Дакладней, Уладзімір Фёдаравіч – не толькі рамшчык, па сумяшчальніцтве ён яшчэ і майстар такарнай дзейнасці. Яго майстэрству і працаздольнасці можна пазайздросціць, а ён проста ўсё жыццё займаецца любімай справай.
Родам Уладзімір Фёдаравіч з вёскі Пагост. Пачынаў свой працоўны шлях яшчэ ў калгасе “Камунар” (цяпер ААТ “Пагосцкі”). Потым жыццёвая дарога прывяла яго ў Бярэзінскі лясгас, доўгі час працаваў на МВУ “Кукарава”.
- Вопыт не прыходзіць сам па сабе нікому, - гаворыць 60-гадовы юбіляр. - Гледзячы на іншых, ва ўзаемадзеянні, пры падтрымцы штодзень ты набіваеш, як кажуць, руку і набываеш той самы вопыт, які становіцца тваёй неад’емнай часткай. Наогул спецыяльнасць рамшчыка мы пацвярджаем раз у пяць гадоў на курсах павышэння кваліфікацыі. А спецыяльнасць токара я набываў у Барысаўскім профтэхвучылішчы, замацоўваў набытыя веды ў час практыкі на заводзе “Інтэграл”, і на “Белазе”, і ў сельскай гаспадарцы...
Наогул агульны працоўны стаж Уладзіміра Фёдаравіча ў сельскай гаспадарцы – гадоў 15, а ў лясной галіне - ужо больш за два дзесяцігоддзі.
- Выгадавалі з жонкай сына і дачку, - дадае Уладзімір Фёдаравіч. – Цяпер радуемся ўнукам. Іх у нас чацвёра. Калі прыязджаюць у госці, гуляю з імі ў футбол, нават маладзею душой...
За сваё майстэрства, бездакорную шматгадовую працу Уладзімір Фёдаравіч неаднойчы быў адзначаны граматамі адміністрацыі Бярэзінскага лясгаса і Ганаровымі граматамі Бярэзінскага райвыканкама, двойчы быў занесены на раённую Дошку гонару. А сёлета ўручылі Ганаровую грамату Мінскага ДВЛГА, шчыра шанавалі ў працоўным калектыве, са святочнымі пажаданнямі і кветкамі з нагоды 60-годдзя.
Алена ГРОМАВА.
Фота аўтара.