Непрыкметныя байцы высокіх ураджаяў

Date 07.12.2022 Man
Comment 583
Непрыкметныя байцы высокіх ураджаяў

Сёння, калі зіма поўнасцю стала ўладарыць і шчыльна закрыла зямельку снегам, працоўны напал у сельскагаспадарчых прадпрыемствах адчуваецца ў меншай ступені, да таго ж уся асноўная глебаапрацоўчая тэхніка пастаўлена на захоўванне ў чаканні наступнай вясны і пачатку чарговых палявых работ. А значыць на нейкі прамежак часу цэнтрам прыцягнення і работы большасці механізатараў і вадзіцеляў стануць мехмайстэрні, дзе будзе рамантавацца, аводзіцца да ладу і рэгулявацца ўся тэхніка. Канечне, спецыялісты, за якімі замацаваны той ці іншы трактар або агрэгат, у першую чаргу клапоцяцца аб належным стане свайго жалезнага сябра, але ж і працуючыя там рабочыя таксама прымаюць пры гэтым самы непасрэдны ўдзел і недарэмна ядзяць свой хлеб.

Так, у мехмайстэрнях СУП “АграМАЗ”, якія размешчаны ў аграгарадку Любушаны, такое звяно складаюць слесар Дзяніс Ахрамейка, токар Казімір Цялюк і зваршчык Васіль Венсуль.

- На работу нашай рамонтнай службы наракання у нас няма, - сведчыць намеснік дырэктара сельгаспрадпрыемства Анатоль Драздоў. – Нягледзячы на тое, што колькасць іх невялікая, з даведзенымі задачамі яны спраўляюцца якасна і своечасова, падстаўляючы назейнае плячо вадзіцелям і механізатарам, занятым на рамонце сваёй тэхнікі. Гэтая тройка поўнасцю закрывае патрэбы любушанскага ўчастка. Акрамя таго па адным слесары і зваршчыку ёсць у нас на мачаскім і васілеўшчынскім участках. А вось токар – адзін на ўсю гаспадарку.

Казімір Цялюк у “АграМАЗе” з’явіўся не так даўно – толькі сёлета. Але пра яго ўменне і  залатыя рукі тут ведалі і раней, бо не раз даводзілася звяртацца да яго па дапамогу. Так сталася, што  апошні час прафесія токара стала ў раёне надзвычай дэфіцытнай і падобных спецыялістаў можна літаральна пералічыць па пальцах. А іх жа навыкі вельмі запатрабаваны, бо які рамонт абыходзіцца без замены адпрацаваных дэталя і іх замены на толькі што вытачаныя. Вось і зараз Казімір Пятровіч быў заняты выточваннем гаек і шпілек для васілеўшчынскага кормараздатчыка.

- З прафесіяй токара я звязаны аж з 1976 года, калі паступіў пасля васьмі класаў у ПТВ. Так што за плячыма не адзін дзесятак гадоў, праведзеных за такарным станком, ёсць навыкі працы і на фрэзерным. Вытачыць магу любую дэталь, не толькі па чарцяжы, а і па макеце, як гэта часцей за ўсё бывае. Жыву ў Беразіно, а сюды прывозяць транспартам гаспадаркі. Дарэчы, любушанскія мясціны для мяне маюць сваю прыцягальнасць, бо родам з Быковіч быў мой дзе. Так што чужым сябе тут не адчуваю.

Работы Казіміру Цялюку хапае штодзень, бо ён – вельмі запатрабаваная асоба. Акрамя “АграМАЗа” ён з’яўляецца яшчэ токарам і ў аўтапарку №22, праўда на палову стаўкі. Не адмаўляецца ў нерабочы час прыйсці на дапамогу і прадстаўнікам іншых арганізацый і прадпрыемстваў раёна, дзе адсутнічаюць падобныя спецыялісты. Сумленне не дазваляе кінуць іх у бядзе.

На работу ў Любушаны транспартам гаспадаркі дабіраецца і Дзяніс Ахрамейка. Праўда, не з Беразіно, а з Вяшэўкі. Ранейшым яго рабочым месцам было ААТ “Пагосцкі”, працаваў механізатарам. Але потым верх узяла цяга да слясарнай справы. Так і аказаўся ў “АграМАЗе”. Без спраў сядзець не даводзіцца ніколі. Асабліва напружаным перыядам з’яўляецца вясна-лета-восень – час правядзення асноных сельскагаспадарчых кампаній. Тады даводзіцца і з работы пазней ісці, і быць у пастаяннай гатоўнасці разам з рамонтным звяном выехаць у поле і там у самыя сціслыя тэрміны выправіць паломку. Ды і зараз, з пачаткам часу падрыхтоўкі тэхнікі да вясны, таксама сумаваць не даводзіцца: трэба разам з механізатарамі перагледзець кожны агрэгат і рухавік, адладзіць належным чынам, каб потым працаваў ён без паломак увесь сезон.

- Працуем аберуч з механізатарам і не дзелім свае абавязкі. Ён заўсёды пільна сочыць за якасцю рамонту, каб не было недапрацовак, якія затым могуць вылезці яму бокам у самы непадыходзячы час. Ды і з тэрмінамі марудзіць не ў яго інтарэсах: чым хутчэй завершаны рамонт, тым хутчэй вожна выехаць у рэйс, а значыць і больш зарабіць. На нашым сумленні (я маю на ўвазе рамонтнікаў) таксама давядзенне да ладу і ўсіх прычапных і навясных агрэгатаў. Карацей кажучы, мы рамантуем усё што рухаецца і цёгаецца за ім. Зацікаўленасць у тым, каб рамонт быў выкананы з высокай якасцю, у нас самая прамая: чым менш паломак затым будзе, тым менш і нам давядзецца пальцы збіваць, губляць час, а гаспадарцы траціць дадатковыя сродкі.

На жаль, праца рамонтнікаў вельмі часта застаецца ў цяні. Яны не з’яўляюцца лідарамі спаборніцтва і героямі вялікіх намалотаў. Але ці магчымыя яны без карпатлівай і непрыметнай працы слесараў, токараў, зваршчыкаў?..

Анатоль ПАЛЫНСКІ.

Фота аўтара.

 

 

Источник:
Нашли ошибку? Выделите её и нажмите CTRL + ENTER