Малады – значыць актыўны!

Date 25.06.2022 Man
Comment 399
Малады – значыць актыўны!

Свята Дзень моладзі мае даўнія традыцыі і ўпершыню адзначалася ў нашай краіне ў 1958 годзе. Яго сутнасць засталася нязменнай і сёння: гэта дзень для маладых людзей і для тых, хто не старэе душой.

Якія мерапрыемствы ў гонар свята прапануе грамадская маладзёжная арганізацыя? Пра гэта і іншае расказвае першы сакратар Бярэзінскага райкама БРСМ Кацярына Аўрамчык:

– Напярэдадні свята ў нас прайшоў тыдзень моладзі, у якім літаральна кожны дзень шчыльна распісаны. У панядзелак праводзіліся адкрытыя дыялогі з працоўнай моладдзю на базе ААТ "Пагосцкі"  выхавальнікамі аздараўленчага лагера "Папараць-кветка". У якасці асноўнай тэмы разглядалася арганізацыя студатрадаў – актуальнае зараз пытанне. У аўторак у нас онлайн-квіс "Дзень навукі", у якім любы жадаючы мог прыняць удзел, завітаўшы на нашу старонку ў "Укантакце" і Інстаграме, каб прайсці віктарыну-апытанку з 25 пытанняў па любых навуковых накірунках. Дарэчы, у нас ёсць адзін чалавек, які прайшоў усё, прадэманстраваўшы выдатны інтэлектуальны ўзровень. У сераду на Дзень усенароднай памяці ахвяр Вялікай Айчыннай вайны і генацыду беларускага народу прайшла вахта памяці, у якой прынялі удзел члены піянерскай арганізацыі. Чацвер заняты так званай маладзёжнай  зарадкай у аздараўленчым лагеры "Папараць-кветка" і студатрадзе на базе ААТ "Пагосцкі", у якой прымаў удзел кожны жадаючы. У пятніцу – "Дзень дабра", забаўляльнае мерапрыемства ў сацыяльным дзіцячым прытулку з удзелам клоўна для дзяцей, якія засталіся без апекі бацькоў. У ролі клоўна ў нас акцёр-аніматар Анжэла Капуста, якая выкладае фізкультуру ў ДУА "Дзіцячы сад-яслі №2".Займаецца ўдзелам у забаўляльных мерапрыемствах для дзетак у якасці аніматара адносна нядаўна, але ўжо звярнула на сябе ўвагу, таму далучаю таленавітую жанчыну да нашых сумесных праектаў з моладдзю. У суботу і нядзелю прымем удзел у фестывалі на Кургане Славы, дзе будзе прадстаўляцца Бярэзінскі раён, у БРСМ тут маецца ўласная пляцоўка. Самае ж галоўнае чакаецца ў нядзелю ў Смалявічах: абласное мерапрыемства для моладзі "Студэнцтва-2022", мяркуецца насычаная разнастайная праграма, у якой будзе прадстаўлены арт-парад нашай моладзі, таксама інтэрактыўная пляцоўка "Маладзёжны праспект". Асобным пунктам у тыдні моладзі значыцца адкрыццё 25 чэрвеня маладзёжнага цэнтра ў будынку адноўленай гарадской бібліятэкі, будзе дыскатэка з 10 вечара да 2 гадзін ночы. На адкрыцці плануецца сустрэча з начальнікам галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Мінскага аблвыканкама Аляксандрам Ільясевічам.

Праца на лета

– Сёлета мы перавыконваем план па задзейнічанні моладзі ў студатрадах. Калі летась у іх удзельнічала 107 чалавек, то сёлета на дадзены момант ужо 121. Прыемна радуе, што арганізацыі і прадпрыемствы Бярэзіншчыны ідуць насустрач нашым пажаданням і прадастаўляюць часовыя працоўныя месцы. Варта заўважыць, што моладзь стала больш актыўнай у дадзеным плане, больш выказвае жаданне папрацаваць. Гэта звязана, па-першае, з інфармаваннем людзей. Мы пастаянна вядзём работу ў гэтым накірунку, робім усё, каб маладыя людзі мелі магчымасць уладкавацца на лета  хоць на 10 дзён. Выстаўляецца інфармацыя ў сацыяльных сетках, у мясцовую групу "Шукаю цябе, Беразіно" "Укантакце", праз раённую газету "Бярэзінская панарама". Таксама рэгулярна аб’язджаем прадпрыемствы, размаўляем з калектывамі і кіраўнікамі.

Дарэчы, з суботы пачынае працаваць студатрад у ДУА АЛ "Папараць-кветка", а з панядзелка – ў лясгасе.

Да таго ж, рэкламе спрыяюць чуткі, людзей, якія адпрацавалі змену 10 дзён і атрымалі добры заробак, самі ахвотна дзеляцца інфармацыяй з іншымі.

Дыялогі

– Адкрытыя дыялогі застаюцца дзейснай формай гутарак з працоўнай моладдзю, якая сябе апраўдвае, бо дазваляе акрэсліць рэальныя праблемы працоўнай моладзі. Мы стараемся пачуць маладых людзей, пасадзейнічаць у вырашэнні пэўных праблемных сітуацый. Сёлета пад агульнай тэмай "Моладзь, традыцыі і будучыня" правялі шмат адкрытых дыялогаў у лясгасе, ААТ "Пагосцкі", "Здравушка-Мілк", ЖКГ, ДРБУ-192, ва ўсіх установах адукацыі Бярэзіншчыны. На нядаўнім раённым турзлёце адбыўся адкрыты дыялог паміж старшынёй Бярэзінскага райвыканкама і спецыялістамі раённых прадпрыемстваў і арганізацый. Мы разглядалі пытанне: чаму маладыя спецыялісты пасля адпрацоўкі не застаюцца ў Беразіно? Сустрэча адбылася ў нефармальнай сяброўскай абстаноўцы, калектыўна абмеркавалі гэтае актуальнае пытанне.

Нашы актывісты

– У нас іх шмат. Асабліва хочацца вылучыць Арцёма Марчанку, які працуе ў "Хуткай медыцынскай дапамозе", захапляецца валейболам, летняй і зімняй рыбалкай. Настаўніцу пачатковых класаў СШ №2 Алену Цэнкель. Вартаўніка ААТ "Пагосцкі" Уладзіслава Слабко, які таксама падпрацоўвае у студатрадзе ў лясгасе і з’яўляецца камандзірам студатрада на родным прадпрыемстве. Электраманцёра па абслугоўванні і рамонце электраабсталявання спіртзавода Дзмітрыя Драка, які захапляецца валейболам, здаровым ладам жыцця і кіберспортам. Ды і шмат іншых. Яны ўсе ў мяне "разумнічкі", не пабаюся гэтага слова, выдатныя працаўнікі і спецыялісты. 

Пажаданні на свята

– Што асабіста мне хочацца пажадаць нашай моладзі на свята? Заставацца крэатыўнымі і дзейснымі, прытрымлівацца актыўнай грамадзянскай па-зіцыі, ніколі не сумаваць, не вешаць нос. У маладых усё яшчэ наперадзе. Дакладна, калі ты малады, то ўсё яшчэ зможаш. Таксама з аптымізмам рухацца наперад, працаваць над сабою і на карысць грамадства і краіны.

Аляксандр БЫЧКОЎСКІ.

Фота Алены ГРОМАВАЙ.

Источник:
Нашли ошибку? Выделите её и нажмите CTRL + ENTER