- Я заўсёды чакаю кірмашы, - гаворыць Любоў Кулінчык, - бо яны даюць магчымасць прыдбаць усё неабходнае і танней. Сёння вось купіла ячмень для курачак, па 30 кілаграмаў мяшок. Раней набыла і моркву, і капусту. Я вельмі задаволена.
У ліку першых пакупнікоў і Сяргей Хахлоў: - У нас хатняя гаспадарка. Трымаем і курэй, і парсючкоў. Таму я за кукурузай. Цана задавальняе - 20 рублёў за мяшок.
Ячмень вагой 30 кілаграмаў коштам 15 рублёў прадавалі работнікі ААТ “Пагосцкі”, а таксама кукурузу па 20 рублёў і пшаніцу па 25. Спрытна ўпраўляўся з мяшкамі палявод гаспадаркі Сяргей Тарабонда, дастаўляючы іх спажыўцам.
Даражэй прадаваў ячмень ААТ “Першамайскі”, таму там чаргі не было. Але і вага мяшкоў была іншай. Так, мяшок ячменя вагой 40 кілаграмаў каштаваў 25 рублёў, авёс – 24, трыцікале – 25.
Вялікія чэргі збірала і адкрытае акцыянернае таварыства рыбгас “Свіслач”. Жадаючыя маглі набыць тут амура і карпа па 8 рублёў 50 капеек за кілаграм, карасёў па 1 рублю 65 капеек, таўсталобіка па 4 рубля 40 капеек, шчупака і сама па 15 рублёў за кілаграм. А таксама рыбныя кансервы ў асартыменце і падвэнджаных карпа, амура, шчупака.
- Мы дзякуючы інтэрнету даведаліся, што на кірмаш прывязуць рыбу, - распавядае Алена Мельнік, - і адправіліся мэтанакіравана, менавіта за ёй, разам з дачкой Кацярынай і ўнукам Русланам. Купілі 2 карпа вялізных і вялізнага сама. Усе па 4 кілаграмы! Вельмі задаволены.
Мубаріз Аліеў прапаноўваў моркву і бульбу па адной цане - 60 капеек за кілаграм. Больш шырокім асартыментам прыцягвалі да сябе пакупнікоў гандляры са Столінскага раёну. Тут і рознакаляровы перац, і баклажаны па 2 рублі 50 капеек за кілаграм, і яблыкі па 2 рублі, і семечкі гарбузовыя па 15 рублёў, часнык і арэхі грэцкія па 10 рублёў, буракі па 80 капеек за кілаграм, цыбуля па 1 рублю, капуста па 60 капеек, мяшок капусты абыходзіўся па 25 рублёў.
Марыя і Мікалай Тарасевічы нават сала ў банках прывезлі і яно хутка разышлося: даспадобы бярэзінцам! Трохлітровая баначка сала каштуе 55 рублёў.
У больш шырокім асартыменце прапаноўвала спажыўцам свініну закрытае акцыянернае таварыства “Клявіца”. Хтосьці набываў мясныя вырабы, хтосьці гародніну, а вось Тамара Голуб радавалася хрызантэмам: - У мяне шмат якіх ёсць хрызантэм, яшчэ купіла жоўценькія і ружовыя! Купіла ўжо журавіны і бульбу на насенне. У мяне свой агарод, усё астатняе сваё ёсць. Яшчэ вось за рыбкай адпраўлюся.
У час кірмашу свае паслугі прапаноўвалі і валанцёры з СШ №3 горада – дзевяцікласнікі Даніла Лапыцька, Кірыл Габец, Ягор Шмэрка, Іван Дзяхцяр.
- Нам прыемна ўдзельнічаць у добрых справах, дапамагаць людзям, - зазначылі яны. – Для многіх людзей ва ўзросце цяжка з мяшкамі ўпраўляцца, а для нас гэта – не праблема даставіць восеньскія пакупкі да іх траспарту ці хатніх сховішчаў.
Алена ГРОМАВА.
Фота аўтара.