Сярод іх Іван і Наталля Цэдрыкі – гаспадары, для якіх словы «добраўпарадкаванне тэрыторыі» не проста надзённая неабходнасць, а лад жыцця, душэўнае захапленне, хобі, спароджанае любоўю да навакольнага свету і прыроды.
Парадаваць вока
Каля ўваходу ў двор расквітнелі бэз і спірэя. Побач жывая агароджа з акуратна пастрыжаных туй.
– Усе, хто прыходзіць да нас на экскурсіі, распытваюцца, хто абразаў туйкі? Стрыг дрэўцы ўласна сам, – усміхаецца Іван Васільевіч і дэманструе сваё расліннае багацце. – Пасадзілі іх спецыяльна яшчэ можа гадоў з 15 назад – каб менш пылу з дарогі ляцела ў вокны. І дрэўцы цудоўна затрымліваюць. Мне падарылі нажніцы спецыяльныя для той мэты, і давялося вось так акультурыць. Туйкі растуць яшчэ асобна. Зімою мы абвешваем іх гірляндамі, і калі ўключаем – не адвесці вачэй ад прыгажосці.
Побач з агароджай павырасталі незвычайныя дрэвы, якія прыцягваюць увагу формай суквеццяў. Аказваецца, гэта так званыя воцатныя дрэвы, якім ужо па 6-7 гадоў. Навошта? Дык каб радавалі вока не толь-кі гаспадарскае, але і людзей вакол.
Цюльпаны, півоні і «кот-абібок»
Каб парадаваць вока ды надаць душэўнай цеплыні ад асалоды сузірання дзівосаў прыроды, увасобленых у багацце расліннага свету, на ўчастку Цэдрыкаў расце шмат чаго яшчэ. Вакол дома па перыметры высаджаны рады цюльпанаў, півоні, фіялкі, у асобным месцы асаблівая елачка, якая не расце высокай, уздоўж агароджы – касачы, бергамот, карацей, разбягаюцца вочы, калі трапляеш сюды ўпершыню. Уздоўж акуратнай сцежкі трапляюцца садовыя фігуркі вожыка, ваўка і ката-абібока. Непадалёк ад «абібока» адпачывае пад кусцікам сапраўдны чорны кот, на гасцей амаль нуль увагі, толькі сіплае «ўяў».
Тут жа кветкі ў вазонах. Розныя званочкі, гіяцынты, іншыя.
– Гэта хатнія расліны, але цудоўна адчуваюць сябе і на вуліцы. Жонка Наташа іх выносіць на двор вясною, і яны могуць стаяць да восені, ажно да самых маразоў. Кветкі загартаваліся, паліваем рэгулярна, праз дзень. Усяго 25 вазонаў. У хаце яшчэ ёсць пеларгонія, герань, іншае, – тлумачыць гаспадар. – Наогул у нас высаджаны расліны так, што пастаянна нешта квітнее. Адцвітаюць адны, зараз жа пачынаюць квітнець наступныя, чаргуюцца. Самымі першымі з’яўляюцца каксоны, адразу пасля маразоў, напрыканцы сакавіка - пачатку красавіка.
Асаблівы гонар гаспадароў – ружы, якія вырастаюць прыгожымі.
На агародзе
– Вось толькі з агарода, не паспеў пераапрануцца, – расказвае Іван Васільевіч падчас правядзення «экскурсіі». – З гародніны мы садзім усё, што можна пасадзіць.
Наогул, агарод – асобная тэма. Тут не толькі стандартны для нашага жыхара набор: бульба, капуста, морква, памідоры, агуркі, часнок, цыбуля, маюцца яшчэ перцы, шмат рознага і смачнага. Асобнае месца займае плантацыя клубніц, аздобленая вакол таксама рознымі кветкамі. У садзе ўжо квітнеюць грушы, растуць непадалёк айва, фарзіцыя, і нават кветкі, якія змяняюць колер ад інтэнсіўнасці сонечнага святла. Ёсць маліны рэмантантныя, жоўтыя і чырвоныя, якія пладаносяць да зімы, ёсць і маліны звычайныя садовыя. Выстраіліся акуратныя кусцікі буякоў, парэчак, глогу. Цягнуцца ўверх вішні. Асаблівы шык – некалькі гатункаў вінаграду.
У вочы адразу кідаюцца чысціня і парадак, адсутнасць пырніку. Па словах Івана Васільевіча, трава высока проста не паспявае вырасці – жонка Наталля Сяргееўна дбайна выполвае.
«Зямны рай»
На нашу выснову, што тут сапраўдны чароўны сад, «зямны рай», Іван Васільевіч з уздыхам падвёў рысу, што падобнае патрабуе працы, працы і яшчэ раз працы, не складаючы рук.
– Нам падабаецца! Мы ў вёсках павырасталі, да працы з дзяцінства прывучаныя. Мама на ферме даіла каровак, дык даводзілася ўставаць у 5 раніцы, дапамагаць. Сам я з Мацевіч, мая Наташа – з Быхаўскага раёна. У школьныя часы ніколі ў бацькоў грошай не прасілі, улетку працавалі на зернетаку, калі трэба было зарабіць на касцюм ці на веласіпед. Галоўнае, не цурацца працы. Мы і гаспадарку трымаем, свае куры, парсючкі. Перыядычна бяру бычка на адкорм, да восені набірае да 350-400 кілаграмаў.
Радавацца жыццю
– Самыя першыя кусты і кветкі мы набывалі ў Мінску на Камароўскім рынку. Потым абменьваліся з сябрамі, суседзямі. Дарэчы, вакол нас жывуць усе аматары кветак: Клямені, Макарэвічы, Бараноўскія, Сушынскія, Бондаравы, ні ў каго зямля не пустуе, усе працуюць. Мы і на мора адпачываць не ездзім, бо ў нас тут – выйшаў з хаты і адразу месца адпачынку, зяленіва вакол, прыемны водар жывой прыроды. І лазня побач свая, палім кожную суботу, наведваюцца сябры, родныя. На ўчастку альтанка, мангал, столік – усё для адпачынку. Навошта куды ездзіць? Мы рады таму, што ёсць у нас, блізкае, роднае, сваё ад Бога. Радуемся жыццю кожны дзень. Збіраемся па святах сям’ёй: дочкі, зяць, унукі. Шчодрага ўраджаю хапае на ўсіх, нават бясплатна раздаём знаёмым пры выпадку. Бо галоўнае – гэта радасць ад таго, што ты робіш на сваёй зямлі, участку, і можаш падзяліцца з іншымі.
Аляксандр БЫЧКОЎСКІ.
Фота Алены ГРОМАВАЙ.