Лесаруб-2022

Date 12.07.2022 Man
Comment 667
Лесаруб-2022

На базе Высакагорскага лясніцтва Бярэзінскага лясгаса адбыўся агляд-конкурс прафесійнага майстэрства вальшчыкаў лесу "Лесаруб-2022".

У спаборніцтвах удзельнічалі па два вальшчыкі лесу ад 10 лясніцтваў Бярэзінскага лясгаса, сярод іх два юніёры ва ўзросце да 24 гадоў - майстар лесу Дзмітравіцкага лясніцтва Дзмітрый Крот і вальшчык лесу Пагосцкага лясніцтва Дзмітрый Калтовіч.

Спецыялісты змагаліся ў пяці традыцыйных відах аперацый: «Валка дрэва», «Мантаж ланцуга», «Раскрыжоўка камбінаваным рэзам», «Дакладная раскрыжоўка» и «Абразанне сукоў».

- Ма-лай-чы-на! Ма-лай-цы!.. - гучна апладзіравала вальшчыкам лесу мілавідная жанчына. Самай актыўнай балельшчыцай аказалася Алена Гайдук - цётка аднаго з удзельнікаў агляду-конкурсу прафесійнага майстэрства вальшчыкаў лесу Пятра Савасціёнка.

- Я жыву ў Мінску, а цяпер на час адпачынку прыехала ў вёску Клубча, - кажа Алена Платонаўна. - І калі мой пляменнік Пеця стаў збірацца на спаборніцтвы вальшчыкаў, я не змагла застацца ўбаку ад такой падзеі. Прыехала "пахварэць" за яго. Да таго ж, мяне вельмі зацікавіў яго аповед пра іржавую пілу, якую ўручаюць «першаму ззаду», і каму ж яна дастанецца?! Вельмі выдатна прыдумана: гэта і з гумарам, і як бы штуршок іншым для далейшых рашучых дзеянняў!..

Вопытныя лесарубы адчувалі сябе як рыба ў вадзе – гэта ж іх родная стыхія, іх штодзённая праца. Многія праходзілі праз выпрабаванні спакойна і ўпэўнена, маладзейшыя не хавалі свайго хвалявання.

- У лесе ў час штодзённай працы, - казаў Сяргей Войткун, вальшчык лесу Любушанскага лясніцтва, - ты сам сабе рэжысёр. А тут пад наглядам суддзяў, ды яшчэ побач з чэм-піёнамі!.. Вядома, хваляванне ёсць, нягледзячы на мой шматгадовы працоўны стаж. Але добра, што ў нас праводзяцца такія мерапрыемствы, кожны мае магчымасць павысіць сваё майстэрства.

Пакуль суддзі на чале з начальнікам бюро па ахове працы Мікалаем Бурым падлічвалі балы, вальшчыкі лесу Сяргей Шкудроў і Юрый Несцяровіч, якія не раз прымалі ўдзел у міжнародных чэмпіянатах лесарубаў, паказвалі ўсім прысутным сваё віртуознае майстэрства ў майстар-класе па абразанні сукоў.

У гэты дзень не толькі на лясных дзялянках, а і па ўсёй, звычайна спакойнай і ціхай вёсачцы Высокая Гара, з раніцы да вечара быў чутны зычны гул магутных бензапілаў…

І вось надышоў урачысты этап узнагароджання. Дырэктар Бярэзінскага лясгаса Сяргей Чымка павіншаваў усіх удзельнікаў з завяршэннем прафспаборніцтваў і разам з галоўным ляснічым Андрэем Бягуном і галоўным інжынерам Максімам Шугалеем уручыў пераможцам дыпломы, медалі і прызы, а таксама магутную бензапілу ў падарунак пераможцу ў асабістым заліку. Ім стаў вальшчык Пагосцкага лясніцтва Пётр Савасціёнак (ён набраў 1355 балаў). Другое і трэцяе месцы ў Андрэя Леўты (1310 балаў) і Івана Сіняка (1301 бал), якія прадстаўлялі Дзмітравіцкае лясніцтва.

Сярод юніёраў 1 месца прысуджана маладому спецыялісту, майстру лесу Дзмітравіцкага лясніцтва Дзмітрыю Кроту (752 балы). Нічога, што форма была яму завялікая, не па росце, тут галоўнае - імкненне да перамогі, аптымізм і вера ў сябе зрабілі сваю справу!

У агульнакамандным заліку па выніках агляду-конкурсу 1 месца заваявала каманда Пагосцкага лясніцтва, 2 месца - Дзмітравіцкае, 3 месца - Любушанскае лясніцтва.

А іржавую пілу з жартамі і пад дружныя апладысменты калег прымаў ляснічы Высакагорскага лясніцтва Аляксандр Галуза.

Слова аб пераможцах

Пётр Савасціёнак

Пра вальшчыка Пагосцкага лясніцтва Пятра Савасціёнка не раз пісала наша раённая газета. За сваю шматгадовую добрасумленную працу ён быў адзначаны многімі дыпломамі і ганаровымі граматамі, да таго ж ён – гаспадар мнагадзетнай сям'і, любячы муж, клапатлівы бацька.

Андрэй Леўта

Працоўны стаж вальшчыка лесу Дзмітравіцкага лясніцтва Андрэя Леўты - больш за 10 гадоў. Пачынаў свой шлях у прафесію лесарубаў, потым гады 2 спрабаваў сябе ў якасці лесніка. Андрэй Мікалаевіч прымаў удзел і ў абласных спаборніцтвах вальшчыкаў лесу, і займаў прызавыя месцы. Да таго ж ён яшчэ і спартсмен, і рыбалоў.

Іван Сіняк

Вальшчык лесу Дзмітравіцкага лясніцтва Іван Сіняк лічыць, што знайшоў сваё месца менавіта тут - у калектыве Бярэзінскага лясгаса. Тут ён працуе ўжо каля 10 гадоў, таксама актыўна ўдзельнічае ў грамадскім жыцці калектыву, і не ў шкоду свайму хобі.

- Люблю рыбалку, - кажа Іван Эдуардавіч. - У мінулым годзе мы ўдзельнічалі ў спаборніцтвах па падводнай лоўлі рыбы. Для мяне заўсёды ў радасць такія паездкі. Мой самы вялікі ўлоў - рыбіна вагой 4 кг!

Дзмітрый Крот

Майстрам лесу Дзмітравіцкага лясніцтва Дзмітрый Крот працуе 1 год пасля заканчэння Полацкага ляснога каледжа. А да гэтага паспеў папрацаваць у Чачэрску.

- Я сам захацеў працаваць у Бярэзінскім лясгасе, - кажа Дзмітрый Сяргеевіч. - Дзякуючы інтэрнэту вывучыў рэйтынг, паслухаў водгукі знаёмых, і зразумеў, што маё месца тут!

Алена ГРОМАВА.
Фота аўтара.

Источник:
Нашли ошибку? Выделите её и нажмите CTRL + ENTER