“Феерыя” у Беразіно

Date 01.11.2022 Man
Comment 548
“Феерыя” у Беразіно

З дапамогай субсідыі ад цэнтра занятасці ў Беразіно з’явіўся новы магазін “ФЕЕРЫЯ”.

Хто не рызыкуе, той не п’е шампанскае!

Сусветны крызіс, абцяжараны пандэміяй, санкцыямі, усё больш і больш вымушае прадпрымальнікаў рэальна глядзець на свой бізнес. Хтосьці ўжо абвяшчае закрыццё, іншыя змяняюць напрамак дзейнасці, але разам з гэтым яшчэ знаходзяцца смельчакі, якія насуперак усяму пачынаюць свой бізнес і лічаць гэта самым метазгодным заняткам у няпросты час. Размова ў гэтым выпадку ідзе пра маладую сям’ю Марыі і Дзмітрыя Маковічаў.

– Ведаеце прымаўку – хто не рызыкуе, той не п’е шампанскае, – гаворыць маладая жанчына. – Нехта скажа, што яна ўжо паўзабыта. Але наша невялічкая фірма за месяц дапамагала арыгінальна аформіць урачыстае адкрыццё некалькіх новых магазінаў у сталіцы. Таму бізнес нават сёння ў няпросты час не стаіць на месцы і ў яго прыходзяць новыя і новыя людзі. Ці пашанцуе ім затрымацца там надоўга пакажа час, а яшчэ іх уласная ініцыятыва, працаздольнасць і ўменне прыстасоўвацца да новых эканамічных рэалій. Самае ж галоўнае – яны пераадолелі пэўны страх і гатовы плыць па бурным моры бізнесу.

Сцвярджае Марыя гэта з веданнем справы, бо сама па адукацыі эканаміст. Праўда, па спецыяльнасці працаваць не атрымалася, аднак набытыя веды ніяк не сталі для яе лішнімі. Сёння яна працуе аператарам аддзялення паштовай сувязі ў сталіцы і вось ужо больш за месяц кожныя выхадныя дні спяшаецца ў свой уласны магазін “Феерыя”, які размясціўся на другім паверсе будынка раённага вузла паштовай сувязі. Перад дзвярыма тут зазыўна развіваюцца бліскучыя шарыкі ў выглядзе сэрцаў. Яны не проста гасцінна вітаюць пакупнікоў, але і крэатыўна настройваюць іх на пэўны святочны лад.

 

Усё пачалося з шарыкаў

– Яшчэ будучы ў дэкрэтным водпуску я захапілася вырабам лялек з паветраных шарыкаў, – расказвае пра сябе Марыя. – Я нават у вольны час наведвала майстар – класы і курсы па гэтым відзе дэкаратыўна-прыкладной творчасці. Асабліва мяне ўразіла афармленне шарыкамі вяселляў і іншых святаў.

З таго часу шарыкі надзейна ўвайшлі ў жыццё маладой сям’і. Аднак да важнага ў сваім жыцці рашэння аб адкрыцці свайго бізнесу Марыя і Дзмітрый прыйшлі не адразу. Амаль праз сем гадоў.

– Што не кажы, але ўласны бізнес – справа рызыкоўная. Хаця гучыць гэта і банальна, але, тым не менш, выказванне застаецца актуальным, – прызнаецца Марыя, – давялося і нам перажыць нямала хваляванняў. Аднак ад большасці сумненняў паступова пазбаўляліся, бо оформілі прадпрымальніцтва на мужа, разам склалі дакладны бізнес-план будучай прадпрымальніцкай дзейнасці, вызначыліся з асноўнымі накірункамі, разлічылі выдаткі, у тым ліку і на арэнду памяшканняў, набыццё абсталявання, патрэбных тавараў.

Частку затрат кампенсавала дзяржава ў выглядзе субсідыі на адкрыццё прадпрымальніцкай дзейнасці ад цэнтра занятасці: атрыманых грошай, вядома, хапіла не на ўсё неабходнае. Зразумела, старт запатрабаваў уласных капіталаўкладанняў. Балазе, пазбегнуць лішніх страт дапамагло папярэдняе вывучэнне запытаў спажыўцоў.

Яшчэ ад большасці сумненняў пазбавілася ў працэсе навучання асновам прадпрымальніцкай дзейнасці. На такія спецыяльныя курсы, арганізаваныя за кошт сродкаў фонду садзейнічання занятасці, накіроўваюцца ўсе будучыя ўладальнікі сваёй справы. Дзмітрый займаўся на іх у анлайн-рэжыме.


Ад падарункаў да ўнікальных букетаў

Сёння ў памяшканні магазіна вочы разбягаюцца ад рознага тавару. Тут табе і пакаёвыя кветкі, розныя падарункі ад лялечных машынак да кубкаў з арыгінальнымі надпісамі, мяккія цацкі, паштоўкі, дзіцячыя і жаночыя ўпрыгожванні і іншае. Але ўвагу нязменна прыцягваюць паветраныя і геліевыя шарыкі. Ёсць тут і багаты выбар арыгінальных букетаў з шарыкаў для дзяцей і дарослых. Але больш за ўсё ўражвае вялікая папяровая скрыня, якую таксама можна запоўніць рознакаляровымі шарыкамі. Таму кожны знойдзе тут падарунак па душы для сябе, сваякоў, калег, любімых, зроблены рукамі ўладальнікаў.

 

Пачынаем з малага і рэпутацыі

– Менш за ўсё шанцаў дасягнуць поспеху ў тых, хто спадзяецца адразу на вялікія прыбыткі, – гаворыць жанчына. – Пачынаць трэба з малога, паступова нарошчваючы абароты і пакараць новыя вяршыні.

За невялікі час сваёй уласнай працы сям’я зрабіла для сябе вельмі каштоўную выснову: у прадпрымальніцтве нельга ленавацца, нават нягледзячы на тое, што табой ніхто не кіруе. На рэпутацыі ў такім выпадку можна ставіць тлусты «крыж», калі дазволіў сабе праявіць безадказнасць у выкананні любога заказу.

– Да адкрыцця магазіна даводзілася чуць пра тое, што бізнес у Беразіно – не апраўданая справа, у якой няма будучага, – расказвае Марыя. – Але пакуль мы бачым, што і ў нашым невялікім правінцыйным гарадку можна займацца прадпрымальніцтвам. І нават імкнуцца да пашырэння сваёй справы. Гэта магчыма, калі не задавольвацца дасягнутым, а асвойваць новае і сучаснае, прапануючы ўсё гэта сваім кліентам.

– З пачатку года пяць чалавек атрымалі дзяржаўную субсідыю на вядзенне прадпрымальніцкай дзейнасці, – зазначыла начальнік сектара занятасці ўпраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне Святлана Сайкоўская. – Мяркую, што гэта лішні довад для тых, хто сумняваецца распачаць сваю ўласную справу і рэалізаваць сябе. Хто ведае, можа ваша ідэя і працаздольнасць зробіць наш горад квітнеючым?

 


Мілана ТРАПЯНОК.
Фота Аляксандра БЫЧКОЎСКАГА.

Источник:
Нашли ошибку? Выделите её и нажмите CTRL + ENTER