Кветак зашмат не бывае

Date 25.05.2022 Man
Comment 758
Кветак зашмат не бывае

Думаю, любы пагадзіцца з такой думкай, бо кожнаму з нас хочацца радавацца хараству свайго роднага краю, адчуваць асалоду ад навакольнай прыгажосці, прыемна адпачыць хоць на маленечкім кутку ўлоння прыроды. І для гэтага бярэзінцам не абавязкова выпраўляцца кудысьці за межы горада, бо зялёных зон і зон адпачынку ў нашым райцэнтры таксама нямала. А ствараюцца яны ў сваёй большасці намаганнямі работнікаў Бярэзінскай ЖКГ, якія гэтымі днямі прыступілі да чарговага сезону азелянення роднага нам населенага пункта.

- Сёлета ўмовы надвор’я, у прыватнасці нізкія тэмпературы паветра ў начны час сутак, не дазвалялі распачаць работы па азеляненні горада раней, - расказвае начальнік аддзела архітэктуры і будаўніцтва, жыллёва-камунальнай гаспадаркі райвыканкама Вераніка Фаміна. – І толькі зараз пачынаецца высадка дэкаратыўных кветак на цэнтральнай плошчы горада. Перад тым, як расказаць аб далейшым азеляненні райцэнтра, хачу сказаць, што яшчэ летась сіламі Бярэзінскай ЖКГ быў выкананы асноўны этап азелянення горада. Зроблена вельмі многае. У прыватнасці, высаджана звыш 3 тысяч зялёнарастучых кустарнікаў, хвойных раслін і дрэваў ліственных парод. Работы вяліся ў скверах побач з кінатэатрам і будынкам бібліятэкі, на тэрыторыі ўздоўж вуліц, у раёне зоны адпачынку каля штучнага возера па вуліцы Перамогі, на дваравых тэрыторыях шматкватэрных жылых дамоў. Не забыліся мы і пра наш новы сквер, які быў створаны ў 2019 годзе ў раёне вуліцы Ульянава.

Што датычыць распачатых зараз работ, то акрамя ўпарадкавання цантральнай клумбы на гарадской плошчы будуць разбіты кветнікі каля гасцініцы і (сіламі работнікаў культуры) каля будынка РЦК. Традыцыйна будзе сфарміравана клумба і каля гарадской аптэкі на вуліцы М.Горкага. Папрыгажэюць таксама і зялёныя зоны, якія знаходзяца ў непасрэднай блізкасці цэнтральных вуліц - М.Горкага, Перамогі і г.д. Зноў жа асаблівая ўвага будзе нададзена раёну зоны адпачынку каля штучнага возера.

Гэтымі днямі завяршаюцца работы на аб’екце “рэканструкцыя бібліятэкі пад маладзёжны цэнтр”. У рамках праектнай дакументацыі вакол будынка праведзены азеляляльныя работы – васаджаны туі і пасеяны газон. Побач, цераз вуліцу, знаходзіцца ўтульны  сквер, які таксама набываезараз новае жыццё. Яшэ ў канцы мінулага года ў ім правялі падсадку дэкаратыўных і маруднарастучых хвойных раслін. Неўзабаве тут з’явіцца клумба з дэкаратыўнымі кветкамі. У цэнтры сквера ўстаноўлены фантан. А ў сувязі з тым, што ў будынку бібліятэкі размесціцца аддзел ЗАГС, у гэтым скверы будзе ўпарадкаваны спецыяльны куток для тых, хто ўступае  ў шлюб. Падрабязнасці гэтага сюрпрызу для маладажонаў раскрываць пакуль не станем.

Вернемся да азелянення. Ім заняты не толькі работнікі камунальнай службы. Да гэтай справы плаўна перайшлі таксама ўсе гарадскія прадпрыемствы, арганізацыі і ўстановы: фарміруюцца клумбы, кампазіцыі, высаджваюцца расліны.

Не адстаюць і сяльчане, які распачалі работы яшчэ напярэдадні Дня Перамогі 9 мая. Паўсюдна ў раёне высаджваліся зялёныя хвойныя расліны – туі, кіпарысоўнікі, іншыя насаджэнні. У азеляненні прымалі ўдзел вучні сярэдніх школ і работнікі прадпрыемстваў, арганізацый, устаноў.  Шмат было пасаджана дрэваў і ў час правядзення акцыі “Тыдзень лесу”. І хаця выкананы аб’ём ажыццёўленых спраў не адносіўся да катэгорыі азелянення, ён унёс свой станоўчы эфект у экалогію нашай краіны. Прыемна адзначыць і актыўнасць многіх жыхароў раёна, якія на сваіх падворках, каля пад’ездаў шматкватэрных дамоў, на дачах таксама рупяцца над стварэннем рукатворнай прыгажосці. Якіх толькі кветак і раслін тут не сустрэнеш! А якія цудоўныя кампазіцыі, кветнікі ды клумбы яны ствараюць!

Дзякуй ім за іх нераўнадушныя сэрцы і душы, за працавітыя рукі. Гэтыя людзі – сапраўдны прыклад таго, як неабходна ўзбагачаць і захоўваць прыроду, клапаціцца аб ёй. Шаноўныя бярэзінцы і госці нашага рэгіёна, памятайце, калі ласка, што ўсё высаджанае, добраўпарадкаванае, створанае на радасць людзям, павінна захацавацца. Акрамя карпатлівай працы ў такія аб’екты, размешчаныя ў грамадскіх месцах і выкананыя работнікамі жыддёва-камуннальнай службы, укладваецца нямала грашовых сродкаў з раённага бюджэту, а таксама сродкаў,заробленых намі ж у час правядзення суботнікаў. Не забывайце пра гэта. Захавааем жа плады сваёй працы і намаганняў не толькі на адзін дзень, сезон або месяц, а на ўвесь тэрмін іх карыснай эксплуатацыі.Тварыце дабро і захоўвайце ўжо створанае.

 

Анатоль ПАЛЫНСКІ.

Фота аўтара.

Источник:
Нашли ошибку? Выделите её и нажмите CTRL + ENTER