Што думаюць пенсіянеры пра надбаўку да пенсіі?

Date 24.11.2022 Man
Comment 728
Што думаюць пенсіянеры пра надбаўку да пенсіі?

Міхаіл БУРЫ, 82 гады:

- Вядома радуюць надбаўкі. Гэта такія рэчы, якія не могуць не радаваць. Жывём з жонкай разам. Пенсіі ў нас невялікія. У асноўным усё ідзе на харчовыя прадукты ды лекі. Каб дзецям і ўнукам што даць, такога не атрымліваецца. . Раней працаваў вадзіцелем у жыллёва-камунальнай гаспадарцы, ужо 20 гадоў як знаходжуся на першай групе інваліднасці.

 

 

Міхаіл СЯМАШКА, 69 гадоў:

- Чаму не быць задаволеным прыбаўкай? Зразумела, гэта добра. Пенсіі мне хапае. Нам удваіх з жонкай якраз. Жывём у прыватным доме. Пенсія большай часткай ідзе на харчаванне, але хапае, каб дзецям і ўнукам на святы зрабіць падарункі. Яны і нам дапамагаюць, калі ўзнікае патрэба. У студзені будзе 10 гадоў, як я на пенсіі, але прызнаюся, пакуль сілы ёсць, варта працаваць. Таму таксама падпрацоўваю вартаўніком. Скажу так, у прынцыпе 5 працэнтаў – нядрэнна.

 

Ганна ШУПА, 8 гадоў на пенсіі:

- Жыву з мужам у кватэры. У мяне пенсія невялікая, і пяцісот рублёў няма, таму радуюць любыя надбаўкі. Пенсія траціцца на харчаванне і камунальныя плацяжы. Дзеці дапамагаюць, малайцы. Заўважу, шмат грошай ідзе на лекі, на кропельніцы, вось і зараз накіроўваюся ў аптэку. Да пенсіі працавала ў ПМК-182, потым у спартыўнай школе. Зараз нідзе не падпрацоўваю, шмат часу правожу ў вёсцы, мама ў мяне старэнькая, трэба дапамагаць, даглядаць.

 

Анатоль ВАЛОВІК, 81 год:

- Павысілі пенсію – гэта добра, чаму не радавацца? Цяжка знайсці таго пенсіянера, якога б не абрадавала павышэнне пенсіі. Зразумела, што хацелася б можа і больш, чым 5 працэнтаў. На жыццё пенсіі хапае. Расходы стандартныя: на харчовыя прадукты, камунальныя, часам на лекі. Ільготамі ніякімі не карыстаюся. Раней працаваў у ПМК-63 (цяпер ПМС) трактарыстам, 32 гады на адным месцы, а на пенсіі ўжо больш за 20 гадоў. Так што жывём, самі спраўляемся з усім, і добра!

 

Вольга ВАЙЦЯХОВІЧ, 11 гадоў на пенсіі:

- Магло б быць і больш за 5 працэнтаў, але і гэта надбаўка радуе. Але заўважыла, што пенсіі хапае, нават магу і заначку пакінуць. Расходы ў мяне такія: камунальныя плацяжы, прадукты харчавання, аптэка. І ў трэнажорную залу трэба пахадзіць, у басейн на аэробіку – прафілактыка астэахандрозу. Дзецям і ўнукам таксама трэба што-небудзь даць на святы і дні нараджэння, выпечку зрабіць. Сама я повар, стаж у прафесіі 47 гадоў, працавала ў грамадскім харчаванні. Наогул, ведаеце, лічу так: абы было здароўе, бо калі здароўя не будзе, то і павышэнне пенсіі нават і на 100 працэнтаў нічым не дапаможа. Так што больш аптымізму, здаровага ладу жыцця. І дай Бог здароўя!

 

Аляксандр БЫЧКОЎСКІ.

Фота Алены ГРОМАВАЙ.

Источник:
Нашли ошибку? Выделите её и нажмите CTRL + ENTER