Шчасце быць бацькам

Date 18.10.2022 Man
Comment 1232
Шчасце быць бацькам

У нашай краіне сёлета ўпершыню будзе адзначацца Дзень бацькі.

Пра ролю маці ў грамадстве сказана шмат правільных і мудрых слоў, авеяных вопытам тысячагадовай гісторыі чалавецтва. Здаецца, самы час паразмаўляць і пра ролю бацькі на шкале традыцыйных сямейных каштоўнасцей.

У той самы дзень, калі мы дамовіліся сустрэцца з вадзіцелем медыцынскай дапамогі Бярэзінскай ЦРБ Андрэем Кухлеўскім, у майго суразмоўцы, як аказалася, быў дзень нарадждэння, споўнілася 42 гады.

– Раніцай збіраюся на работу, мыюся-галюся, і тут прыехалі старэйшы сын Мікіта з сяброўкай Ангелінай, - дзеліцца ўражаннямі Андрэй Мікалаевіч. – Прывезлі вялікі торт, падарунак. У мяне прыемны шок, быў вельмі ўражаны. Такія нечаканыя моманты вельмі ўзрушваюць.

Сям’я Кухлеўскіх жыве ў аграгарадку Косаўка. Калі выпадаюць працоўныя змены ў Бярэзінскай ЦРБ, глава сям’і выпраўляецца на дзяжурства. У абавязкі вадзіцеля медыцынскай дапамогай уваходзіць прывезці ўрача на выклік, транспартаваць хворага. Ад паслуг “хуткай дапамогі” гэта адрозніваецца, там свае задачы і правілы. Яшчэ кожную раніцу клапатлівы тата адвозіць у школу дачушку Машу, якой ужо 15 гадоў. Раней вазіў у школу старэйшага сына, але Мікіта ўжо вырас і жыве ў горадзе. Дома застаюцца жонка Ірына і дзве дачушкі – Эмеліне 2 гадкі і самай маленькай Ніколь – 1 год.

- Шматдзетным татам быць зусім няцяжка, - прызнаецца Андрэй. – Шчыра скажу, зусім няма розніцы: двое ў цябе дзяцей, ці чацвёра. Трэба аднолькава працаваць, завіхацца, гадаваць, выхоўваць і ўсё астатняе. Галоўнае, што табе прыемна быць татам і галавой сям’і.

 

Спраўляемся

Андрэй Кухлеўскі ў бальніцы працуе ўжо чатыры гады. Дагэтуль працаваў у ААТ “Бярэзінскі”, сям’я атрымала там дом. Жонка працавала ў магазіне, зараз у дэкрэтным водпуску. Дома трымаюць гаспадарку, маюцца і свінні, і куры, на агародзе вырошчваецца бульба і іншае. Бо ў сельскай мясцовасці даводзіцца працаваць на зямлі, касіць, араць, сеяць, адным словам – даглядаць.

– Бывае, клопату хапае, гэта ж жыццё, аднак спраўляемся, нельга сказаць, што цяжка. Сам я хоць жыў у Беразіно, аднак у дзяцінстве ўсе летнія і зімнія школьныя канікулы праводзіў у бабулі ў Любушанах, дык мне і не страшная праца на зямлі, падабаецца, яшчэ прафесія добрая – вадзіцель. У Косаўцы ж жывём ужо гадоў пятнаццаць.

 

Пра Мікіту

Сын Мікіта ў бацькі асаблівы гонар.

– Помніцца, як нарадзіўся першынец 20 гадоў назад, 1 ліпеня, навіна застала мяне ў бацькоў, а спёка на вуліцы была моцная, лета. Вось свята было вялікае, моцна адзначалі, – успамінае Андрэй. – Тут жа справа такая, першае дзіця і сын – для мужчыны асабліва важная падзея.

Пасля 11 класа школы Мікіта паступіў у Барысаўскі медыцынскі каледж, і сёлета ўжо стаў маладым спецыялістам – працуе фельчарам на станцыі “Хуткай дапамогі”. Работа вельмі падабаецца.

