Калі дойдзеш да апошняй рысы

Date 31.10.2022 Man
Comment 477
Калі дойдзеш да апошняй рысы

На чарговым пасяджэнні камісіі па справах непаўналетніх, якое адбылося ў Паплаўскім сельскім савеце, як заўсёды, разглядаліся хвалюючыя пытанні пражывання дзяцей у сем’ях, якія патрапілі на кантроль органаў апекі, рэалізацыі планаў па абароне правоў і інтарэсаў дзяцей, якім адпаведна з Дэкрэтам № 18 патрабуецца дзяржаўная абарона, паспяховасць і паводзіны вучняў ў школе. Галоўнай жа тэмай была прафілактыка правапарушэнняў сярод падлеткаў.

Прымалі удзел у пасяджэнні , намеснік старшыні камісіі па справах непаўналетніх Святлана Бондар, начальнік упраўлення па адукацыі, спорце і турызме райвыканкама Алеся Цітова, начальнік інспекцыі па справах непаўналетніх РАУС Таццяна Харэвіч, а таксама прадстаўнікі сельскага савета, суб’екты прафілактыкі. Былі запрошаны асобныя дзеці і бацькі, пры чым бацькі з’явіліся далёка не ўсе.

 

Невыпадковае месца

- Зусім не выпадкова месцам правядзення сённяшняга пасяджэння камісіі па справах непаўналетніх выбраны Паплаўскі сельсавет, - засяродзіла ўвагу Святлана Бондар ва ўступным слове. – Гэтае месца ў нас адно з самых цяжкіх, таму на асаблівым кантролі. Тут шмат сямейнай недабранадзейнасці, шмат выяўлена непаўналетніх, якія знаходзяцца ва ўмовах, што ўяўляюць небяспеку для жыцця і здароўя. Тут здзейснена найбольшая колькасць адміністратыўных правапарушэнняў непаўналетнімі ў раёне. Па ініцыятыве Паплаўскай установы адукацыі выбарачна запрошаныя тыя бацькі і дзеці, да якіх у сем’і мы нядаўна наведваліся.

 

Апошняя мяжа

Хто ў дзяцінстве не гарэзаваў, асабліва у час школьнай вучобы? Усе мы былі вучнямі і часам добра помнім разнастайныя выпадкі, у тым ліку і тыя, якія, шчыра прызнацца, сорамна ўспамінаць нават калі ўжо стаў дарослым. Але ж усяму ёсць пэўная мяжа, або мера, пасля якой паводзіны падлетка выклікаюць сур’ёзную занепакоенасць педагогаў, далейшыя вынікі і наступствы. Асабліва актуальна гэта, калі паводзіны дзяцей мала кантралююцца татамі і мамамі – да візіту спецыялістаў адукацыі.

Дзяржава ў асобах школьных настаўнікаў, псіхолагаў, адпаведных служб заўсёды з поспехам дапаможа вырашыць складаную сітуацыю. Доказам таму служаць факты паляпшэння вучэбнай паспявальнасці, якія прывяла ў дакладзе дырэктар Паплаўскай школы Алена Жаўняровіч. Разглядаліся чатыры “праблемныя” вучні 5, 6, 9, 10 класаў. Двое з іх пад павышанай увагай педагогаў падцягнулі паспявальнасць. Прымячальна, што іх бацькі ахвотна пайшлі на кантакт, па меры магчымасці ўласна самі наведваюцца ў школу. Можна сказаць, станоўчы вынік вучобы тут забяспечаны. А вось з іншымі двумя вучнямі пакуль назіраецца праблема.

Адзін хлопчык прыносіць у школу недазволеныя рэчы. Варта нагадаць, што ў адпаведнасці з правіламі ўнутранага распарадка на тэрыторыю школы нельга праносіць запалкі, цыгарэты, электронныя цыгарэты. Другі вучань рэгулярна спазняецца на ўрокі, свавольнічае на занятках, не рыхтуе ўрокі, служыць дрэнным прыкладам для астатніх і ў маі ўжо разглядаўся на камісіі па справах непаўналетніх.

- Іншага выйсця няма, як накіроўваць названых школьнікаў у спецыяльныя навучальныя ўстановы закрытага тыпу, - зрабілі выснову ўдзельнікі камісіі: - З рашоткамі на вокнах і жорсткім распарадкам дня.

І тут можна зрабіць цікавае назіранне: дзеці тых бацькоў, якія ахвотна пайшлі на кантакт з педагогамі, паспавяльнасць павысілі значна раней, што яшчэ раз пацвярджае добра вядомае – выхаванне пачынаецца з сям’і. Педагагічны калектыў укладвае душу ў кожнага школьніка, але ж варта далучацца і бацькам, не чакаць, пакуль дзеці дойдуць да апошняй мяжы, пасля якой рашоткі на вокнах і жорсткі распарадак дня.

 

Апошняя надзея

Прысутнічала на пасяджэнні камісіі і матуля траіх дзетак 3, 4 і 8 гадоў, на жаль, не ў якасці “ганаровага госця”. Жанчына злоўжываеалкагольнымі напоямі, паўстала пытанне адабрання дзяцей і размяшчэння іх для пачатку на палову года ў сацыяльна-педагагічны цэнтр.

Цікавасць сітуацыі ў тым, што дома ў жанчыны, калі не п’е, усё ў парадку. Маецца гаспадарка з каровай і цялёнкам, хапае харчовых прадуктаў у халадзільніку, дроў нарыхтавана на зіму ў дастатковай колькасці, і ў хаце чыста. Хіб, які ўсё перакрэслівае, толькі ў адным – мама ў даўнім сяброўстве з гарэлачным д’яблам.

- З якой вы мэтай нарадзілі дзетак? – задаюць пытанне ўдзельнікі камісіі, і ўспамінаюць, што раней да жанчыны было ніякім чынам не дастукацца, усякія прафілактычныя гутаркі матуля, якая выглядае значна старэй уласных маладых гадоў, проста ігнаравала. – Цяпер палову года дзеці будуць жыць пад апекай дзяржавы, а вы будзеце знаходзіцца пад пільным кантролем. Вы разумееце, што каб вярнуць дзетак назад вам спатрэбіцца прыкласці неверагодную колькасць намагянняў?

У адказ матуля просіцца са слязьмі, завярае, што не зможа жыць без дзяцей, клянецца выправіць становішча.

З улікам таго, што жанчына пачала лячэнне і за дзень да пасяджэння ёй быў уведзены медыцынскі сродак, і няма нараканняў па лініі РАНС, да таго ж гаспадарка ў парадку, пасля абмяркоўвання пасяджнне камісіі прыняла рашэнне даць гора-матулі апошні шанец з месячным выпрабавальным тэрмінам, на працягу якога жанчына будзе пад назіраннем. Калі здарыцца толькі адзін алкагольны эксцэс – дзеці адправяцца ў прытулак.

Як бачна, жанчыну напужала верагоднасць лішыцца самага дарагога ў жыцці, і яна вырашыла скарыстацца апошняй надзеяй на выпраўленне жыцця. Пажадаем ёй мужнасці і поспехаў у барацьбе з уласным алкагалізмам. І ў гэтай маці ёсць добры шанц, а што казаць пра іншых гора-бацькоў, каго адбіранне дзяцей нетолькі не пужае, а часам нават служыць нагодай “святкаваць”? Рытарычнае пытанне…

Пасля пасяджэння ўдзельнікі камісіі таксама наведалі сем’і на даму.

 

Аляксандр БЫЧКОЎСКІ.

Фота аўтара.

 

 

Источник:
Нашли ошибку? Выделите её и нажмите CTRL + ENTER