У самым маладым па ўзросце аддзеле аховы – самы малады супрацоўнік

Date 09.08.2022 Man
Comment 431
У самым маладым па ўзросце аддзеле аховы – самы малады супрацоўнік

Тафталогія ў гэтым выпадку цалкам апраўдана. Бярэзінскі раённы аддзел Дэпартамента аховы Рэспублікі Беларусь лічыцца самым маладым па ўзросце калектывам ахоўнікаў.

Сярэдні ўзрост яго супрацоўнікаў не перавышае 25 гадоў. І ніхто, напэўна, у бліжэйшыя гады не забярэ ў яго гэту славу, бо 11 сакавіка тут прыступіў да службы міліцыянерам 18-гадовы Даніла Баразна. Праўда, юны ўзрост не перашкода для яго ў новым калектыве.

- Я тут па сцежках брата, які служыць участковым інспектарам міліцыі ў аддзеле аховы правапарадку і прафілактыкі раённага аддзела ўнутраных спраў, - гаворыць юнак, - і хаця яму часта прыходзіцца няпроста на сваім участку ў горадзе, ён падтрымаў мяне ў маім жаданні насіць міліцэйскую форму і змагацца за правапарадак.

Жаданне стаць вартавым правапарадку ўзнікла ў Данілы не на пустым месцы і не толькі са слоў старэйшага брата.

- Мне імпануе работа групы затрымання і падтрыманне правапарадку, - дадае ён. - Тут няма нічога лішняга: ні эмоцый, ні рухаў. Прадумана кожнае слова і дзеянне, а за ўсім гэтым стаяць выпрацаваныя прафесійная вытрымка, строгі парадак дзеянняў і выключная фізічная форма.

Юнак пакуль толькі апрацоўвае гэтыя якасці і дапамагае яму ў гэтым увесь калектыў.

- Наш калектыў асаблівы, - тлумачыць Даніла, - тут усе адзін за аднаго. Так настройвае нас наш кіраўнік Данііл Тарацін. Ён самы малады кіраўнік у рэспубліцы, але з павагай ставіцца да кожнага свайго супрацоўніка, імкнецца яго падтрымаць і зразумець, дае яму права на ўласную памылку. Напэўна таму тут так камфортна служыцца і сюды імкнецца моладзь на працу.

- А сакрэт не ў тым, што служба ў Дэпартаменце аховы вызваляе ад выканання воінскага абавязку, - правакацыйна пытаюся я.

- Ніколькі! У арміі служаць усяго паўтара гады, а нашы супрацоўнікі гатовы служыць да пенсіі. Няма у нас сварак і канфліктаў, бо кожны выконвае сваю канкрэтную задачу і адчувае сваю вартасць ў калектыве.

Падабаецца Данілу не толькі такі настрой на работу, але і магчымасць заявіць аб сабе на спартыўных спаборніцтвах.

- Я яшчэ ў школе не цураўся заняткаў у трэнажорнай зале, - дадае Даніла, - ды і цяпер я там бываю практычна пастаянна. Падтрымліваць сябе ў добрай фізічнай форме прымушаюць калегі, якія рэгулярна займаюцца і выступаюць на розных спаборніцтвах.

Настрой на службу Даніла падтрымлівае жаданнем у будучым атрымаць юрыдычную адукацыю.

- Мяне на гэта настройвае родны брат, калегі, - гаворыць Даніла, - разумею, што будзе складана сумяшчаць службу і вучобу. Таму пакуль не ўстану цвёрда на ногі, напэўна не будзе ў мяне часу знайсці сваю адзіную суджаную. Служыць і кахаць трэба аддана!


Мілана ТРАПЯНОК.
Фота Алены ГРОМАВАЙ.

Источник:
Нашли ошибку? Выделите её и нажмите CTRL + ENTER