Аб чым марыць самы малады бярэзінскі ўчастковы інспектар міліцыі?

Date 29.08.2022 Man
Comment 874
Аб чым марыць самы малады бярэзінскі ўчастковы інспектар міліцыі?

Выпускнік Магілёўскага інстытута МУС Рэспублікі Беларусь Сяргей Вачкоў прыйшоў на службу менш чым месяц таму. Ён участковы інспектар міліцыі аддзела аховы правапарадку і прафілактыкі Бярэзінскага РАУС. Як яго прынялі ў калектыве праваахоўнікаў і якія першыя ўражанні ад службы? На гэтыя і іншыя пытанні адказвае пачынаючы “аніскін”.

Пачынаў кадзетам

 

Сяргей вырас у Беразіно, захапіўся вайсковай службай. Падабалася яму не толькі прыгожая вайсковая форма і выпраўка, але і іх дакладны рытм жыцця, строгая дысцыпліна і гатоўнасць у любую хвіліну стаць у баявы строй.

– Таму пакінуў сцены роднай гімназіі і стаў кадэтам кадэцкага вучылішча, – пачаў размову малады міліцыянер, – паскардзіцца на суровыя ўмовы навучання і выхавання я не магу, бо там я цалкам загартаваў свой характар, знайшоў верных сяброў і сябе праверыў.Ды і на што скардзіцца? Што ўставалі кожны дзень у 6 гадзін раніцы, жылі па дакладным раскладзе, увесь час падпарадкоўваліся загадам? Мне гэта было ў кайф, аднак там я канчаткова вырашыў – вайсковая служба мне не па душы. Так узнікла мара апрануць міліцэйскую форму і не менш дастойна стаяць на варце правапарадку грамадзян.

У кадзецкім вучылішчы юнак адвучыўся два гады. Там, акрамя школьнай праграмы, вывучалі асновы права, рабілі стаўку на страявую падрыхтоўку і выпрацоўку добрай фізічнай формы.

– Чаму вырашыў паступаць ў Магілёўскі інстытут, а не ў Мінскую акадэмію МУС? –папярэдзіўшы мае пытанне працягваў размову міліцыянер, – Гэта было маё ўласнае рашэнне. Ды я аб сваім выбары ніколькі не шкадую.

Будучы курсантам, Сяргей праходзіў практыку ў Бярэзінскім РАУС і ўжо тады пераканаўся, што зрабіў правільны выбар.

– Нават калі была магчымасць застацца ў Магілеве альбо пераехаць у які –небудзь іншы горад, – прызнаецца Сяргей, – я б напэўна не пагадзіўся, я добра ведаю і люблю свой горад. А без гэтага ніяк не стаць сапраўдным участковым інспектарам.

 

Першыя крокі з настаўнікам

Рабіць першыя крокі ўчарашняму курсанту дапамагае настаўнік, які замацаваны за кожным маладым супрацоўнікам у міліцыі. Яны, як ніхто, ведюць, як важна падтрымка вопытных пачынаючым “аніскіным”. Сваім першым настаўнікам Сяргей называе часова выконваючага абавязкі начальніка аддзела аховы правапарадку і прафілактыкі капітана міліцыі Вадзіма Сакава. Ён, дарэчы, таксама выпускнік Магілёўскага інстытута МУС Рэспублікі Беларусь. .

– З настаўнікам мне, лічы, пашанцавала, – сцвярджае міліцыянер. – Ён падрабязна тлумачыць мне, як трэба паводзіць сябе ў той ці іншай сітуацыі, чаму любую праблему трэба вырашаць мірна, без канфліктаў. Праца з насельніцтвам – аснова работы міліцыі і яна мне па душы. Участковы павінен ведаць кожнага жыхара на сваім участку, каб пры неабходнасці папярэдзіць альбо дапамагчы ў бядзе. А гэта трэба пры любым раскладзе рабіць па-чалавечы.

Участковыя інспектары міліцыі пастаянна на перадавой правапарадку, а тут, як вядома, бура эмоцый і страсцей. Таму, акрамя камунікабельнасці і ведання псіхалогіі, не лішнімі будуць яшчэ эмацыянальная ўстойлівасць, вытрымка і назіральнасць.

 

Марыць самастойна правесці праверку матэрыялу

У зоне адказнасці маладога ўчастковага міліцыі будуць жыхары прыватнага сектара горада, пачынаючы з вуліцы Мінскай. Праўда, мець зносіны давядзецца яму з няпростым кантынгентам – асобамі, схільнымі да ўжывання алкаголю і ўчынення правапарушэнняў. Таму рэдкі працоўны дзень абыходзіцца без фактаў крадзяжу, хуліганстваў і суседскіх сварак.

– Тут разабрацца бывае даволі цяжка, а не тое, што дапамагчы ў складанай сітуацыі, – шчыра прызнаецца міліцыянер. – А так хочацца, каб людзі жылі ў згодзе і павазе адзін да аднаго.

Дзеля гэтага Сяргей гатовы забыцца пра свой ненармаваны рабочы дзень, які ставіць пад пагрозу яго рэгулярныя трэніроўкі ў трэнажорнай зале. Куды больш ён хоча, каб яму ў рэшце рэшт даручылі самастойна правесці матэрыял праверкі.

– Для мяне галоўнае пытанне – хутчэй ўліцца ў міліцэйскую працу, гаворыць лейтэнант, – Тут маім верным памочнікам стаў наш дружны калектыў. Ніхто не адмаўляе мне ў дапамозе, бо патрэбны правапарадак – наша агульная справа. Падтрымліваюць мяне не толькі калегі, але і бацькі, малодшы брацік і дзяўчына. Усе яны пераконваюць мяне, што я зрабіў правільны выбар, апрануўшы міліцэйскую форму.

Мілана ТРАПЯНОК.

Фота Алены ГРОМАВАЙ.

 

Источник:
Нашли ошибку? Выделите её и нажмите CTRL + ENTER