Пасля заканчэння Чэрвеньскага прафтэхвучылішча Мікалай атрымаў спецыяльнасці сталяра-станочніка і рэзчыка па дрэве і бяросце. Малады спецыяліст вярнуўся ў родны аграгарадок Багушэвічы, уладкаваўся ў мясцовае сельгаспрадпрыемства, шчыраваў будаўніком, трактарыстам, а потым вырашыў паспрабаваць сябе ў лясной галіне.
– Я трапіў у добры зладжаны калектыў, – гаворыць Мікалай Сяргеевіч. – Азам лясной прафесіі мяне навучаў наш "старажыл" з 29-гадовым працоўным стажам Аляксандр Гушчын. Ён стаў для мяне сапраўдным настаўнікам, пакрысе ўводзіў "у курс справы", раскрываў прафесійныя сакрэты...
Цяпер Мікалай Сяргеевіч і сам на ўсе рукі майстар. Ён абслугоўвае два абходы - №9 плошчай 752,5 гектараў і №10 плошчай 978,5 гектараў. Гэта значныя тэрыторыі - ад Багушэвіч да Матылянкі, ад Асмолаўкі да Якшыц. Асноўныя клопаты леснікоў летам – догляд за маладымі насаджэннямі, асвятленне, прачысткі, высечкі. Акрамя таго, Мікалай Сяргеевіч будзе задзейнічаны ў час зернеўборачнай кампаніі ў ААТ "Багушэвічы" – на камбайне "Палессе GS-12". Летась ён таксама шчыраваў на сельскагаспадарчых палетках, і нават дапамагаў сельгаспрадпрыемствам у суседнім раёне.
Акрамя таго, Мікалай Сяргеевіч – шматдзетны бацька, разам з жонкай Наталляй Аляксандраўнай (яна працуе выхавальнікам у дзіцячым садку) выхоўвае траіх дзяцей.
Алена ГРОМАВА.
Фота аўтара.