Шчырая падпісчыца і чытачка з раённай бібліятэкі

Date 14.10.2022 Man
Comment 1048
Шчырая падпісчыца і чытачка з раённай бібліятэкі

Метадыст аддзела бібліятэчнага маркетынгу і сацыякультурнай дзейнасці Бярэзінскай раённай бібліятэкі Вікторыя Багадзяж сябруе з раённай газетай з настолькі даўняй пары, што зараз цяжка і ўспомніць, калі ўпершыню адкрыла першую старонку.

– “Бярэзінская панарама” ў нас лічыцца сямейнай газетай, наколькі мне прыгадваецца, яшчэ з майго дзяцінства. Выпісвалі яе бацькі ў тую пару далёкага мінулага, калі выданне мела назву “Сцяг Леніна”, – са шчырай усмешкай
прызнаецца Вікторыя Ваціславаўна. – Таму больш дакладна на гэту тэму пра мяне можна сказаць так: ведаю раёнку амаль са свайго нараджэння.

Чытае мама

Па словах Вікторыі Багадзяж, больш за ўсіх у сям’і любіць раённую газету мама – Зоя Валяр’янаўна. Хаця тут можна крыху і паспрачацца, бо чытаюць свежыя нумары ўсе аднолькава. Зоя Валяр’янаўна выдатна памятае часы, калі “Сцяг Леніна” ішла ў кожную сям’ю, інтэрнэту тады не было, пра сацыяльныя сеткі і месенджары нават і не снілася нікому, альтэрнатыўных крыніц інфармацыі налічвалася зусім вобмаль, а адзінай крыніцай звестак пра культурныя, спартыўныя, грамадска-палітычныя і іншыя падзеі ў раёне можна было даведацца менавіта са старонак раённай прэсы. І ўсе адукаваныя людзі выпісвалі стос выданняў, у ліку якіх на першым месцы была яна – “раёначка”. З той прычыны нашы шчырыя чытачы і да гэтай пары ўпэўненыя, што мясцовыя навіны ніколі не страцяць актуальнасці, а іх надзейная крыніца не згубіць даверу і ўвагі бярэзінцаў.

Люблю краязнаўства

Вікторыя Багадзяж нарадзілася ў Беразіно, вучылася ў сярэдняй школе №2, закончыла ў 1987 годзе Інстытут культуры ў Мінску. Працы ў раённай бібліятэцы аддала 18 гадоў. Калі раней працавала бібліёграфам, і на цяперашняй пасадзе, захаплялася краязнаўствам. Тое патрабавалася і ў прафесійным плане, і з’яўлялася захапленнем для душы. Раённая газета з рубрыкамі па краязнаўстве заўсёды лічылася надзейным
і цікавым дапаможнікам.

– Вельмі люблю артыкулы на гістарычную тэматыку, пра вядомыя сусветныя падзеі, да якіх мелі дачыненне жыхары Бярэзіншчыны, і таксама пра даўняе мінулае нашага горада і раёна, пра людзей, якія тут жылі, – гаворыць яна. – Цікава прачытаць пра славутых людзей, якія пакінулі след у мастацтве, навуцы, вытворчасці, ваеннай службе.

Варта зазначыць, што Вікторыя Багадзяж таксама неаднойчы выступала аўтарам краязнаўчых артыкулаў, надрукаваных на старонках раённай газеты.

Шчырыя пажаданні

– Мне і зараз цікава чытаць пра людзей, напрыклад, падабаюцца рубрыкі “Асоба”, “Чалавек і яго справа” і падобныя ім. Цікава ў першую чаргу таму, што гэтыя асобы – героі сённяшняга часу, жывуць побач, сустракаюцца на вуліцы, разам стаяць чарзе ў магазіне. Вартыя ўвагі матэрыялы пра юбілеі арганізацый, там можна нечакана для сябе адкрыць нешта тое, чаго раней не ведаў. А вось раней мне вельмі па душы была тэматычная “Літаратурная старонка”, добра помняцца яшчэ гаспадарчыя старонкі з рэцэптамі тартоў і салатаў. Вельмі хочацца, каб падобныя старонкі вярнуліся назад, з імі газета здавалася больш роднай, хатняй.

Аднак заўважу, мая мама нядаўна запэўніла, што “Бярэзінская панарама” за апошні год стала лепшай і ў плане дызайну, і цікавых змястоўных матэрыялаў стала ў ёй больш. Таму пажадаем і далей калектыву раёнкі трываласці, творчых пошукаў і дасягненняў у прафесійнай дзейнасці.

Аляксандр БЫЧКОЎСКІ.
Фота з архіва гераіні матэрыялу.

Источник:
Нашли ошибку? Выделите её и нажмите CTRL + ENTER
Рубрики: