці і сілы.

Аляксандр БЫЧКОЎСКІ.
Фота аўтара.

 

Источник:
Нашли ошибку? Выделите её и нажмите CTRL + ENTER