Няхай шчасліваю будзе дарога...

Date 30.10.2022 Man
Comment 610
Няхай шчасліваю будзе дарога...

Андрэй Жукоўскі ўладкаваўся вадзіцелем аўтобуса ў аўтапарк №22 больш за 8 гадоў таму назад і з першых дзён зразумеў, што зрабіў у сваім жыцці правільны выбар, бо адразу лёгка “ўліўся” ў дружны калектыў арганізацыі.

Тут ёсць на каго раўняцца, браць прыклад, дзяліцца вопытам... Больш за 30 гадоў працоўнага стажу ў вадзіцеляў аўтобусаў Юрыя Ждановіча, Мікалая Цэдрыка, Уладзіміра Абрамовіча, шмат “аксакалаў” і сярод вадзіцеляў грузавых аўтамабіляў: Аляксей Лубянцоў, Аляксандр Мамыш, Аляксандр Радзевіч, Віктар Піскун, Уладзімір Баразна, Віталій Мурашка, Вячаслаў Кардымон, Дмітрый Корсук і інш.

Яны складаюць, як кажуць, “касцяк” моцнага і згуртаванага калектыву Бярэзінскага філіяла "Аўтамабільны парк №22" ААТ "Мінаблаўтатранс».

- Сёння наша прадпрыемства эксплуатуе 14 аўтобусаў, 18 грузавых аўтамабіляў рознай грузападымальнасці, - гаворыць дырэктар філіяла Артур Новікаў. - Выконваецца 42 маршрута, з іх – 5 міжгародніх, 3 гарадскіх, 34 прыгарадных.

Маршрутная сетка не з'яўляецца статычнай і змяняецца ў залежнасці ад патрабаванняў часу і пажаданняў пасажыраў.

– Мы заўсёды прыслухоўваемся да прапаноў, заўваг спажыўцоў нашых паслуг, – распавядае дырэктар. – Безумоўна, немагчыма дагадзіць кожнаму, але прыняць пад увагу пажаданні нашых грамадзян – наш абавязак. Таксама пры складанні маршрутаў ўлічваецца сезоннасць.

- Мы справіліся з выкананнем усіх паказчыкаў сацыяльна-эканамічнага развіцця, даведзеных Мінаблвыканкамам, - дадае Артур Міхайлавіч. - Прадукцыйнасць працы за 9 месяцаў гэтага года склала 126% да аналагічнага перыяду мінулага года. Сярэдняя зарплата вырасла на 133,6% у параўнанні з мінулым годам.

Летась аўтатранспартны парк быў крыху абноўлены – атрымалі 2 аўтобусы ПАЗ. Наогул, за апошнія тры гады таксама былі абноўлены 6 адзінак грузавой тэхнікі, а сёлета чакаецца, што аўтапарк папоўніцца аўтобусам МАЗ гарадскога
тыпу.

Месцазнаходжанне Бярэзінскага філіяла дазваляе паспяхова супрацоўнічаць у якасці падрадчыка на будаўніцтве і рамонце розных аб'ектаў у Магілёўскай вобласці. Так, вадзіцелі і транспарт аўтапарка былі задзейнічаны на будаўніцтве аб'язной дарогі ў Магілёве, выконвалі шэраг падрадаў ў Бабруйску.

Граматамі філіяла "Аўтамабільны парк №22" да Дня аўтамабіліста і дарожніка будуць адзначаны вадзіцель аўтобуса Алег Яфрэменка, вадзіцелі грузавых аўтамабіляў Вячаслаў Кардымон, Аляксандр Сакаў, Дзмітрый Корсук, слесар па рамонце аўтамабіляў Аляксандр Шышоў. Падзякі філіяла атрымаюць вадзіцель аўтобуса Сяргей Ермаловіч, вадзіцель грузавога аўтамабіля Аляксандр Саскавец, сакратар Алена Крыварот, слесар па рамонце аўтамабіляў Кірыл Крот, старшы білетны касір Ірына Усава.

– Напярэдадні свайго прафесійнага свята нельга не ўспомніць нашых ветэранаў, – адзначыў Артур Міхайлавіч. – Ад шчырага сэрца віншуем усіх – вадзіцеляў аўтобусаў Уладзіміра Барбарчыка, Мікалая Шмарлоўскага, Міхаіла Дайнеку, Міхаіла Шмарлоўскага, эканаміста Людмілу Капылову, інспектара па кадрах Марыну Рабкевіч, Аляксандра Мядоўнікава, які ўзнагароджаны медалём “За трудовое отличие» і ордэнам Чырвонага Сцяга, і інш. Усіх памятаем і выказваем шчырыя віншаванні і словы падзякі за вашу працу і чалавечнасць.

Паважаныя калегі і ветэраны працы!

Віншуем вас з прафесійным святам – Днём аўтамабіліста і дарожніка!

Жадаем шчасця ў сем’ях, плённай працы, дабрабыту, даўгалец-ця, удачы на дарогах, у жыцці і ў лёсе!

Адміністрацыя, прафсаюзны камітэт.

*Алена ГРОМАВА.
Фота аўтара.

 

 

 

Источник:
Нашли ошибку? Выделите её и нажмите CTRL + ENTER