Сёлета кожная з пчоласем’яў пчальніка Бярэзінскага лясгаса, які знаходзіцца ў Арэшкавіцкім лясніцтве, прынесла па 25 кг мёду. У гэтым годзе планавае заданне 2 тоны не проста выканана, а перавыканана на паўтоны.
На пчальніку ўтрымліваюцца 100 пчоласем’яў. Сёлета з красавіка пчаляром тут працуе Эдуард Беркін, да гэтага ён шмат гадоў узначальваў калектыў Арэшкавіцкага лясніцтва. А памочнікам у яго ў гарачы сезон - Мікалай Лобач з суседняй вёскі Дзмітравічы. Мікалай Васільевіч да выхаду на пенсію працаваў тут лесніком.
Аб карысці мёду і прадуктаў пчалярства многа гаворыцца і пішацца. І ў кожнага пчаляра свой “почырк”, свой метад работы, свае рэцэпты. Эдуард Адамавіч ніякіх сакрэтаў не хавае.
- Калі я захапіўся пчалярствам, - распавядае ён, - я цалкам адмовіўся ад цукру. У нашай сям'і мёд - заўсёды на стале. Асабліва мяне падтрымлівае Косця - адзін з пяцярых маіх унукаў...
Цяпер, у часы пандэміі каранавіруса, лепшы сродак для умацавання імунітэту - настойка пропалісу на 70-градуснай гарэлцы. Настойка павінна быць не ніжэй і не вышэй градусам. Толькі ў такім працэнтным змесце спірт выцягвае з пропалісу ўсё самае каштоўнае. Раніцай нашча некалькі кропель настойкі пропалісу трэба дадаваць у ваду або малако і выпіваць. Вось і сакрэт выдатнага самаадчування.
Нямала нюансаў трэба ведаць і ў падрыхтоўцы пчоласем’яў да зімоўкі і выхаду з зімоўкі. Каб пчолкі заўсёды былі здаровыя, Эдуард Адамавіч і палын выкарыстоўвае, і часнок дадае. Бо каб атрымаць добры “взяток”, трэба мець моцных пчол. Калі пчаляр нешта ўпусціў, своечасова не правёў лячэнне, то пры самым удалым сезоне сям'я нічога не прынясе. Не будзе здаровых пчол - не будзе і мёду. Таксама нямала намаганняў прыкладвае пчаляр са сваім памочнікам для падарожжа пчол, каб пчолкі маглі здабыць больш мёду. Працы ў пчаляроў і цяпер дастаткова -падрамантаваць вуллі, пераплавіць соты на воск, перагледзець рамкі, надзейна падрыхтаваць пчоласем’і да зімоўкі.
Калі мы прыехалі ў Арэшкавічы ў адзін са жнівеньскіх дзён, здалося, што на пчальніку было дзіўнае супакаенне. Па ўсім адчувалася, што гарачы нарыхтоўчы сезон для пчолак завяршаецца.
Эдуард Адамавіч адчыніў адзін з вулляў, дастаў, здалося, пустую рамачку і сказаў: “Калі зазірнуць у глыбіню васковых вочак, можна ўбачыць, што пчолы ўжо адкладаюць дзетак. У пчол настолькі ўсё арганізавана і адладжана... Чалавеку можна шмат чаму ў іх павучыцца. Мне заўсёды было цікава займацца пчоламі. Гэта дзіўныя істоты.
Дарэчы, для жадаючых набыць мёду, трэба звярнуцца ў Бярэзінскі лясгас.
Алена ГРОМАВА.
Фота аўтара.