– У 11 класе мы з ім селі і паразмаўлялі. Прафесій у свеце шмат, а я ж сам працаваў раней на “Хуткай”, дык падзяліўся з сынам уласнымі меркаваннямі, маўляў, медыцынская прафесія заўсёды запатрабаваная. Сын вырашыў паспрабаваць, і яму спадабалася гэта справа. Малайчына!

 

Незвычайнае імя

Дачку назвалі Ніколь у гонар дзядулі. Прычым выбар імя даверылі менавіта тату.

– Літаральна два гады назад памёр з-за каранавіруснай інфекцыі мой тата, – уздыхае Андрэй. – Калі жонка была цяжарнай, мы ўсе думалі, што народзіцца хлопчык, таму і меркавалі назваць Коля. Аднак нарадзілася дачушка, і адразу падумалася – Ніколь, Нікаліна, прыгожае імя. Так і назвалі.

 

Шчаслівы бацька

- Наогул выдатна помніцца нараджэнне кожнага дзіцяці. Дачка Маша, калі нарадзілася, працаваў ад світання да світання, у той дзень дождж моцны ліў, а я ў полі, пазваніць няма магчымасці. І з паяўленнем на свет астатніх дзетак таксама адклаліся ў памяці свае моманты. Зараз лепш: старэйшыя дачка і сын дапамагаюць з самымі малодшымі спраўляцца, пры выпадку можна пакінуць на дачку, ці папрасіць сына пабыць з меншымі дзецьмі. Радуе сям’я. Прыязджаю з работы дамоў і адчуваю сябе нібыта ў прыгожым кветніку, вакол дзяўчынкі, адна на ручкі просіцца, другая на шыю, трэцяя са школьнымі справамі. І жонка стол накрые – усе дружна чакаюць тату і мужа. Ганаруся дзецьмі вельмі, упэўнены, што і яны не расчараваныя. Сямейныя святы адзначаем разам і выключна ў сямейным крузе. Прызнаюся шчыра, я – шчаслівы бацька! Вольны час бывае рэдка, а калі выпадае, дык люблю з вудачкай пасядзець на беразе.

 

Пра выхаванне

З улікам саліднага бацькоўскага вопыту герой матэрыялу мог бы з кім і падзяліцца досведам наконт выхаваўчых метадаў. Андрэй толькі лагодна пасміхаецца ў адказ.

– Мяркую, у кожнага бацькі ўласныя метады і разуменне педагагічнай навукі. Пра сябе скажу так: не магу быць дужа строгім татам. Здаецца, у нашай сям’і больш строгая дарагая мама. Пакараць дзіця не магу, не атрымліваецца. Здаецца, каб пры выпадку па-бацькоўску даў лупцакоў папругай, дык у самога спынілася б сэрца. Таму гэта не маё. А вось добрым словам наставіць, як правільна рабіць тое ці іншае, папрасіць, каб не гарэзіла дзіця, гэта лічу найбольш правільным.

 

Жыццёвыя ўстаноўкі

Наконт жыццёвых установак або жыццёвага крэда ў сям’і Кухлеўскіх усё проста і ясна. На першым месцы заўжды каханне і любоў, без якіх не ўяўляецца ладу наогул у любой сям’і. Адносна сябе Андрэй Мікалаевіч сцвярджае адно:

– У гэтым пытанні нічога мудрыць не трэба, варта проста не баяцца цяжкасцей, працаваць, верыць і спадзявацца на лепшае. Дзяцей жа мы нараджалі не дзеля нейкіх асабістых выгад. Гэта прыемна, калі ты працуеш з усведамленнем, што дома цябе чакаюць, любяць, завуць татам. Вось гэта і важна!

Мы ж таксама далучаемся да віншаванняў героя матэрыялу з днём нараджэння і з Днём бацькі, шчыра пажадаем далейшага шчасця, плёну і ў сямейным жыцці, і ў працы, і мірнага неба.

 

Аляксандр БЫЧКОЎСКІ.

Фота аўтара і з архіва героя матэрыялу.

Источник:
Нашли ошибку? Выделите её и нажмите CTRL + ENTER