Праблема маладой сям’і вырашана станоўча

Date 08.07.2022 Man
Comment 655
Праблема маладой сям’і вырашана станоўча

Кожнаму з нас заўсёды прыемна назіраць як добраўпарадкоўваецца і прыгажэе наш горад. І такіх перамен, накіраваных на паляпшэнне жыцця бярэзінцаў, мы бачым апошнім часам нямала.

Прыемна адзначаць тое, што падобныя факты тычаць і асобных грамадзян у выніку іх зваротаў у раённы выканаўчы камітэт і іншыя адказныя службы. Адным з прыкладаў таго, як вырашаецца тая ці іншая праблема, стала гісторыя, пра якую рэдакцыі ў сваім электронным пісьме-падзяцы паведаміла жыхарка вуліцы Садовай горада Іна Чорная. Не будзем прыводзіць гэты тэкст, а раскажам пра сутнасць звароту жанчыны і тое, як ён быў вырашаны.

- Наша сядзіба, - расказвае Іна Аляксандраўна, - знаходзіцца ў вельмі зручным месцы. Усе выгоды – пошта, магазіны, цэнтр культуры, райвыканкам, ФАЦ “Лазурный”, садок – знаходзяцца менш як у пяці мінутах хадзьбы. Побач – рэчка, будынак графа Патоцкага. А наша вулачка – ціхая і спакойная, тут шмат дрэў і звычайна мала транспарту. Нашай сям’і вельмі падабаецца гэтае месца. І мы з задавальненнем добраўпарад-коўваем свой участак і прыдамавую тэрыторыю.

- Але мы не заставаліся сам-насам са сваімі праблемамі. Істотную дапамогу нам аказала дзяржава, - расказвае І. Чорная. – Так, нам выдзелілі льготны крэдыт на 40 гадоў на будаўніцтва жылля па Указу Прэзідэнта №185. Дарэчы, пасля нараджэння другога дзіцяці значная частка сумы на яго пагашэнне была скасавана. Бралі мы крэдыт і на будаўніцтва гаража, таксама па адным з указаў Прэзідэнта і пад невялікі працэнт. Калі б не было такой падтрымкі нам, як маладой сям’і, усяго таго, што мы зараз маем, мы не дасягнулі б.

Канечне, нямала давялося мужу і жонцы прыкласці і ўласных намаганняў для стварэння ўтульнасці і прыгажосці ў доме і вакол яго. Істотнай праблемай для іх з’яўлялася канава-ліўнёўка, якая праходзіла па краі прысядзібнага ўчастка і не толькі псавала яго знешні выгляд, а і стварала небяспеку, асабліва для дзетак, падмывала зямлю і ўстаноўленую агароджу.

Свае першыя візіты ў раённы выканаўчы камітэт з вуснымі зваротамі жанчына пачала рабіць яшчэ пры мінулым старшыні райвыканкама. Атрыманыя адказы былі нярадаснымі: у і без таго небагатым бюджэце раёна свабодных сродкаў на правядзенне неабходных работ няма. Летась Іна Аляксандраўна пабывала на асабістым прыёме ў Дзяніса Дзішука. Той не толькі выслухаў заяўніцу, а і асабіста прыбыў для таго, каб пазнаёміцца з аб’ёмам праблемы. Узяў яе пад асабісты кантроль. Апошнім візітам “у вышэйшыя інстанцыі” стаў прыём грамадзян па аса-бістых пытаннях прадстаўніка Адміністрацыі Кіравання справамі Прэзідэнта. Менавіта тады была агучана канкрэтная дата вырашэння праблемы і завяршэння выканання работ: 1 чэрвеня 2022 года.

- Як бачыце, - паказвае Іна тэрыторыю свайго прысядзібнага ўчастка, - ад былой канавы-ліўнёўкі не засталося і сляда. Ну, хіба што на тым участку, дзе праклалі трубу, па якой сцякае вада, яшчэ не адскачыла трава і месцамі праглядвае пясок. Усё цудоўна, нават не верыцца, што той раўчук, які кожны раз ствараўся на нашым участку пасля чарговага дажджу, больш не будзе шкодзіць нам і я магу смела выпускаць у двор дзяцей без боязні, што яны зваляцца ў тую канаву. Разумею, што выкананне работ было нятанным: пракласці ў зямлі 60 метраў трубы па ўчастку і закапаць усё гэта. Таму ад усёй нашай сям’і – вялікі дзякуй старшыні раённага выканаўчага камітэта Дзянісу Ігаравічу Дзішуку і іншым адказным асобам, якія былі задзейнічаны на выкананні майго звароту і дапамаглі вырашыць нам нашу няпростую пралему.

Сёння на прысядзібным участку Чорных акуратнымі стосікамі ляжыць плітка для ўкладкі і добраўпарадкавання тэрыторыі. Неўзабаве будзе ўстаноўлена і недастаючая частка агароджы ад вуліцы на тым месцы, дзе раней была ліўнёўка. Планаў па ўпрыгожванні двара і зямельнага ўчастка ў сям’і яшчэ шмат. І яны, безумоўна, ажыццёвяцца, бо ствараць прыгажосць сваімі рукамі, разам, тут любяць і ўмеюць.

Анатоль ПАЛЫНСКІ.
Фота аўтара.

Источник:
Нашли ошибку? Выделите её и нажмите CTRL + ENTER