“Я выбраў вёску”
Андрэй Мікалаевіч родам з Барысава, аднак ўсё дзяцінства яго прайшло на радзіме матулі – у вёсцы Калінаўка (цяпер Пагосцкага сельскага Савета Бярэзінскага раёна). Любоў да навакольных прастораў, да прыроды, лясных угоддзяў прывяла юнака ў Беларускі дзяржаўны тэхналагічны ўніверсітэт на факультэт “Лясная гаспадарка”. Ні матуля, ні бацька не ўплывалі на выбар прафесіі сына, аднак змаглі перадаць яму сваю любоў да вёскі, дзе прывольна адчувае сябе душа.
- Маці па спецыяльнасці тынканоўшчык, бацька працаваў на Барысаўскім мелькамбінаце, - распавядае Андрэй Мікалаевіч. – Яны ў свой час паехалі ў горад. А я выбраў вёску.
Некалі бабуля – Ніна Сямёнаўна Смаргун – працавала ў лесе на падсочках. Іншы раз брала з сабой у лес і ўнука, паказвала яму вялізныя сосны, што імкнуліся ў неба, і як збіралі з сасновых ствалоў, нарыхтоўвалі смалу (жывіцу). У хваёвых лясоў свая, асаблівая энергія. Як там добра і лёгка дыхаецца! І гэта адчуваецца заўсёды. З дрэвам працуе і бацька Андрэя Мікалаевіча. Ён – і сталяр, і цясляр, і станочнік. Навучыў і сына працаваць за дрэваапрацоўчымі станкамі.
- А пра дзеда – Аляксандра Логвінавіча - я многа не ведаю, - працягвае размову Андрэй Мікалаевіч. - Нам вядома, што загінуў на фронце і пахаваны ў брацкай магіле дзесьці ў Расіі... Аднак памяць пра яго ў нашай сям’і свяшчэнная, як і Дзень Перамогі.
Старшы дзяржаўны інспектар
Пасля заканчэння трэцяга курса БДТУ Андрэй Мікалаевіч уладкаваўся ў Любушанскае лясніцтва Бярэзінскага лясгаса. Вучобу завяршаў ужо завочна. У лясгасе шчыраваў майстрам амаль 5 гадоў (з 2015-га да красавіка 2020 года), а пасля вырашыў ахоўваць лясныя тэрыторыі, стаў інспектарам Бярэзінскай міжраённай інспекцыі аховы жывёльнага і расліннага свету. Ён з першых дзён зарэкамендаваў сябе найлепшым чынам і быў заслужана адзначаны высокай узнагародай.
- Асноўныя накірункі, што я курырую, - гаворыць Андрэй Мікалаевіч, - гэта ААПТ (асабліва ахоўныя прыродныя тэрыторыі) і лясная гаспадарка. У сферу адказнасці інспекцыі ўваходзяць 2 раёны – Бярэзінскі і Чэрвеньскі. Сярод асабліва ахоўных аб’ектаў вядомы 2 дубы чарэшчатых на тэрыторыі Любушанскага лясніцтва (Бярэзінскі раён), чорныя сосны ў парку ў Смілавічах (Чэрвеньскі раён) і інш.
Бывае, пры выкананні сваіх службовых абавязкаў і затрыманні правапарушальнікаў інспектарам даводзіцца выкарыстоўваць спецыяльныя сродкі індывідуальнай аховы, нават службовую агнястрэльную зброю.
У жыцці маладога інспектара ўжо нямала выпадкаў, калі даводзілася затрымліваць браканьераў за незаконнае рыбалоўства ці незаконнае паляванне...
Надзейны тыл – сям’я
Калі праводзяцца рэйды, жонкам дзяржаўных інспектараў Бярэзінскай міжраённай інспекцыі аховы жывёльнага і расліннага свету даводзіцца іншы раз чакаць сваіх мужоў дадому не адны суткі. Але яны ўжо прызвычаіліся да такога рэжыму работы сваіх суджаных.
Так і ў сям’і Антанчукоў. Дарэчы, пазнаёміліся Андрэй і Лізавета, дзякуючы інтэрнэту. Амаль адразу адчулі нейкае адзінства – інтарэсаў, поглядаў, пачуццяў... І ў хуткім часе аб’ядналі свае лёсы. У маладой сям’і першым нарадзіўся сынок Багдан (яму два годзіка), а сёлета – дачушка Аліса.
Усе разам яны з задавальненнем наведваюць бацькоўскі дом у Мачаску. Там дапамагалі ствараць прыгажосць і ўтульнасць. Сярод насаджэнняў – вінаград шматлікіх гатункаў (усяго каля 15!), нават ёсць “Рубі Раман”, гэты Рымскі рубінавы гатунак вывелі ў Японіі, ён лічыцца даволі капрызным і дарагім, таму прыжываецца і радуе толькі дбайных гаспадароў. Гронкі “Рубі Рамана” могуць дасягаць у вазе 450 грамаў!.. Шмат на ўчастку хваёвых дрэў: туі розных відаў, піхты, елкі канадскія, ядлоўцы. Прыжыўся і дорыць свае плады і грэцкі арэх, які матуля Андрэя Мікалаевіча прывезла некалі з Каўказа...
Непадалёк ад бацькоўскага дома зараз ідзе будаўніцтва і свайго ўласнага жылля (пакуль маладая сям’я жыве на здымнай кватэры ў Беразіно).
- Мая мара дабудаваць свой дом так, як я задумаў, - гаворыць Андрэй Мікалаевіч, - светлым, прасторным, з мансардным другім паверхам... Дзе будзе ўтульна і камфортна ўсім маім родным, і блізкім, і гасцям.
Алена ГРОМАВА.
Фота аўтара.