Вашы планы на лета

Date 27.05.2022 Man
Comment 615
Вашы планы на лета

Лета цяпер настае неўпрыкмет і раптоўна, хоць даводзіцца доўга чакаць.

Мы і чакаем, робім планы яшчэ з зімы. Асабіста я мяркую летам часцей выбірацца на прыроду, а ў выхадныя дні калі-нікалі выпраўляцца ў паездкі на сталічныя культурна-масавыя мерапрыемствы, разнастайныя фестывалі і кірмашы.

А вось чым зоймецеся вы, дарагія бярэзінцы, нашы чытачы? З гэтым пытаннем мы на вуліцы звярнуліся да людзей.

Аляксей ШНІТКОЎ, прадпрымальнік:

– У нас летам ёсць чым заняцца дома. У мяне паўліны гадуюцца, проста так, для дэкарацыі і прыгажосці, эстэтычнай асалоды. Летам у іх пара павышанай жыццёвай актыўнасці. Дарэчы, гадаваць іх не так ужо і складана, паў-ліны харчуюцца, як і куры – зернем. Але ж, экзотыка! А я люблю эксклюзіў. У нас дома і фарэль нават ёсць, і два асятры жывуць у нашых прыродных умовах. Качка яйкі знесла, выседжвае зараз, будуць качаняты. Разумееце, гэта ўсё для душы. Так што лета поўніцца гаспадарчымі планамі. У дадатак яшчэ буду людзям дапамагаць аднаўляць утопленыя тэлефоны. Зазвычай у гэтым плане летам наступае пік, асабліва пасля свят, гулянак.

Дар’я БОГАЧ, настаўніца хіміі гімназіі:

– Паколькі я настаўнік, у маіх планах летам адпачываць. Бо работа педагога даволі няпростая, варта пераключыцца на лета. Так што, мяркую, будзе выключна актыўны адпачынак на прыродзе і ў бацькоў, якія жывуць у Новінах. Збіраюся лета правесці там, дапамагаць на агародзе, хадзіць у лес. Грыбы, ягады – мы гэта ўсё любім і шануем. Яшчэ планую заняцца рамонтам кватэры.

Настасся ЦАЛКОВА, загадчыца аддзела ў “Капеечцы”:

– Летам у нас звычайна на першым плане дача і градкі. У вольны час люблю з двума сынамі хадзіць на рэчку, пасядзець там з вудамі, палавіць рыбу. Улоў выпадае розны, але ж тут важны сам працэс, які вельмі прыемны. Мы – аматары прыроды. Жывём у Косаўцы. Я працую па графіку два дні праз два. На работу езджу на веласіпедзе. У дадатак яшчэ і аматар здаровага ладу жыцця. Веласпорт люблю, раней захаплялася бегам. У выхадныя больш за ўсё падабаецца быць каля рэчкі, на прыродзе.

Лера ШУГАЛЕЙ, школьніца:

– Лета заўсёды чакаю доўга і з нецярпеннем. Наступленне пары летніх канікул прыносіць задавальненне і радасць. Што чакаецца пасля навучальнага года? Мяркую з бацькамі хадзіць на рэчку, з сябрамі гуляць у футбол. Люблю катацца на веласіпедзе. Наогул, падабаецца спорт. Буду належным чынам забаўляцца. Акрамя таго, трэба прачытаць кнігі, якія задалі на лета. Іх у спісе праграмы летняга чытання ажно 17. Яшчэ папрацую над матэматыкай і іншымі прадметамі.

Юлія ЛОЙКА, працуе на спіртзаводзе кладаўшчыком:

– Пакуль летам у нас усё круціцца вакол работы і хатніх клопатаў. Адпачынак дома на агародзе памерам у 15 сотак, на якім зазвычай садзім усё, што і астатнія людзі: бульбу, памідоры, агуркі. Дачушка расце 6-гадовая. Хутка займёмся падрыхтоўкай да школы. Планую да мамы з’ездзіць на Гомельшчыну. Карацей, летам у нас сямейныя клопаты, гаспадарчая работа і процьма іншых спраў.

Аляксандр БЫЧКОЎСКІ.
Фота Алены ГРОМАВАЙ.

Источник:
Нашли ошибку? Выделите её и нажмите CTRL + ENTER