Віляе дарога, такая звыклая, што ўжо амаль родная. Гудзе матор, за плячыма – бясконцыя кіламетры. Колькі іх было ў Аляксандра? Дзясяткі ці, нават, сотні тысяч, цяжка падлічыць. Аднак штогод іх набягае пад 50 тысяч. Праўда, дакладная лічба мужчыну ніколькі не хвалюе, бо ён не толькі вадзіцель грузавіка, а яшчэ і экспедытар, і грузчык, і слесар…
– Мы ж свята дарожніка і аўтамабіліста святкуем на роўных з Днём гандлёвага работніка, – жартуе мужчына. – І так вось ужо 35 гадоў. Роўна столькі я працую ў арганізацыі, за гэты час змяніў чатыры машыны, дакладна вывучыў дарогі да складоў большасці гандлёвых таварыстваў краіны і даставіў сотні, а то і тысячы тон харчовых грузаў бярэзінцаў.
На працу ў Бярэзінскае райспажыўтаварыства ён прыйшоў па слядах бацькі, які тут таксама спраўна працаваў. Пачынаў Аляксандр слесарам, але дакладна ведаў, што пасля паўналецця абавязковаперасядзе ў кабіну машыны.
– Я яшчэ ў школе хацеў быць толькі вадзіцелем. У старшых класах вывучыўся ў вучэбна-вытворчым камбінаце на вадзіцеля, а выдатную аўтамабільную практыку атрымаў падчас тэрміновай армейскай службы, – гаворыць ён. – Аб гэтым не шкадую.
Гэтай навукі з ліхвой хапіла, каб надзейна падтрымліваць машыну ў добрым стане і безаварыйна кіраваць шмат гадоў. Аднак інтарэсу і адносіны да працы не змяніў, ды і ў родным калектыве карыстаецца павагай як вопытны і надзейны працаўнік, сапраўдны прафесіянал.
– Што ні кажы, а цяпер працаваць лепш, – заўважае вадзіцель. – Раней дарогі былі горшыя. Па-рознаму, але ўсё ж перажывалі цяжкасці на родным прадпрыемстве. Ды і маладыя былі, здавалася, што ўсё па сілах. Нікуды не пайшоў, іншай працы не шукаў, хоць прапаноўвалі, ды я ўжо тут каранямі ўрос. Бывае, сустрэнеш знаёмага, а ён дзівіцца: «Дык ты яшчэ там працуеш?» А як жа іначай? Да калектыву я вельмі прывык.
Кіраўніцтва і калегі Аляксандра кажуць пра яго з вялікай павагай, хваляць: і да справы ён адносіцца грунтоўна, сур'ёзна, а дзе і пажартуе, асабліва з раніцы, настрой на ўвесь дзень добры зробіць, і тэхніку любіць. Знаходзіцца ў поўнай «баявой гатоўнасці», на яго можна спадзявацца.
Вернасць Аляксандр захоўвае справе вадзіцеля і арганізацыі, ганарыцца сям’ёй. У кожнага з яго дзяцей свой шлях, свая дарога. Жыццё Аляксандра ідзе практычна за рулём.
– У нашай шаферскай справе шмат рознага бывае, – прызнаецца мужчына, – але мне на дапамогу прыходзіць пэўная прыцягальнасць дарогі. Яна ж ніколі не паўтараецца і выдатна гоніць прэч самоту і дрэнны настрой. Калі ты здольны бачыць гэтыя змяненні за вакном кабіны, табе ніколі не надакучыць кіраваць машынай.
Мілана ТРАПЯНОК.
Фота Алены ГРОМАВАЙ.