Выпісваем, любім, чытаем!

Date 16.09.2022 Man
Comment 606
Выпісваем, любім, чытаем!

Іна Крывянкова па адукацыі эканаміст, але вось ужо некалькі гадоў як носіць міліцэйскую форму. Яна – старшы інспектар групы кадраў Бярэзінскага РАУС. У яе заўсёды шмат рабочых турбот і клопатаў, але ёсць і яшчэ адзін прамы абавязак па душы.

– У нашым аддзеле ўся карэспандэнцыя нязменна спачатку трапляе ў аператыўна-дзяжурную часць, – зазначае Іна. – А тут заўсёды шмат супрацоўнікаў сутыкаюцца па службе. У гэтым нічога дзіўнага няма. Але вось знайсці пасля іх сярод стоса розных газет “Бярэзінскую панараму” бывае няпроста: знаходзяцца ахвотнікі забраць і пачытаць выданне ўважліва, у цішы рабочага кабінета.

Нервавацца ў такім выпадку інспектар не спяшаецца, бо ведае ўсіх вартавых правапарадку, хто выпісвае выданне. Праўда, можа і памыліцца ў сваіх падазрэннях. Здараецца, што сярод такіх і заўзятыя падпісчыкі раёнкі. Што рабіць, калі загружанасць на працы не дае магчымасці чытаць дома газету?

– Ведаеце, “Бярэзінская панарама” ўпадабана многімі міліцыянерамі па розных прычынах, – прызнаецца яна, – бо заўсёды трымае нас у курсе навін і падзей раёна. Аператыўна яны падаюцца ў тэлеграм-канале, інстаграме і на сайце, але ж людзям хочацца дачытаць асобныя матэрыялы да канца і больш уважліва разгледзець фотаздымкі.

Ды і на рабочым стале маладой жанчыны "Бярэзінская панарама" ляжыць пастаянна.

– “Бярэзінская панарама” – незаменны памочнік у пошуку кандыдатаў на работу, службу і паступленне ў ведамасныя вучэбныя ўстановы, – адзначыла маліцыянер. – Артыкулы ў раёнцы – адзін з самых прадукцыйных спосабаў камплектавання. Акрамя таго, з дапамогай цеснага супрацоўніцтва з газетай мы, праваахоўнікі, своечасова асвятляем усе значныя падзеі, што адбываюцца ў аддзеле ўнутраных спраў, даводзім да бярэзінцаў інфармацыю пра змены ў заканадаўстве, а гэта – важны аргумент у пытаннях прафілактыкі супрацьпраўных паводзін грамадзян.

Гэту думку ў раённым аддзеле ўнутраных спраў падзяляюць усе вартавыя правапарадку, якія лічаць абавязковым знаёміць бярэзінцаў з крымінальнай сітуацыяй у раёне, спяшаюцца засцерагчы людзей ад махляроў і злодзеяў.

– Памятаеце, зусім нядаўна газета размяшчала матэрыял пра маладога ўчастковага інспектара міліцыі, выпускніка Магілёўскага інстытута МУС Рэспублікі Беларусь, – расказвае Іна, – які вярнуўся на працу ў родны горад. Гэты артыкул стаў лепшай візітоўкай праваахоўніка ў раёне і прыемным бонусам даверу людзей. А яшчэ прымусіў старшакласнікаў усур’ёз пацікавіцца ўмовамі навучання ва ўстановах сістэмы МУС Рэспублікі Беларусь. Хацелася б, каб бярэзінцы так жыва і актыўна рэагавалі і на нашы прафілактычныя матэрыялы. Тады, глядзі, і кібер-злачыннасць бы так не наступала і ў сем’ях панаваў лад!

Дарэчы, пра сям’ю. Муж Іны Крывянковай таксама служыць у міліцыі. Гэта Аляксей прывёз жонку ў Беразіно пасля заканчэння Магілёўскага інстытута МУС Рэспублікі Беларусь. Пачынаў ён з пасады інспектара па справах непаўналетніх, а сёння ён начальнік штаба.

– Ды ўсё пра гэта бярэзінцы павінны ведаць з матэрыялу ў раённай газеце, – гаворыць Іна, – ён быў надрукаваны, калі наша Кацюша яшчэ была немаўляткам. Памятаю, як мы хваляваліся перад сустрэчай з журналістамі, спяшаліся ўсё ім расказаць і доўга пазіравалі для фотаздымкаў. А колькі радасці было ў маіх бацькоў, калі я ім прывезла ў Магілёў надрукаваны артыкул.

І тады і сёння “Бярэзінская панарама” – упадабанае выданне ў сям’і Крывянковых.

– Мы рэгулярна і без прымусу выпісваем раённую газету сабе дамоў, – падкрэслівае Іна. – Муж звычайна выбірае для чытання рэпартажы з камісіі па справах непаўналетніх, матэрыялы работнікаў пракуратуры і суда, артыкулы пра работу міліцыі, цікавіць яго і тэма сельскай гаспадаркі і нарысы пра маладых спецыялістаў. У мяне ж паўсюдна жаночыя тэмы – сям’я, культура. Апошнім часам вельмі ўпадабала інфармацыю ЗАГСа. Цікава ж вельмі, хто згуляў вяселле і ў каго нарадзіліся дзеткі. Падабаецца ў газеце ўсё: ад вёрсткі да фотаздымкаў. Тут самыя актуальныя навіны, аб’явы, рэкламкі. Трэба купіць, прадаць, знайсці майстроў – чытай газету. Вось толькі вольнага часу ўдумліва і без спешкі пачытаць яе няма. Але я выкройваю гэтыя хвіліны, каб аддаць даніну павагі і прызнання мясцовым журналістам, бо яны, як і мы, бездакорна імкнуцца несці радасць і спакой людзям, стаяць на варце інтарэсаў сваіх падпісчыкаў.

Мілана ТРАПЯНОК.
Фото Алены ГРОМАВАЙ.

Источник:
Нашли ошибку? Выделите её и нажмите CTRL + ENTER