Аляксандр МАЗУРКЕВІЧ, пенсіянер:
.jpg)
- Пытанні бяспекі для мяне актуальныя з маладосці, бо ў свой час меў дачыненне да службы ў гарачых кропках, хоць там сэнс бяспекі быў крыху іншым. Наконт сённяшняй сітуацыі скажу так: печ дома ў парадку, рэгулярна аглядаю, падрамантоўваю пры неабходнасці. Прытопкавы ліст ёсць. І аўтаномнымі пажарнымі апавяшчальнікамі карыстаюся таксама, патрэбная рэч.
Зазначу яшчэ, што да мяне, пажылога чалавека, рэгулярна наведваюцца супрацоўнікі раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях, малайцы, і пракансультуюць, і пракантралююць. Варта запомніць простую рэч: наш дабрабыт залежыць у многім не толькі ад нашых грамадскіх лідараў, а ў першую чаргу ад стаўлення да пытанняў бяспекі жыцця кожнага беларуса. Гэты момант трэба перажыць душою і сэрцам.
Таісія ПЯНКРАТ, працуе ў дзіцячым садку-яслях №1:
.jpg)
- У нашай сям’і самыя старэйшыя - мы з мужам. Жывём у кватэры, і пра ўласную бяспеку клапоцімся, павесілі ў належных месцах пажарныя апавяшчальнікі. Канешне, скажу, што трэба найперш клапаціцца пра дзяцей, гэта важная тэма. У нашым садку з гэтым праблем няма. Рэгулярна прывучаем дзетак да думкі, што з запалкамі гуляць нельга, праводзяцца на гэту тэму тэматычныя заняткі, таксама з удзелам адпаведных спецыялістаў. Пра бяспеку варта дбаць.
Віктар БУБЕНКА, працуе ў дзіцячы садку №3 “Родничок”:
.jpg)
- Да пажарнай бяспекі і звязаных з ёй нюансаў прывучаны з дзяцінства, бо з малых гадоў помніцца, у бабулі каля печы заўсёды меўся бляшаны прытопкавы ліст. Акуратна ўсё было і па-гаспадарску. Зараз бабулі ўжо няма, але дом застаўся, сачу там за парадкам, каб усё было як мае быць. І пажарнымі апавяшчальнікамі карыстаемся пастаянна, у нас дома ёсць, тым больш, што двое малых дзетак у нашай сям’і. Аўтаномныя пажарныя апавяшчальнікі гэта наогул такая рэч, якая павінна быць ва ўсіх. І дзяцей варта прывучаць, што з агнём гуляць нельга, і пра старых трэба клапаціцца, дапамагаць ім.
Наталля САСКАВЕЦ, працуе ў фотаатэлье “Кодак” і ўнучка Ксюша:
.jpg)
- Як мы клапоцімся пра бяспеку старых і малых дзяцей? Неяк адначасова. Жыву з бацькамі ў прыватным доме. Печ ёсць і яна ў парадку, і раней так было, і цяпер. Праўда, зараз пячным ацяпленнем не карыстаемся, у нас дом абаграваецца газам.
Апавяшчальнікі дома – абавязкова, рэгулярна правяраюцца на працаздольнасць і зарадку батарэек. Сям’я ў нас дастаткова вялікая, калі збіраюцца ўсе разам: бацькі, дзеці, унукі. Пра нядаўні выпадак у Барысаве, калі загінулі дзеці, з упэўненасцю можна сказаць адно – дзеці не павінны заставацца адны дома. І старых пакідаць таксама нельга. Тым больш, дзеці не павінны гуляць з запалкамі, іх трэба вучыць з маленства. У мяне вось унучка, 4 з паловай гады, пастаянна вучу гэтаму.
Аляксандр БЫЧКОЎСКІ.
Фота Алены ГРОМАВАЙ.