Анатоль ЗЯБКО, старшыня раённага савета ветеранаў:
– Аб неабходнасці Дня народнага адзінства гаварылі даўно. Беларусам патрэбен быў дзень, які сімвалізуе яднанне беларускай нацыі, падзяліць якую спрабавалі на працягу ўсёй нашай гісторыі. І калі раней па розных прычынах гэта атрымлівалася, то падзеі сучаснасці прадэманстравалі, што ў XXІ стагоддзі падзяліць, раз'яднаць, пасварыць беларускі народ немагчыма.
Я ўспрымаю гэту дату як момант, што сімвалізуе гістарычную справядлівасць, што вярнулася на нашу зямлю. Менавіта 17 верасня 1939 года спынілася паланізацыя нашага насельніцтва. Хаця і зараз польская эліта падагравае свае амбіцыі па вяртанні былых зямель і ўтварэнні трэцяй, так званай Рэчы Паспалітай. Бо інакш чым патлумачыць з'яўленне ў польскіх цягніках карты з новымі граніцамі, куды ўваходзяць беларускія Брэст, Гродна, украінскі Львоў? Мяркуючы па гэтым, польскія дзеячы ніяк не могуць прыняць факт нашай незалежнасці і выношваюць свае амбіцыйныя планы па далучэнні гэтых тэрыторый. Нездарма яны выступілі ў падтрымку тых санкцый, якія прыняў «калектыўны захад».
Па адукацыі я – выкладчык гісторыі і магу смела сцвярджаць, што многім маладым не хапае ведаў, нават аб тых жа падзеях 1939 года. І тут не трэба далёка хадзіць за прыкладам. Мне расказвалі, што ў вёсках польскія паны забаранялі нашым продкам размаўляць на беларускай мове. Яны павінны былі гаварыць толькі па-польску. Палітыка была скіравана на асіміляцыю, паланізацыю і ніяк не інакш.
Беларусы, як вядома, народ талерантны. Але зараз час іншы. Мы выразна фарміруем свае гістарычныя арыенціры, і дата 17 верасня якраз і з'яўляецца адным з такіх арыенціраў. Бо што можа быць важней для краіны, чым народнае адзінства?
Дарэчы, 17 верасня у мяне двайное свята – Дзень народнага адзінства і дзень нараджэння.
Ірына РУДАЯ, выкладчыца гісторыі ДУА “Бярэзінская гімназія”:
– Сёлетні Дзень народнага адзінства мы святкуем у Год гістарычнай памяці. І гэта вельмі сімвалічна. Падзею, якая адбылася 17 верасня 1939 года, гісторыкі назвалі актам гістарычнай справядлівасці: у адзінае цэлае аб’ядналіся народы Усходняй і Заходняй Беларусі, падзеленыя супраць волі ў 1921 годзе па ўмовах Рыжскага дагавора. Дарэчы, мая сям’я, якая родам з Гродзенскай вобласці, мела пэўнае дачыненне да гэтых важных дзяржаўных падзей, бо бабуля прымала актыўны ўдзел у справе аб’яднання беларускіх народаў.
17 верасня – гэта дата заклікана матываваць школьнікаў да вывучэння гісторыі краіны. Яны, дарэчы, сёння жыва цікавяцца гісторыяй Беларусі, задаюць шмат пытанняў. Моладзь павінна ведаць мінулае сваёй малой радзімы, краіны, дзе жыве. З гэтага пачынаецца сапраўдны патрыёт і грамадзянін сваёй краіны.
У дадатак сэнс гэтага свята для моладзі не толькі ў тым, каб устанавіць гістарычную справядлівасць, але яшчэ і сфарміраваць трывалае разуменне: каб жыць добра і не стаяць на месцы, трэба прыкладаць сумесныя намаганні і плённа працаваць.
Валянціна САМЕЦ, метадыст раённага цэнтра культуры:
– Падзеі мінулага года паказалі: беларусам патрэбна адзінства, каб супрацьстаяць выклікам унутры краіны і ціску нядобразычліўцаў з замежжа.
Акрамя таго, аб’яднаўшыся сёння, мы зможам прымножыць намаганні ўсіх і кожнага дзеля дастойнай будучыні нашых дзяцей, унукаў, праўнукаў. Азіраючыся на гісторыю нашай краіны, прывяду прыклад, наколькі важна адзінства народа. У гады Вялікай Айчыннай вайны, аб’яднаўшы намаганні, народ стаў адзіным цэлым, меў агульную мэту – перамагчы ненавіснага ворага і вызваліць Радзіму ад фашызму. Дзеля агульнай Перамогі са зброяй у руках савецкія салдаты білі ворага на фронце, не давалі гітлераўцам спакойна адчуваць сябе на акупіраванай тэрыторыі партызаны, падпольшчыкі. Самаахвярна працавалі ў тыле падлеткі, жанчыны, пажылыя. Усё для фронту, усё для Перамогі – галоўны лозунг ваеннай пары. І ў пасляваенны час у адзіным працоўным парыве аднаўлялі разбураную народную гаспадарку. І ўсё атрымалася, бо была агульная мэта – жыць у квітнеючай заможнай краіне, быць упэўненымі ў шчаслівай будучыні для сваіх нашчадкаў. Калі народ адзіны, ён непераможны.
Таццяна БАКУН, спецыяліст аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама:
– Дзень народнага адзінства – такое свята нашай краіне вельмі патрэбна. Мы павінны быць адзінай дзяржавай, якая заўжды рада тым, хто мае добрыя намеры, і гатова даць адпор нядобразычліўцам. Беларусь заўжды вызначалася міралюбівасцю, гасціннасцю, шчырасцю і адкрытасцю. Мы не павінны паўтарыць лёс тых краін, якія былі ўцягнуты ў так званыя каляровыя рэвалюцыі і падзялілі народ на сваіх і чужых. Глядзіш па тэлевізары пра падзеі, напрыклад, ва Украіне, Афганістане – страшна, жудасна, не дай Бог, каб такое здарылася ў нас.
Дзяржава клапоціцца пра сем’і, падрастаючае пакаленне, пенсіянераў. І ўсё гэта трэба берагчы, паважаць, прымнажаць. Дарэчы, у гэтым адзіныя многія мае землякі. Кожны з нас павінен унесці свой уклад у адзінства – быць сапраўдным грамадзянінам краіны, патрыётам. Рабіць добрыя справы проста – навесці парадак у сваім двары, талакой – у вёсцы ці аграгарадку, садзіць дрэвы. Разам мы здольны на многае.
Мілана ТРАПЯНОК.
Фота Алены ГРОМАВАЙ.