Аддзяленне дзённага знаходжання для грамадзян пажылога ўзросту Бярэзінскага ТЦСАН нарэшце атрымала пастаянную прапіску ўжо ва ўласным памяшканні ў будынку па вуліцы Кастрычніцкай, там, дзе раней размяшчалася служба землеўпарадкавання.
Надвор’е не спыніла наведвальнікаў клуба сабрацца разам на святочнае мерапрыемства і правесці чарговае пасяджэнне ў новым памяшканні.
Пад гармонік і прыпеўкі Тамары Дземяшкевіч стужку перарэзала намеснік начальніка ўпраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне насельніцтва райвыканкама Святлана Сайкоўская. Ва ўрачыстай прамове яна зазначыла, што рамонт памяшканняў зроблены рукамі супрацоўнікаў ТЦСАН, якія паставіліся да справы з асаблівай увагай і стараннем, і павіншавала прысутных з наваселлем.
Дарэчы, пажылых людзей у аддзяленні дзённага знаходжання чакаюць музычны, спартыўны, камп’ютарны гурткі, клубы арт-тэрапіі, “Вясёлка жыцця”, “Краязнаўца”, “Гаспадыня”. Наведваюцца сюды на дагаворнай аснове 64 чалавекі.
Адзін з наведвальнікаў аддзялення Багдан Шаўчук з 1986 года працаваў у сістэме жыллёва-камунальнай гаспадаркі, з якіх 10 гадоў быў майстрам кацельні. Ніколі не губляў цікавасці да актыўнага ладу жыцця. Да гэтага года спявае ў фальклорным ансамблі “Лявоніха”, удзельнічае ў народным тэатры Бярэзінскага РЦК. Першую ролю ў спектаклі “Аперацыя Мнагажэнец” помніць, нібыта прэм’ера адбылася ўчора.
- Спяваем, весялімся, успамінаем мінулае, - дзеліцца ўражаннямі Багдан Марціянавіч. –Паверце, і ў паважаным узросце можна знайсці для сябе годны занятак.
- Сярод нашых пастаянных наведвальнікаў ёсць такія людзі, якім па ўзросце ўжо больш за 80 гадоў, аднак яны вядуць актыўны лад жыцця, ходзяць у клубы, займаюцца ў гуртках, удзельнічаюць у выставах. Напрыклад, Мая Стэфанаўна Ладуцька, Мая Іосіфаўна Рабушка. І шмат іншых, пра каго можна многа расказаць, - расказвае загадчыца аддзялення Наталля Сікірыцкая. – Сённяшні ж дзень для нас усіх даволі ўрачысты. Атрымаць уласнае памяшканне гэта значная падзея, бо раней арэндавалі пакоі ў ФОЦ “Лазурный” і дзіцяча-юнацкай спартыўнай школе алімпійскага рэзерву. Прыемна ўбачыць у нас у гасцях усіх пажылых людзей Бярэзіншчыны. Дзверы адчынены для ўсіх жадаючых, каму за 60. Калі ласка, заходзьце да нас, разам весялей!
.jpg)
.jpg)
.jpg)
.jpg)
.jpg)
.jpg)
.jpg)
.jpg)
.jpg)
Аляксандр БЫЧКОЎСКІ.
Фота Алены ГРОМАВАЙ.