Ці сябруеце вы з правіламі дарожнага руху?

Date 01.11.2022 Man
Comment 403
Ці сябруеце вы з правіламі дарожнага руху?

На мінулым тыдні жудаснае паведам-ленне праляцела па інфармацыйных каналах і стужках навін: у Вілейцы ў выніку дарожна-транспартнага здарэння загінула дзіця. Нагадаем яшчэ раз: на дарозе расслабляцца нельга, асабліва з наступленнем восені і памяншэннем светлага часу сутак.

З той прычыны мы звярнуліся да бярэзінцаў з пытаннямі: ці носяць яны флікеры, ці прытрымліваюцца правілаў дарожнага руху, ці вучаць дзяцей бяспечным паводзінам на дарозе?

Святлана СУРЫНАВА, выхавацель пачатковай школы:

- У нас усе дзеці са святлаадбівальнымі элементамі. Я і сама нашу флікер, і дзяцей вучу. І гутаркі праводзім з імі. І трэніруемся таксама, “хатні маршрут” распрацоўваем абавязкова, як са школы дадому ісці. Пераходзіць дарогу абавязкова па пешаходнаму пераходу, калі ёсць светлафор – на зялёнае святло. Нават калі ў цёмны час, і калі разам з бацькамі ідзеш, трэба карыстацца флікерам. У школе рэгулярна праводзіцца вывучэнне правілаў бяспекі жыцця. Карацей, я ў дадзенай тэме даўно. Паўтараем пастаянна з дзеткамі правілы.

Васіль МАРОЗАЎ, выкладчык цэнтра падрыхтоўкі:

- Флікер нашу заўсёды, бо як уласна сам вадзіцель, разумею неабходнасць і карыснасць дадзенай рэчы. У цёмны час сутак пры руху па краю праезжай часткі флікер неабходны – такі закон. Дзеці не заўсёды запамінаюць, дзе флікер патрэбна насіць, таму калі бацькі дзецям чапляюць на партфель або куртку гэта здорава. Вадзіцелю вельмі складана бачыць пешахода без флікера калі сцямнее.

Заўсёды на занятках пытаюся ў людзей, ці чытаў хто-небудзь правілы дарожнага руху пешахода? За ўвесь час толькі адна жанчына прызналася, што чытала – дзецям у школе. Нажаль, астатнія не чытаюць, вось таму часам і ідзе неаб’яўленая вайна на пешаходным пераходзе.

Ульяна ГАЛУЗА і Аліса БАНДАРЭНКА, дзяўчынкі на канікулах:

- Мы носім флікер, і правілаў дарожнага руху прытрымліваемся. І на ўроках вывучаем, і дома бацькі тлумачаць як сябе паводзіць на вуліцы, і на пешаходным пераходзе.

- А ў мяне нават уся куртка “флікерная”, свеціцца, - кажа Аліса.

- Правілы дарожнага руху прытрымліваецеся?

- Так!

- На які сігнал светлафора можна пераходзіць?

- На зялёны!

Настасся МУРАШКА, працуе ў гандлёвым цэнтры “ТрыО”:

- Флікер нашу абавязкова. Толькі з сабою зараз няма, бо дзень на вуліцы. Калі сцямнее, заўсёды з флікерам. Карыстаемся рэгулярна. І дзеці таксама, у мяне іх двое, носяць флікеры на рукзаках і на адзенні. Правілы дарожнага руху выконваем, без гэтага нельга. Пераходзім дарогу на зялёнае святло і ў дазволеных месцах. І іншым рэкамендую рабіць тое самае, не ствараць на дарозе аварыйных умоў.

Людміла ЕНІКЕЕВА, урач-педыятр:

- Флікер нашу на сумцы пастанна, на адзенні – не. На сумцы насіць зручней. Правілы дарожнага руху пастаянна выконваю. Рухаюся цераз дарогу толькі на зялёнае святло светлафора, не прыгадаць выпадку каб бегла на чырвонае. І абавязкова пераходжу толькі ў дазволеных месцах. Дзіцяці ходзіць у дзіцячы сад, таксама вучу быць асцярожным, пільным і ўважлівым на дарозе.

Аляксандр БЫЧКОЎСКІ.
Фота Алены ГРОМАВАЙ.

Источник:
Нашли ошибку? Выделите её и нажмите CTRL + ENTER