На свята – прэм’ер багата

Date 20.12.2022 Man
Comment 481
На свята – прэм’ер багата

Менавіта гэтай прыемнай навіной і пачнём мы матэрыял. Сапраўды, да канца года кінатэатр “Юбілейны” прапануе бярэзінскім гледачам шмат прэм’ер, якія стануць добрым падарункам аматарам кіно напярэдадні навагодніх і калядных свят. Гэта ўпадабаны ўжо серыял “Ёлкі-9”, акрамя таго, такія мастацкія і анімацыйныя стужкі, як “Маша і Мядзведзь у кіно”, “Шчаўкунчык і чароўная флейта”, “Чук і Гек. Вялікае падарожжа”, “Тайны Санты”, “Ёлкі-палкі”, “Іван-царэвіч і Шэры Воўк-5”.

Асобна для дарослай аўдыторыі будзе паказаны наш беларускі фільм “Аліўе”. Прэм’ерным стане і фільм “Чабурашка”, які стартуе з 1 студзеня наступнага года. Усе фільмы поўняцца дабрынёй, нашым гумарам, відовішчныя і заслугоўваюць толькі добрых слоў. Іх варта паглядзець. І вельмі прыемна, што да нас вяртаецца цудоўнае кіно.

– Спадзяёмся, што такі “букет” прэм’ер стане добрай нагодай для бярэзінцаў у час свят прыйсці да нас адпачыць усёй сям’ёй і атрымаць асалоду ад сумеснага прагляду фільма на вялікім экране, - уступае ў размову дырэктар аддзела па кінаабслугоўванні насельніцтва Бярэзінскага раёна КУП “Мінаблвідэапракат” Ірына Рамановіч.

– У Год гістарычнай памяці асабліва важна данесці моладзі праўду пра генацыд беларускага народа ў час Вялікай Айчыннай вайны і паказаць кіно для захавання памяці пра яе і подзвіг шматнацыянальнага савецкага народа, - дадае Ірына Міхайлаўна. - У сувязі з гэтым сёлета ў красавіку Міністэрства культуры ў рамках мерапрыемстваў да Года гістарычнай памяці распрацавала праграму фільмаў для школьнікаў “Тры ўрокі гісторыі ад “Беларусьфільма”.

Праект знайшоў сваю зацікаўленасць у бярэзінскіх школьнікаў і на яго прагляд прыйшло звыш 1250 чалавек. А ў жніўні 2022 года Міністэрствам культуры і Міністэрствам адукацыі Рэспублікі Беларусь быў падпісаны сумесны план мерапрыемстваў па наведванні навучэнцамі ўстаноў адукацыі тэматычных паказаў фільмаў па патрыятычным выхаванні ў 2022/2023 навучальным годзе.

У рамках ажыццяўлення праекта з верасня па лістапад мы правялі 30 кінасеансаў, якія наведалі зноў жа больш за тысячу чалавек. Дэманструюцца стужкі з серыі “Залатая калекцыя” выпуску мінулых гадоў, у тым ліку і чорна-белыя. Гэта фільмы “Зімародак”, “Іван”, “Я родам з дзяцінства”, “У жніўні 44-га”, “Вянок санетаў”. Названыя фільмы, створаныя яшчэ ў 70-ыя гады ХХ стагоддзя і поўныя духу таго часу, школьнікі глядзяць з вялікай цікавасцю. І гэта вельмі радуе.

У рэпертуары бярэзінскіх спецыялістаў кінавідэапракату не толькі мастацкія стужкі. Нямала тут ёсць і дакументальных фільмаў - больш як па 20 тэмах.

У іх ліку – па патрыятычным выхаванні (прысвечаныя дзяржаўнай сімволіцы, станаўленню суверэннай Беларусі), аб культуры і мінуўшчыне нашай краіны, накіраваныя на пераадоленне антыграмадскіх з’яў, прысвечаныя бяспецы жыцця і г.д. Іх прагляд даступны для любой аўдыторыі ў любым вытворчым калектыве. Найбольш цесны кантакт наладжаны з педкалектывамі школ і ўпраўленнем па адукацыі, спорце і турызме райвыканкама.

Дэманстрацыя тэматычных фільмаў асобным катэгорыям жыхароў раёна запланавана і на наступны год. Так, намеснікам старшыні райвыканкама Вольгай Калячка падпісана пагадненне аб дэманстрацыі ўжо пачынаючы з канца 2022 года фільмаў залатой калекцыі сумесна з БРСМ.

У рэпертуар уваходзяць стужкі, якія маюць высокі маральны патэнцыял для фарміравання сапраўдных каштоўнасцей у сучаснай моладзі. Першым паказаным фільмам стаў “Падрыў”, нашай беларускай выторчасці.

- Налета мы будзем таксама мэтанакіравана працаваць з установамі сістэмы аховы здароўя і сацыяльнай абароны, - працягвае Ірына Рамановіч. - Так, у рамках акцыі “Нашы дзеці” мяркуем у педыятрычным аддзяленні рай-бальніцы паказаць дзецям бясплатна фільм. Падобныя бясплатныя тэматычныя паказы будзем ладзіць і для іншых катэгорый людзей.

А яшчэ для паляпшэння якасці абслугоўвання наша кіраўніцтва набывае новае абсталяванне пад назвай “Віртуальная рэальнасць”. Гэта больш крута, чым 5Д, хаця і ад яго мы не адмаўляемся.

У нас ёсць жаданне паказваць добрае кіно, мы чакаем такія фільмы і нам іх абяцаюць. Будзем рады бачыць вас на такіх праглядах. А стварыць належныя ўмовы і падарыць радасць ад прагляду – наша найпершая задача. З ёй вось ужо на працягу многіх гадоў выдатна спраўляецца наш калектыў, у якім працуюць такія спецыялісты, як касір Людміла Акуліч, кінамеханік Святлана Карань, адміністратар Вольга Епіфанава, інжынер Сяргей Юрчанка, кантралёр Ала Смаргун, відэадэманстратар Дзіяна Ачыновіч. Заходзьце, час прэм’ер наступіў!

Анатоль ПАЛЫНСКІ.
Фота аўтара.

Источник:
Нашли ошибку? Выделите её и нажмите CTRL + ENTER